Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пад Віцебскам знайшлі масавае пахаваньне людзей ВІДЭА


"Віцебскія Курапаты": Чалавечыя косткі – амаль у кожнай яміне
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:12 0:00
Наўпроставы лінк

Віцебскія актывісты зьбіраліся сёньня правесьці талаку на ўскрайку лесу каля вёскі Хайсы ў Віцебскім раёне. Сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў і ягоныя аднадумцы пэўныя, што ў гэтых мясьцінах адбываліся расстрэлы ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. У прыватнасьці пра расстрэлы, якія адбываліся тут у 1930-х гадах, згадваюць мясцовыя жыхары.

Менавіта ад іх спадар Дзяржаўцаў пачуў, што ў лесе ляжаць непахаваныя чалавечыя парэшткі. У лістападзе мінулага году пра «віцебскія Курапаты» даведалася грамадзкасьць — калі актывісты і журналісты выбраліся ў той лес і ўбачылі вялікія яміны з чалавечымі косткамі і чарапамі.

У той самы дзень некалькі актывістаў напісалі звароты ў Сьледчы камітэт, міліцыю і пракуратуру, каб зрабіць праверку. Пасьля гэтага некалькі знойдзеных чарапоў ды іншыя парэшткі забралі на экспэртызу — спачатку ў Віцебск, а потым у Менск.

На месцы, дзе знайшлі парэшткі, Ян Дзяржаўцаў і ягоныя сябры ўсталявалі некалькі крыжоў. Бо хто б ні былі тыя людзі, якія тут загінулі, яны вартыя памяці нашчадкаў.

Барыс Хамайда знайшоў яму з чалавечымі парэшткамі
Барыс Хамайда знайшоў яму з чалавечымі парэшткамі

А калі сёньня актывісты прыехалі добраўпарадкаваць самаробны мэмарыял, то натрапілі на яміну, у якой з-пад жвіру вытыркаюцца дзясяткі костак — нібыта людзей закопвалі тут шэрагамі, адзін над адным. Яшчэ частка чалавечых костак была складзеная асобна — ужо хтосьці выкапаў іх зь зямлі і прыкрыў яловымі галінамі, кажа Ян Дзяржаўцаў:

«Сама яміна мэтраў сем на два з паловай, і ў глыбіню мэтра паўтара. Падобна, што ў гэтай яміне былі пахаваныя чалавек 50. Праўду змогуць сказаць толькі дасьледчыкі, сьледчыя, калі яны тут будуць капаць і гэтыя парэшткі выкопваць. Мы іх заўважылі толькі цяпер, бо яны былі ўжо адкапаныя, пакрытыя лісьцем і яловымі лапкамі ды сабраныя ў кучкі».

Актывісты не бяруцца сказаць, хто гэта мог зрабіць. Можа, гэта былі «чорныя капальнікі». Але ім косткі не цікавыя, і таму незразумела, навошта было іх так акуратна складаць у асобнае месца. Ян Дзяржаўцаў не выключае, што тут маглі папрацаваць і нейкія спэцслужбы. Але яны не забралі ні парэшткі для нейкіх досьледаў, ні фрагмэнты адзеньня і абутку, якія таксама ёсьць у ямах. На абутку захаваліся фабрычныя клеймы — 1936-ы, 1937-ы гады, не пазьней. Значыцца, наўрад ці выпадае меркаваць, што ў гэтым лесе пахаваныя ахвяры Вялікай Айчыннай вайны. І выснова, да якой чарговы раз прыйшлі віцебскія актывісты, — зноў пра сталінскія расстрэлы. Адпаведна, яны хочуць дамагчыся, каб у лесе пад вёскай Хайсы была праведзена самая пільная праверка, кажа спадар Дзяржаўцаў:

«Мы сёньня ж напішам заяву ў Сьледчы камітэт, падпішамся ўсе прысутныя, хто гэта бачыў. Але па ранейшым нашым звароце так нічога і не вядома. Два месяцы таму нам сказалі, што праверка ўзноўлена і што нам паведамяць вынікі экспэртызы тых парэшткаў, якія цяпер знаходзяцца на дасьледаваньні ў Менску».

Страшная знаходка
Страшная знаходка

Таксама знайшліся фрагмэнты адзеньня і абутку
Таксама знайшліся фрагмэнты адзеньня і абутку

Актывісты кажуць, што гатовыя зрабіць усё, каб даведацца праўду пра гэтыя чалавечыя парэшткі і пра трагічныя падзеі, матэрыяльнымі сьведчаньнямі якіх засталіся чарапы з кулявымі адтулінамі. Жыхары бліжэйшых вёсак ужо былі спрабавалі дамагчыся праўды — яшчэ ў 1990-я гады яны зьвярталіся ў мясцовы сельсавет, міліцыю і да праваслаўнага сьвятара, каб нарэшце зрабіць парадак і каб чалавечыя парэшткі не ляжалі раскіданымі па лесе. У сельсавеце абяцалі «разабрацца», але косткі і чарапы па-ранейшаму можна знайсьці ў гэтым лесе. Мабыць, упершыню на іх сапраўды натрапілі «чорныя капальнікі», але пахаваць расстраляных тут людзей па хрысьціянскім звычаі дагэтуль ніхто не парупіўся.

Так было аж да мінулай восені, пакуль у лесе каля вёскі Хайсы не зьявіўся першы асьвячоны крыж і не прайшла першая памінальная служба. Сёньня, прыбраўшы сьмецьце вакол імправізаванай братняй магілы ды мэмарыяльных крыжоў, якіх тут ужо пяць, віцебскія актывісты зноў памаліліся за супакой душаў тых людзей, якія згінулі ў гэтым лесе.

На падэшве дата – 1936
На падэшве дата – 1936

Знойдзеныя парэшткі зноў акуратна прыкрылі яловымі галінкамі, бо нічога чапаць у гэтым месцы нельга да заканчэньня сьледчых дзеяньняў. Фрагмэнты абутку і адзеньня, а таксама чалавечыя косткі, якія адкрыта ляжаць у некалькіх ямах, прысутныя сфатаграфавалі, каб далучыць гэтыя здымкі да чарговай заявы ў Сьледчы камітэт, міліцыю і пракуратуру.

У гэтай яме – парэшткі паўсотні чалавек, лічаць актывісты
У гэтай яме – парэшткі паўсотні чалавек, лічаць актывісты

Супольная малітва каля сымбалічнай брацкай магілы
Супольная малітва каля сымбалічнай брацкай магілы

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG