Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомага кіраўніка ІТ-фірмы арыштавалі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць


Віктар Пракапеня, фота з сайту БДУІР
Віктар Пракапеня, фота з сайту БДУІР

Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў пра затрыманьне вядомага бізнэсмэна ў сфэры ІТ-тэхналёгіяў і нерухомасьці Віктара Пракапені. Паводле сьледчых, Віктар Пракапеня атрымаў незаконны прыбытак у 650 тысяч даляраў.

«У цяперашні час Віктару Пракапеню выстаўлена абвінавачаньне паводле часткі 3 артыкула 233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць, учыненая арганізаванай групай, з атрыманьнем прыбытку ў асабліва вялікім памеры) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. У дачыненьні да яго ўжытая мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту», — паведаміў сайт Сьледчага камітэту.

Віктар Пракапеня — заснавальнік і былы ўласьнік кампаніі Viaden Media, якая займалася распрацоўкай мабільных прыкладаньняў і дасягнула ў гэтым значных посьпехаў. У ЗША і яшчэ больш як у 20 краінах прыкладаньні і гульні для мабільных прыладаў гэтай кампаніі ўвайшлі ў лік 50 самых ужываных. У 2011 годзе Віктар Пракапеня выгадна прадаў сваю кампанію, а заробленыя грошы ўклаў, сярод іншага, у нерухомасьць.

ІТ-супольнасьць краіны ўспрыняла арышт Віктара Пракапені зь вялікай насьцярогай. Кіраўнік адной з ІТ-кампаніяў Андрэй, які прасіў не называць ягонага прозьвішча, не выключае, што гэты арышт — ня толькі праява барацьбы зь няплатай падаткаў, але і элемэнт запалохваньня пратэстнага электарату напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Мяркую, пачаўся комплекс мерапрыемстваў, каб тых ІТ-шнікаў зацугляць

«Мяркую, абвінавачаньні ў незарэгістраванай працы — толькі палова справы. У нас фактычна кожнага другога ІТ-шніка можна абвінаваціць у тым, што ён працуе незарэгістравана і нешта прадае, любога фрылансэра, які сядзіць дома і працуе безь дзяржаўнай рэгістрацыі. А пакуль жа незразумела, ці гэта тычыцца яго асабіста, ці ягонай фірмы, і якога пэрыяду.

Але другі бок справы — гэта будучыя выбары, таму нельга не прымаць гэта за такі перадвыбарчы ход. Калі згадаць 2010 год, дык на Плошчы, можа, 30% той моладзі, што там была, — гэта былі ІТ-шнікі. Бо ў Беларусі толькі гэтыя людзі найбольш вольныя, не прывязаныя да пэўнай працы, як тыя дзяржаўныя служачыя. І цяпер, мяркую, пачаўся комплекс мерапрыемстваў, каб тых ІТ-шнікаў зацугляць. То бок спачатку ім далі пернік, сказалі, што ня будуць падвышаць падатак, а цяпер і бізуна паказалі. Таму мая асабістая думка, што гэта яшчэ зроблена ў выхаваўчых мэтах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG