Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОП-7 жартаў беларускіх сайтаў на 1 красавіка


Лукашэнка ў Instagram, тунэль пад Беларусьсю, крыж на Эйфелевай вежы і іншае. Свабода зрабіла агляд найбольш цікавых жартаў беларускіх СМІ з нагоды 1 красавіка.

Краты дазволу не пытаюць

Партал Naviny.by распавёў сваім чытачам, што пад тэрыторыяй Беларусі ідзе будаўніцтва тунэлю, які злучыць Смаленск і Калінінград і дазволіць расейцам наведваць Калінінградзкую вобласьць без афармленьня транзытнай літоўскай візы. Прычым зь Літвой і Беларусьсю будаўніцтва тунэлю не ўзгаднялася, бо, як сказаў галоўны інжынэр праекту, раз «краты ні ў кога дазволу не пытаюцца, то і нам ня трэба».

Ня больш трох у адны рукі

«Комсомольская правда в Беларуси» піша, што паводле ўказу Міністэрства аховы здароўя купіць прэзэрватывы ў Беларусі цяпер можна будзе толькі ў аптэках і толькі па рэцэпце. Прычым — ня больш за тры пачкі ў адны рукі.

Замарожаны бярозавік

Дзяржаўнае агентцва БЕЛТА распавяло, што бліжэйшым часам будзе выпушчана пробная партыя замарожанага бярозавага соку, а таксама партыя газаванага бярозавага соку.

Посты ад Лукашэнкі

Сайт газэты «Наша Ніва» паведамляе, што Аляксандар Лукашэнка ўжо месяц вядзе акаўнт у Instagram і актыўна посьціць фатаздымкі. Здымкі з сацыяльнай сеткі дадаюцца.

Крыж на Эйфелевай вежы

Каталіцкі партал catholic.by паведаміў, што мітрапаліт Менска-Магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч зьезьдзіў у Парыж, дзе ўдзельнічаў ва ўсталяваньні і асьвячэньні крыжа на Эйфэлевай вежы. Каталіцкі рэсурс таксама выклаў фатаздымак Эйфелевай вежы з крыжам наверсе і партрэт мітрапаліта ў касцы.

Абліваньне кефірам

Сайт Onliner.by піша, што ў Расеі стартаваў флэшмоб Ice Kefir Challenge, у рамках якога расейскія зоркі абліваюцца кефірам.

Сьціплы жарт ад TUT.by

Інтэрнэт-партал TUT.by, у сваю чаргу, зьдзівіў чытачоў тым, што перакуліў дагары нагамі эмблему парталу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG