Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты спрабуюць абараніць Курапаты праз суд. Пакуль беспасьпяхова


Будынкі забаўляльнага комплексу побач з Курапатамі
Будынкі забаўляльнага комплексу побач з Курапатамі

26 сакавіка Менскі гарадзкі суд разгледзіць касацыйную скаргу грамадзкіх актывістаў у справе абароны Курапатаў. Яны просяць адмяніць рашэньне суду Цэнтральнага раёну, які адмовіўся прыняць пазоў грамадзкіх актывістаў да Міністэрства культуры.

Адзін з заяўнікаў, журналіст Марат Гаравы, паведаміў Свабодзе падрабязнасьці справы:

Марат Гаравы
Марат Гаравы

«Сёлета ў студзені група грамадзкіх актывістаў зьвярнулася ў суд Цэнтральнага раёну Менску з пазовам да Міністэрства культуры за бязьдзеяньне ў справе абароны Курапатаў. Гаворка вядзецца пра бязьдзеяньне Міністэрства культуры ў справе кантролю за выкананьнем прадпісаньня Генэральнай пракуратуры ад 12 лістапада 2012 году, якое абавязвае забудоўнікаў забаўляльнага комплексу „Бульбаш-хол“ зьнесьці чатыры дамы, незаконна ўзьведзеныя ў ахоўнай зоне Курапатаў. Як вядома, забудоўнік і дзяржаўныя органы не абскарджваюць законнасьць гэтага прадпісаньня, аднак яно не было выканана. Паводле ж дзейнага заканадаўства Міністэрства культуры абавязанае кантраляваць і актывізаваць працу ўсіх дзяржаўных і недзяржаўных органаў і службаў дзеля захаваньня законнасьці ў справе абароны гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, у гэтым выпадку — урочышча Курапаты.

Судзьдзя суду Цэнтральнага раёну Менску Іван Майсейчык адмовіўся прыняць пазоў грамадзкіх актывістаў да Міністэрства культуры, патлумачыўшы адмову тым, што грамадзяне ня маюць права абскарджваць пастановы дзяржаўных органаў. У нашым выпадку гаворка вядзецца пра пастанову Міністэрства культуры ад 1 сьнежня 2014 году, якой былі зьмененыя межы ахоўных зонаў Курапатаў. Аднак мы ў сваім пазове названую пастанову Мінкульту і не абскарджваем. Суд фактычна сказіў зьмест і сэнс нашага пазову і адмовіўся яго прыняцьць з надуманых прычынаў. Акрамя таго, адмовіўшыся распачаць судовую вытворчасьць, пазбавіў нас права на абарону празь незалежны суд, гарантаваную артыкулам 60 Канстытуцыі краіны. Таму мы просім суд вышэйшай інстанцыі — Менскі гарадзкі суд — адмяніць рашэньне суду Цэнтральнага раёну Менску і накіраваць пазоў на разгляд таго ж суду першаснай інстанцыі. Разгляд касацыйнай скаргі адбудзецца ў чацьвер, 26 сакавіка».

Грамадзкія актывісты таксама зьвярталіся ў суд з пазовам да Генэральнай пракуратуры за бязьдзеяньне ў справе кантролю за выкананьнем гэтага ж свайго прадпісаньня ад 12 лістапада 2012 году. Аднак у задавальненьні пазову ім было адмоўлена.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG