Ёсьць вядомая показка пра савецкае войска, дзе ў салдатаў розных нацыянальнасьцяў пыталіся «хто ты?». Хтосьці адказваў, што чалавек, хтосьці называў сваю нацыянальнасьць, хтосьці казаў, што ён мужчына, а беларус адказаў: «Я сяржант».
Дык у жыцьці мне сустракаліся людзі, якія не разумелі, у чым гумар. Ну сапраўды, ну такая самаідэнтыфікацыя ў чалавека – сяржант.
Шэраг можна працягнуць: я начальнік раённай выбарчай камісіі, я ідэоляг прадпрыемства, я старшыня школьнай ячэйкі БРСМ, я вахцёр (дадай сваё).
То бок, за азначэньнямі няма ані чалавека, ані нацыі, ані прафэсіі. Адначасова ёсьць спрычыненасьць да нейкай структуры, дзе ты займаеш нейкае месца.
Цябе як асобы няма, але ты ўсё-ткі ёсьць. Гэта як у натоўпе. Ты ёсьць, і ты зьліты з масай. Як з асобных кавалачкаў рознакаляровага плястыліну можна зрабіць цэльны шэра-бура-малінавы камяк.
Пры тым, што натоўп – гэта толькі на першы погляд хаос. У натоўпу ёсьць свая псыхалёгія, свая індывідуальнасьць, свая лёгіка. Унутры натоўпу ўзьнікаюць свае сяржанты, свае палкоўнікі і генэралы, свае ідэолягі і нават вахцёры.
Калі я сто пяцісоты раз пачуў «давайце яднацца», я нарэшце зразумеў, што нас – бел-чырвона-белых – прапануюць аб'яднаць у такую вось масу-натоўп, каб супрацьстаяць тым – шэра-бура-малінавым.
Як бы лёгіка свая ёсьць, маўляў, маналіту натоўпу можна супрацьпаставіць іншы натоўп. І ў каго маса вялікшая, той і пераможа.
А па сутнасьці гэта як стварыць два шэра-бура-малінавыя камякі з плястыліну, але паўтыркаць у іх розныя сьцяжкі.
Узгадаў усе тыя іранічныя, пагардлівыя і агулам дэпрэсіўныя эпітэты кшталту «анкляў», «гета», «рэзэрвацыя», якія ўжываюцца да непадцэнзурных грамадзкіх асяродкаў у Беларусі.
Думаю, тут прынцыповае слова «непадцэнзурныя». Можа, паднаглядныя, можа, падабмежавальныя, але не з агульнага натоўпу, якім так зручна кіраваць, калі ведаеш як.
Такі вялікі дыяпазон асяродкаў! Ад суворых абаронцаў Курапатаў да бестурботных юнакоў, якія ладзяць «добрыя» і «файныя» фэсты. Ад «партызанаў» у акадэмічных дзяржаўных установах да бізнэсоўцаў, якія падтрымліваюць нацыянальныя праекты.
Гэта проста вялікая колькасьць людзей, якіх не заўважыш панарамна, бо ў інфармацыйную прастору трапляе толькі вяршыня айсбэргу. Гэта ня сотні энтузіястаў як трыццаць гадоў таму, гэта дзясяткі тысяч па ўсёй краіне.
Цяпер такі складаны для незалежных журналістаў час, калі, знайшоўшы цікавага героя, часьцяком мусіш схаваць тэму, каб не нашкодзіць чалавеку і ягонай справе.
Гэтыя людзі не плястылін, а кавалачкі канструктара, зь якіх у ідэале мусіць атрымацца ня шэра-бура-малінавы натоўп, а рознакаляровая, але цэльная карціна жыцьця.
«Рабі сваю справу, і будзе як будзе», толькі не ператварайся ў безаблічны плястылін. І супрацоўнічай з тымі, з кім цябе яднае ідэя незалежнасьці тваёй і сваёй, а значыць нас.
Не яднайся ў сэнсе зьлеплівайся, проста супрацоўнічай, ці дапамагай, калі трэба. Нават калі табе не падабаецца як тыя іншыя інтэрпрэтуюць «Пагоню».
«Пагоня» ж адна на ўсіх.