Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бляндынка ідзе ў прэзыдэнты


Магдалена Агурэк
Магдалена Агурэк

Не нэрвуйцеся першыя, не спадзявайцеся другія, гэта ня ў нас, гэта ў суседзяў палякаў.

У беларусаў, як яны маглі пачуць днямі, нічога не памяняецца яшчэ ні сёлета, ні празь пяць гадоў. А вось у Польшчы жыцьцё зусім іншае: на бестэрміновае кіраваньне ніхто прывілею ня мае, там усе, можна сказаць, роўныя.​

35-гадовая Магдалена Агурэк (23 лютага ёй спаўняецца 36) будзе ўдзельнічаць сёлета ў прэзыдэнцкіх выбарах. Увага: кандыдаткай ад Саюзу дэмакратычнай лявіцы (СЛД). Зноў гэтая партыя ставіць на маладыя прыгожыя твары. Мінулым разам балятаваўся Гжэгаж Наперальскі, які выглядаў сьвежым, фотагенічным, інтэлігентным. І не хаваў свайго расчараваньня, што набраў значна менш галасоў, чым спадзяваўся. Магдалена Агурэк мала што зграбная бляндынка, дык яшчэ стала некалі Міс Шлёнска (Сілезіі).​

Цікава таксама, што новая кандыдатка ў пэўным сэнсе запрошаны «легіянэр», паколькі да СЛД не належыць, яна беспартыйная. Думкі ў самой СЛД на яе конт падзяліліся. Адны лічаць, што раз ня выйшла з кандыдатамі з партыйных шэрагаў, варта рызыкнуць, але не бракуе таксама скептыкаў. Агурэк ня ведае мэханізмаў палітыкі, яе выцягнулі як труса з цыліндра, няверацца некаторыя. Іншы дзяяч лявіцы пярэчыць: яна робіць прывабнае ўражаньне, яна ў добрай фізычнай форме… ​

Прафэсія маладой кандыдаткі: гісторык, унівэрсытэцкі выкладчык. Яна абараніла дысэртацыю аб ерэтычных рухах часоў сярэднявечча. Падкрэсьлівае, што ў нядзелю абавязкова наведвае касьцёл. Але хоць мае ўсьмешку мадэлі з подыюму, як піша польская прэса, выглядае на чалавека з характарам і амбіцыямі. Яна рана засталася бяз маці, яе выхоўваў бацька, які працаваў гарняком. ​

І гэты яе характар выяўляўся ў імкненьні будаваць сваю кар’еру ва ўладных калідорах. Між іншым, муж яе — былы дэпутат Сэйму менавіта ад СЛД. Сама аднойчы паспрабавала вылучыцца, але ў Сэйм не прайшла. Была яна і ў штабе таго самага Гжэгажа Наперальскага на мінулых выбарах. Нядаўна стала тэлевядучай.​

Празь некалькі дзён пасьля абвяшчэньня яе ў студзені кандыдаткай на выбары 6 працэнтаў палякаў, як паказала апытаньне грамадзкай думкі, гатовыя былі аддаць за яе галасы. Хаця лідзіруе цяперашні прэзыдэнт Браніслаў Камароўскі — 65 працэнтаў, на другім месцы яшчэ адзін кандыдат, Анджэй Дуда — 21 працэнт.​

Старшыня СЛД, палітык з досьведам, Лешэк Мілер задаволены: пра Агурэк напісаў нават «Playboy». А польская прэса стараецца знайсьці слабыя месцы ў яе біяграфіі, дакладней у кар’еры. Напрыклад, салідны часопіс «Polityka». Вядомы публіцыст Яцэк Жакоўскі свой тэкст у ім назваў «Праект Магдалена Агурэк». «Яна мае вялікі досьвед працы ў дзяржаўных установах? Хіба?». У СЛД сьціпла тлумачаць: Агурэк рана трапіла спачатку ў прэзыдэнцкую канцылярыю (яшчэ пры Квасьнеўскім), затым у канцылярыю прэм’ер-міністра (пры Мілеры). У адказ Анна Дамброўская піша 28 студзеня ў «Polityce»: «Аповеды палітыкаў СЛД пра багаты досьвед Магдалены Агурэк у важных дзяржаўных установах» выглядаюць выдумкай. Мы спраўдзілі, чым яна там займалася, піша аўтар. Чым жа? Паводле афіцыйных дакумэнтаў, у прэзыдэнцкай канцылярыі, а таксама ў прэм’ер-міністра яна праходзіла практыку. Толькі і ўсяго. Не працавала там на стаўцы, ня мела ніякага заробку.​

А тым ня менш, калі верыць Леху Валэнсу, за Магдалену Агурэк прагаласуюць незадаволеныя цяперашнім жыцьцём. Карацей, шанцы на галасы выбаршчыкаў яна мае. Непрыхільнікі кандыдаткі ад СЛД прызнаюць: яна можа быць даспадобы мужчынам, у якіх асабліва няма акрэсьленых палітычных поглядаў. Полькам таксама можа спадабацца, што нарэшце ў выбарах удзельнічае кабета! Адзін з былых палітыкаў СЛД першага шэрагу Владзімеж Цімашэвіч у інтэрвію часопісу «Newsweek» адгукаецца аб Магдалене Агурэк станоўча («сымпатычная, мудрая, добра адукаваная»), але лічыць, што яна не дапаможа партыі, хаця «мае шанец пазытыўна ўразіць». У кожным разе – як удзельніца выбараў можа закрануць у сваёй кампаніі важныя пытаньні, што турбуюць маладзейшае пакаленьне, людзей адукаваных, «мысьлячых, адкрытых на сьвет», «якія кепска пераносяць цяжкае паветра нашага роднага глухога закутку». Так мяркуе Цімашэвіч, які, між іншым, цягам 26 гадоў быў дэпутатам парлямэнту ад Беласточчыны.​

Цяпер у палякаў актыўна пішуць аб ранейшых спробах Магдалены Агурэк зарабляць на хлеб у тэлесэрыялах і ў кіно. Зьнялася ў некалькіх. Адзін нават называўся «Чаго баяцца мужчынкі, альбо сэкс у невялікім горадзе».​

Прозьвішча Агурэк, што й казаць, з тых, якія «мовяць». Адразу пачуліся жарты, што пачаўся «агурковы сэзон лявіцы». Я сам спачатку напісаў загаловак «Агурок ідзе на прэзыдэнта». Ведаючы польскую манеру перадаваць блізкагучныя прозьвішчы, дапускаю, што каб на беларускіх выбарах быў Агурок, палякі вельмі верагодна ягонае прозьвішча падалі б у сваёй рэдакцыі — Агурэк. Што маглі б зрабіць з прозьвішчам кандыдаткі ад СЛД нашы расейскамоўныя СМІ, цяжка сказаць. Некалі гарадзенскія газэты пачалі друкаваць праграму Польскага тэлебачаньня, на якім існавала перадача «З Огуркем по краю», быў такі вядомы журналіст Агурэк. Разгортваю аднойчы газэту і чытаю ў тэлепраграме: «С огурцом по стране».​

Дарэчы, Магдалена Агурэк вельмі падобная да беларусак. Ну папросту ўвасабленьне «сінявокай рэспублікі». Але што там гаварыць: палякі і беларусы — блізкія па крыві. У іх, між іншым, нацыянальная птушка бусел (калі не лічыць гербавага арла) і ў нас. У іх зубар белавескі і ў нас ён. Толькі што піва з зубром мы ня маем, як яны, ад беластоцкіх «Дойлідаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG