Штогадовае творчае спаборніцтва БАЖ прысьвячае Ўсясьветнаму дню свабоды прэсы, які адзначаецца 3 траўня. Удзел у конкурсе ўзялі журналісты незалежных сродкаў масавай інфармацыі зь Менску і рэгіёнаў Беларусі.
Прэміі атрымалі пераможцы ў пяці намінацыях: «Інфармацыя», «Аналітыка», «Мастацкая публіцыстыка», «Журналісцкае расьсьледаваньне», «Дэбют». На перамогу прэтэндавалі дваццаць пяць журналістаў незалежных СМІ, усяго ж на ўдзел у конкурсе былі дасланыя 200 працаў ад 70 аўтараў.
Адкрываючы цырымонію ўзнагароджаньня, старшыня журы Юрась Карманаў адзначыў, што для незалежных журналістаў няма табуяваных тэмаў, яны пішуць пра самыя розныя праблемы, ад карупцыі чыноўнікаў і да перасьледу геяў. Ён таксама заклікаў журналістаў да салідарнасьці ў год прэзыдэнцкіх выбараў, каб вольнае слова не было аплачана дарагой цаной.
Старшыня БАЖу Андрэй Бастунец нагадаў, што гэты конкурс быў задуманы восем гадоў таму:
«За гэты час мы ўручалі прэміі за мужнасьць і адданасьць у прафэсіі, за працу журналістаў у складаных умовах. Але пасьля паўстала пытаньне творчага конкурсу, каб ацэньваць журналістаў паводле стандартаў прафэсіі. І сёньня мы ўзнагароджваем пераможцаў менавіта творчага конкурсу. Гэтая ўзнагарода асабліва значная, бо апошнімі гадамі адбылася значная дэвальвацыя прафэсіі. Мы бачым, як працуе расейская прапаганда і на Ўкраіне, і на Беларусі. Гэтым конкурсам мы нагадваем пра стандарты і прафэсіяналізм у журналістыцы».
У выніку перамогу атрымалі:
у намінацыі «Інфармацыя» — Зьміцер Лукашук за публікацыю «Пры дапамозе Эўрарадыё з палону вызваленыя 8 украінскіх вайскоўцаў»
у намінацыі «Аналітыка» — за артыкул «Скованные одной цепью»
у намінацыі «Мастацкая публіцыстыка» — Зьміцер Галко за артыкул «Кібаргі» — хлопцы з суседняга двара
у намінацыі «Журналісцкае расьсьледаваньне» — Ягор Марціновіч за артыкул «Дразды № 2: поўны сьпіс чыноўнікаў, якім раздалі зямлі на $10 мільёнаў»
у намінацыі «Дэбют» — Раман Стэфаненка за артыкул «Ствараецца „Белы легіён“»
Адзін з намінантаў Ёсіф Сярэдзіч — галоўны рэдактар газэты «Народная Воля», якая сёлета адзначае 20-годзьдзе, — свой удзел у конкурсе пракамэнтаваў гэтак:
«Нашай журналісцкай гільдыі перадусім неабходная школа. І вось праз такія конкурсы вызначаецца лепшае майстэрства нашых калегаў. Менавіта для большасьці сябраў БАЖу — гэта своеасаблівыя арыенціры: з каго браць прыклад, якім чынам разьвіваць нашу айчынную незалежную журналістыку».
Сярод пераможцаў конкурсу БАЖ і аўтар Свабоды Севярын Квяткоўскі.