Рэстаранна-забаўляльны комплекс «Бульбаш-хол», вядомы праз скандал з захопам тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў, рыхтуецца да адкрыцьця.
Пра гэта паведамляюць незалежныя сродкі масавай інфармацыі. Каб зьняпраўдзіць ці пацьвердзіць гэты факт на месцы, карэспандэнтка Свабоды выправілася да «Бульбаш-холу».
«Бульбаш-хол» паўстае за закратаванай мэталёвай агароджай і замаскаваны цёмна-зялёнай сеткай. З боку Курапатаў да рэстаранна-забаўляльнага комплексу найбліжэй: чатыры дамы, пабудаваныя на тэрыторыі, якая яшчэ нядаўна належала ахоўнай зоне ўрочышча, падступаюць да саміх курапацкіх крыжоў.
Агароджы тут амаль няма, і тэрыторыя камэрцыйнай забудовы як на далоні: канструкцыі дзіцячай пляцоўкі, чыстыя асфальтавыя дарожкі, у вокнах — абрысы ўпакоўкі ці абсталяваньня.
Уся тэрыторыя прыбраная і дагледжаная, затое за некалькі крокаў ад агароджы — пустая пляшка ад гарэлкі.
Актыўных працаў не вядзецца, але стаіць невялікі экскаватар, некалькі легкавікоў.
Будаўнік у працоўным адзеньні, які снуе паміж пабудовамі, — адзіны чалавек, якога відаць на тэрыторыі рэстарана.
Іду да яго, хачу папрасіць, каб паспрыяў сустрэчы з кіраўніцтвам установы ці прадстаўнікамі адміністрацыі. Аднак працаўнік, пагрозьліва запытаўшы: «Што вы тут робіце?!» і не зважаючы на дакумэнты і тлумачэньне, выклікае ахову.
Ахоўнік, які назваўся Андрэем, пытаньняў не задае, але вырывае з рук журналісцкае пасьведчаньне. Разам з жанчынай, якая адмовілася сябе назваць, вяртаюць дакумэнт толькі пры ўмове выдаленьня ўсіх фатаздымкаў «з крыжамі», на якіх таксама фігуруюць дамы, збудаваныя на колішняй курапацкай тэрыторыі. Ад якіх-колечы камэнтароў уся тройца адмаўляецца, а на ўсе пытаньні гучыць адзін і той жа адказ: «Вы на прыватнай тэрыторыі».
Пытаньне, ці даўно ахоўная зона Курапатаў стала «прыватнай тэрыторыяй», застаецца без адказу. Закратаваныя вароты зачыняюцца — «Бульбаш-хол» працягвае жыць сваім таямнічым жыцьцём.