У 2014 годзе сытуацыя са свабодай прэсы ў сьвеце сур’ёзна пагоршылася. Пра гэта гаворыцца ў новым дакладзе праваабарончай арганізацыі Freedom House — «Свабода прэсы-2015» (Freedom of the Press), якая ацаніла сытуацыю ў 199 дзяржавах.
Як адзначаюць аўтары, сытуацыя ў сьвеце пагаршаецца апошнія дзесяць гадоў, прычым у апошні час нэгатыўныя працэсы паскорыліся. Цяпер толькі 14% жыхароў Зямлі жывуць у дзяржавах, дзе прэса здольная сумленна выконваць свае абавязкі (усяго 63 дзяржавы), 44% — у краінах, якія аднесены да катэгорыі «несвабодных» (71 дзяржава) і 42% — у " часткова свабодных" (65 дзяржаваў і тэрыторый).
Як адзначаецца ў дакладзе, у мінулым годзе пазытыўныя зьмены адбыліся толькі ў 8 краінах сьвету, а нэгатыўныя — у 18-ці (гэта, адпаведна, рэкордна нізкі і рэкордна высокі вынікі).
Найбольшы рэгрэс прадэманстравалі Лівія, Тайлянд, Паўднёвы Судан, Эгіпет і Грэцыя.
У дзясятку дзяржаў і тэрыторый, дзе існуе найгоршы для СМІ рэжым, увайшлі: Беларусь, Крым, Куба, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Іран, Паўночная Карэя, Сірыя, Туркмэністан і Узбэкістан.
Да гэтай жа катэгорыі Беларусь была аднесеная і ў леташнім дакладзе.
Найбольшы прагрэс адзначаны ў Тунісе, М’янме (Бірме), Кот д’Івуары і Конга.
Першыя дзесяць месцаў у рэйтынгу занялі Нарвэгія, Швэцыя, Бэльгія, Фінляндыя, Нідэрлянды, Данія, Люксэмбург, Андора, Швэйцарыя і Ліхтэнштэйн — у іх СМІ маюць найбольшую свабоду.
Аўтары дакладу крыху панізілі рэйтынг ЗША, у сувязі з падзеямі ў горадзе Фэргюсан і перасьледам людзей, якія забясьпечылі ўцечку сакрэтнай інфармацыі ў СМІ. На рэйтынг ЗША таксама нэгатыўна паўплывалі дзеяньні Агенцтва нацыянальнай бясьпекі, якое займаецца электроннай выведкай.
Рэйтынг Украіны павысіўся: з катэгорыі «несвабодных» яна перайшла ў катэгорыю дзяржаў з «часткова свабоднымі» СМІ.
У дакладзе адзначаецца, што ўлады Расеі падтрымліваюць жорсткі кантроль над мясцовымі СМІ, а таксама спрабуюць кантраляваць незалежныя крыніцы інфармацыі — якія дзейнічаюць у Інтэрнэце або замежныя. Як і Кітай, Масква прыкладае значныя намаганьні для «маніпуляваньня інфармацыйным асяродзьдзем у рэгіёнах, якія лічыць сваёй сфэрай уплыву» (Украіна, Цэнтральная Азія і краіны Балтыі).
Аўтары дакладу, таксама адзначылі, што расейскія СМІ разгарнулі маштабную кампанію дэманізацыі ў дачыненьні да ўнутранай апазыцыі, суседніх дзяржаў, чые дзеяньні не падабаюцца Маскве, і ўсяго дэмакратычнага сьвету. «Расейскія СМІ адыгралі важную ролю ў падрыхтоўцы расійскага грамадзтва да вайны з Украінай», — адзначаюць аўтары дакладу.
Самае папулярнае
1