Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крытыкаваў Лукашэнку? На экспэртызу ў вар’ятню!


Міхаіл Лукашэвіч каля свайго “палітычнага плоту”
Міхаіл Лукашэвіч каля свайго “палітычнага плоту”

Міхаілу Лукашэвічу зь Берасьця пагражае да 4 гадоў зьняволеньня альбо лячэньне ў псыхіятрычным шпіталі за палітычныя надпісы на ўласным плоце.

Як распавёў Свабодзе праваабаронца Ўладзімер Малей, цяпер Міхаіл Лукашэвіч праходзіць псыхіятрычную экспэртызу. Пра гэта праваабаронцам паведаміў сьледчы, да якога яны зьвярнуліся, калі тыдзень не маглі скантактавацца зь Міхаілам Лукашэвічам.

«Сьледчы сказаў, што ён сам паехаў на экспэртызу. Ён ужо і раней праходзіў экспэртызу, калі спрабаваў рэабілітавацца за знаходжаньне ў псыхіятрычнай лякарні ў савецкі час. Пройдзе экспэртызу, і сьледчы ўжо ў межах крымінальнай справы будзе ведаць, якое ў яго захворваньне, ці неабходнае яму лячэньне... А потым ужо, калі перададуць справу ў суд, то будуць глядзець на вынікі экспэртызы, калі будзе вырашацца пытаньне аб прыцягненьні ці непрыцягненьні да адказнасьці. Суд можа накіраваць і на прымусовае лячэньне», — кажа Ўладзімер Малей.

Скандальны плот з палітычнымі надпісамі на надзеле Міхаіла Лукашэвіча зафарбавалі.

У сьнежні 2014 году Сьледчы камітэт Берасьця распачаў супраць Міхаіла Лукашэвіча справу паводле часткі 1 артыкула 367 Крымінальнага кодэксу Беларусі — паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта. Праваабаронца Ўладзімер Малей распавядаў, што ў лютым Міхаіл Лукашэвіч на тры дні быў зьмешчаны ў ізалятар часовага ўтрыманьня. Дома ў Лукашэвіча адбыўся ператрус — забралі фарбы, і пэндзьлі, якімі мужчына быццам бы рабіў надпісы.

Лукашэвіч — дысыдэнт са стажам. Яшчэ да пачатку перабудовы ён пісаў лісты-скаргі «на Захад». А ў 1984 годзе быў затрыманы ў Маскве каля амбасады Францыі. Кажа, што хацеў перадаць чарговы ліст у ААН. Пасьля затрыманьня Лукашэвіча зьмясьцілі ў савецкую вар’ятню.

Пасьля таго, як спадар ня здолеў дабіцца рэабілітацыі, ён і пачаў пісаць на сваім плоце палітычныя тэксты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG