Як жа я іх лоўка! Нічога ня знаю, нічога ня бачыў, ананімная армія, людзі-маскі, Крым забралі ў хахлоў, я тут ні пры чым. А цяпер, усяму свой час, заяўляю на ўвесь сьвет: абдурыў я вас, мурына і цётухну з Бундэстагу, правёў на мякіне! Гэта ўсё я, я, «самалічна» я правёў апэрацыю віртуозным чынам, даў хахлам высьпятка, хай знаюць, што са мной жарты жартаваць — з працягнутай рукой абіваць парогі Бэрлінаў і Вашынгтонаў. Як жа я спрытна, як па-хвацку, малойца, нічога ня скажаш!
Ня лезьце хлопцы ўперад бацькі ў пекла, прыйдзе час, раскажу ў кіно, як я торгаў за нітачкі на перамовах, як каманды выконвалі мае, хоць я ж тут ні пры чым, я за кулісамі сьмяюся з гэтага цельпука парыскага і цётухны (калі ты схуднееш ужо, фраў мутэр?!). А гэты «шакалацье» хахляцкі? Ваяваць са мной уздумаў? Са мной, які вывучаў не какавапрадукты ў сваёй школе, а дывэрсіі і сабатаж!
А яны й паверылі, куды ім было падзецца, што я тут ні пры чым! Я кажу: мадам, мясье, мая краіна ня ўдзельнічае ў бучы, мы тут ні пры чым, мы толькі абараняем правы слабейшых, пакрыўджаных і зьняважаных, на якіх вы наваліліся са сваім Тарасам Бульбам з шакаляднымі цукеркамі ў кішэнях. Наша дзела старана, але мы заўсёды гарой за тых, хто цярпіць, каму на галовы бомбы кідаюць, за ўчорашніх трактарыстаў і шахцёраў, якія ўзялі ў рукі дубальтоўкі, каб жыць сваім розумам!
А яны й паверылі, дурні, дункопфы, што сякерай вырабленыя лялькі на перамовах штосьці вырашаюць, подпісамі сваімі нікчэмнымі замацоўваюць. Ды пагляньце на іх спачатку! Пасканчалі тэхнікумы, у аўтамайстэрнях рабілі нешта, штось прадавалі. Аўтамэханікі, дробныя гандляры, ну няхай навешалі сабе крыжоў на грудзі дзеля храбрасьці. Але ў аднаго вечна ашклянелыя вочы, у другога выгляд перакормленага шкодніка палеткаў, у трэцяга страх крымінальнага кодэксу на твары і гэтак далей. Не, яны, канечне, ня толькі ствараць «апалчэнскі камуфляж» для маіх салдат пастаўленыя, маюць таксама права на асабістую ініцыятыву. Але каб не занадта. Канвэер на патронным заводзе аднавіў адзін, другі — разьліў гарэлкі: перакуліў чарку і тост кароткі сказаў на лікёра-гарэлачным. Вельмі самастойна, без паперкі.
І яны паверылі, недарэкі, што гэта сапраўдны д’ябал. Хоць няўзброенаму воку ясна: дробны бес, ня больш. Пешкі з сапраўднай фігурай зблыталі, «шахматысты». Але прайграваць заўсёды цяжка, шакалядны ты наш кароль, тым больш шахцёрам і трактарыстам, правільна? Але жыцьцё ёсьць жыцьцё, яно працягваецца, так што маеш яшчэ шанец сваімі цукеркамі заняцца некалі, калі мы табе дазволім, канечне, калі я дазволю. І калі ўраджай какавы будзе. Ты ж ад мяне залежыш з ног да галавы, хачу ляпнуць, што ты легіён НАТО, і да сьмерці будзеш такім лічыцца, не адмыесься.
Хачу назваць тваю армію, якую мае рабяты ў зашмаргу зацягнулі, скулай, і так і будзе. Твая армія – скула, якую трэба зьнішчыць, а мае ўдальцы, да якіх я ніякага, пакуль мне не спатрэбіцца новае кіно, дачыненьня ня маю, героі, няхай грудзі падстаўляюць пад крыжы.
Яны назваць пасьмелі маю родную краіну «дзяржавай рэпрэсій, агрэсіўнай рыторыкі і страху». А я плюю ім у вочы! Мае генэралы ўсё робяць жалезна, толькі Ванькамі прыкідваюцца. У недабітых газэтах пішуць: у Данецку дае інтэрвію ананімны чалавек, пахваляецца , «як мы даем дыхту украм». А выяўляецца, што ён генэрал маёй арміі. Ну й што, каму вы што дакажаце? Мурыну, фраў? Не сьмяшыце! Побач з паўстанцкім начальнікам на мітынгу стаіць чалавек без шаўронаў. А-я-яй: у ім недабітая газэта выяўляе нашага генэрала, яна робіць запыт паўстанцкаму начальніку — хто ваш паплечнік, што стаіць побач з вамі? Ёй даюць афіцыйны адказ: мы ня ведаем гэтага чалавека, ня можам адказаць, гэта ананім, выбачайце, таварышы журналісты.
Няхай мой былы дарадца, якога я выгнаў, цяпер ёрнічае, што мой усенародны рэйтынг сёньня – гэта ня больш, чым рэйтынг гарэлкі ў чарзе па гарэлку… А сам-то ён хто цяпер? Ніхто. Раней сам мне рэйтынгі рабіць быў дапушчаны, а цяпер зайздросьціць. А гарэлка, што ж, для народу хоць невялікая, але прыемнасьць, што панізіў цану я на сямнаццаць працэнтаў. Народ адказаў удзячнасьцю, мой рэйтынг гэта адчуў першым. А што, мае даражэнькія мурын і фраў, з вашым рэйтынгам?