Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хакей пад знакам «Пагоні»


Хакейная майка з Пагоняй. Дэманструе Аляксандар Старыкевіч
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:23 0:00
Наўпроставы лінк

Хакейная майка з Пагоняй. Дэманструе Аляксандар Старыкевіч

2 траўня пад кіраўніцтвам чарговага трэнэра — канадзкага спэцыяліста Дэйва Льюіса — зборная Беларусі выйдзе на лядовую арэну ў чэскай Астраве на прынцыповы матч з камандай Славеніі. Менавіта славенцы не пусьцілі зборную Беларусі на Алімпіяду-2014 у Сочы, і цяпер ёсьць шанец рэабілітавацца перад заўзятарамі.

Іншыя супернікі беларусаў у групе «В» — Фінляндыя, Расея, ЗША, Славаччына, Нарвэгія, Данія. У групе «А» выступаюць каманды Швэцыі, Чэхіі, Канады, Швайцарыі, Латвіі, Францыі, Нямеччыны, Аўстрыі. Чэмпіянат сьвету завершыцца 17 траўня.

Каб трапіць у лік мацнейшых, беларускім заўзятарам, гульцам, спэцыялістам давялося чакаць шэсьць гадоў. Пачынаючы ад 1992-га, калі Беларусь была прынятая ў Міжнародную фэдэрацыю хакея, дарога да мэты суправаджалася сітам адбораў і пасьлядоўным праходам празь мінорныя турніры ў групах С і В.

Для хакейнага заўзятара, журналіста Аляксандра Старыкевіча памятка пра тыя часы — рарытэтная майка хакеіста зборнай Беларусі ўзору першай паловы 1990-х. Форму беларусам вырабіла ўсясьветна вядомая кампанія Reebok. Нават праз два дзясяткі гадоў яна цешыць вока ўдалым спалучэньнем колеравай гамы і нацыянальнай атрыбутыкі. Як кажа суразмоўца, майку з нумарам 17 ён атрымаў ад сябра з хакейных колаў, але ў цяперашніх варунках ягоны піяр можа мець непажаданыя наступствы:

«Вось у такіх майках зборная Беларусі па хакеі выступала ў першай палове 1990-х. Майку я атрымаў як падарунак на дзень нараджэньня ад сябра. Праўда, здарылася гэта ўжо крыху пазьней, пасьля сумна вядомага рэфэрэндуму. У тыя часы мне ўдалося наведаць тры турніры: 1996 год — Эйндговэн, тады яшчэ група „В“, 1997 год — вырашальныя гульні ў Катавіцах, калі зборная Беларусі ўпершыню трапіла ў эліту ўсясьветнага хакею, ну, і ўласна 1998 год — дэбют на чэмпіянаце сьвету ў Швайцарыі ў кампаніі наймацнейшых зборных плянэты».

Аляксандар Старыкевіч з хакейным рарытэтам
Аляксандар Старыкевіч з хакейным рарытэтам

Ад 1991 году, калі дзяржаўнымі сымбалямі ў Беларусі афіцыйна былі абвешчаныя бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня», нацыянальныя каманды ў розных дысцыплінах распачалі пераход да формы з адроджанай сымболікай. Найбольш апэратыўна адрэагавалі хакеісты, якія заявілі пра свае амбіцыі на міжнароднай арэне. Густоўна выкананая форма — лішняе таму пацьверджаньне. Зрэшты, з-за неразваротлівасьці і адсутнасьці фінансаваньня многія абеларусіцца так і не пасьпелі і пасьля траўня 1995-га лёгка вярнуліся да чырвона-зялёнага спалучэньня пэрыяду савецкай Беларусі.

Аляксандар Старыкевіч перакананы, што «Пагоня» на тагачаснай форме эстэтычна шмат выйграе, калі параўноўваць зь цяперашнім «вянком», запазычаным з бээсэсэраўскіх часоў:

«Тут нават і асаблівых пытаньняў быць ня можа. Вядома, мой погляд суб’ектыўны, бо я ў прынцыпе даўні прыхільнік нашай гістарычнай сымболікі. Але мне падаецца, што нават калі абсалютна незалежнаму чалавеку пакласьці побач два варыянты формы, то зь вялікай доляй імавернасьці ён абярэ майку з «Пагоняй».

Калі пра вяртаньне гістарычнай сымболікі апошнія два дзясяткі гадоў на афіцыйным узроўні гаворка нават не ідзе, то іншыя прыкметы беларусізацыі сяк-так зьяўляюцца: беларускія надпісы на майках, камэнтаваньне па-беларуску ў тэлеэфіры і на асобных стадыёнах, камандныя сайты і г.д.

Як заўважае спадар Старыкевіч — кропля ў моры «русского мира»:

«Вядома, гэта ня можа ня радаваць, хоць, безумоўна, ня трэба нічога перабольшваць, карыстаючыся такімі моцнымі словамі. як „вяртаецца, укараняецца“. Але тое, што ёсьць пэўныя кропкавыя моманты, дзе мы сапраўды бачым большую ляяльнасьць з боку ўлады ці прынамсі адсутнасьць рэпрэсіяў за тыя ж вышыванкі, за тую ж беларускую мову, дык, зразумела, гэта лепш, чым было б інакш. Іншая справа, што гэта абсалютна нармальны стан для любой краіны, і хваліць за гэта кагосьці досыць дзіўна. Бо тое, што мы маем, гэта яшчэ кропля ад таго, што павінна быць».

Тым часам усё больш спартоўцаў прыхільна выказваюцца і пра мову, і пра гістарычную сымболіку.

Ці можна канстатаваць, што ў сьвядомасьці людзей хоць памалу, але адбываюцца пэўныя зрухі да беларушчыны?

«У сьвядомасьці заўсёды нешта адбываецца, пытаньне толькі ў тым, што ў кожнага ў свой бок. І я ня пэўны, што сёньня мы ўжо маем дастатковыя падставы, каб вызначыць пазытыўную тэндэнцыю на карысьць мовы, нацыянальнай сымболікі і г.д. Добра, што ёсьць такія прыклады, як Талай ці Герасіменя, але іх пакуль няшмат. Разам з тым існуюць людзі іншых поглядаў: той жа гандбаліст Сяргей Рутэнка кажа, што яму больш падабаецца чырвона-зялёная сымболіка. Зрэшты, гэта пытаньне густу, і, магчыма, у іншай сытуацыі меркаваньняў было б больш — маю на ўвазе, каб было нармальнае стаўленьне з боку дзяржавы да абодвух варыянтаў. А як гэтага няма, то мы і маем за нейкі грамадзянскі подзьвіг, калі нехта з публічных асобаў пра гэта кажа на шырокую аўдыторыю».

Дарэчы, у нешматлікай кагорце сьвядомых спартоўцаў зусім няма хакеістаў. Чаму? Аляксандар Старыкевіч кажа, што ў адсутнасьць публічных заяваў ад прадстаўнікоў таго ці іншага віду спорту рабіць агульныя высновы не зусім карэктна:

«Ня ведаю, больш сьвядомых у хакеі ці менш, бо ўсё ж гэта выпадкі не такія частыя, каб выводзіць нейкую статыстыку. Магчыма, проста не было такіх гучных публічных заяваў з боку хакеістаў на гэты конт, але я спадзяюся, што і ў гэтым відзе спорту ёсьць хлопцы, якія станоўча ставяцца да нацыянальнай сымболікі».

У такой форме нацыянальная зборная будзе гуляць на чэмпіянаце сьвету – 2015
У такой форме нацыянальная зборная будзе гуляць на чэмпіянаце сьвету – 2015

Ёсьць спадзяваньне, што форма з „Пагоняй“ зноў вернецца на спартовыя пляцоўкі?

«Шмат хто на гэта спадзяецца, хоць, як кажуць, толькі жыцьцё пакажа, што і як будзе. Ці, дакладней, як кажуць хакеісты, лёд пакажа. У любым выпадку, як падаецца асабіста мне, варыянт з „Пагоняй“ значна больш прывабны і выкананы з большым густам, чым сёньняшняя форма нашай нацыянальнай каманды — калі казаць менавіта пра хакей».

Сёлетняе хакейнае першынства ў Чэхіі выклікала сур’ёзны глядацкі ажыятаж: чэскія заўзятары — адны з самых адданых сваёй камандзе і заўсёды чакаюць ад яе максымальнага выніку. На матчы з удзелам гаспадароў квіткоў ужо няма, «перакупы» прадаюць іх са шматразовай накруткай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG