Паводле дадзеных экзыт-полаў, на прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы кандыдат ад клерыкальна-кансэрватыўнай апазыцыі Анджэй Дуда набірае найбольшую колькасьць галасоў у першым туры і такім чынам сутыкнецца зь дзейным прэзыдэнтам Браніславам Камароўскім 24 траўня ў другім туры.
Гэта стала сюрпрызам нядзельных выбараў 10 траўня. Паводле папярэдніх дадзеных, Дуда, які прадстаўляе партыю «Права і справядлівасьць», дзе лідэрам быў Лех Качыньскі, які загінуў у авіякатастрофе ў Смаленску, выйграў 34,8 працэнта галасоў, тым часам як Камароўскі набраў 32,2 працэнта, паведамляе цэнтр Ipsos. Ніякія афіцыйныя вынікі пакуль не апублікаваныя.
Анджэй Дуда нарадзіўся ў 1972 годзе ў Кракаве. Скончыў Горную акадэмію, дзе яго бацькі былі прафэсарамі. У 2004 годзе абараніў доктарскую дысэртацыю па адміністрацыйным праве ў Ягелонскім унівэрсытэце. У 2005 годзе стаў дарадцам парлямэнцкага клюбу партыі «Права і справядлівасьць». Быў намесьнікам міністра юстыцыі.
Камароўскі, якому 62 гады, вёў сваю выбарчую кампанію на аснове заклікаў да ўмацаваньня нацыянальнай бясьпекі. Ён адлюстроўваў занепакоенасьць выбарцаў тым, што Польшча можа стаць наступнай мэтай Расеі для ваеннага ўварваньня пасьля ўмяшаньня Крамля на Ўсходняй Украіне і незаконнай анэксіі Крыму.
Павал Кукіз — рок-музыка, стаў трэцім, набраўшы 20,3 працэнта. Вынікі другога туру, хутчэй за ўсё, будуць залежаць ад таго, за каго прагаласуюць прыхільнікі Кукіза.
Камароўскі, зьвяртаючыся да прыхільнікаў, якія сабраліся на нацыянальным стадыёне ў Варшаве, каб адсьвяткаваць чаканую перамогу, сказаў, што паспрабуе паўторна знайсьці кантакт з тымі выбарцамі, што расчараваліся ў прэзыдэнце.
У рамках існуючага ў Польшчы дзяржаўнага ладу прэм’ер-міністар мае больш паўнамоцтваў, чым прэзыдэнт. Але прэзыдэнт мае ўплыў як кіраўнік узброеных сілаў, а таксама мае права голасу ў зьнешняй палітыцы і права вэта пры зацьвярджэньні заканадаўства.
У прэзыдэнцкіх выбарах у Польшчы ў нядзелю балятавалася 10 кандыдатаў. Пры адсутнасьці пераможцы, які набірае 50 працэнтаў галасоў у першым туры, праводзіцца другі.