Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветныя СМІ: Шэсьць ваенных сцэнароў Расеі на ўсходзе Ўкраіны


Шэсьць ваенных сцэнароў, якія Расея можа выкарыстаць на ўсходзе Ўкраіны, аналізуе арганізацыя Stratfor. Расейскіх салдат ва Ўкраіне, магчыма, нават 90.000, паведамляе BBC. Пуцін распавёў, што загадаў заплянаваць анэксію Крыма ў той дзень, калі былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч уцёк зь Кіева, паведамляе амэрыканскі сайт Vice News.

Прыватная амэрыканская аналітычная арганізацыя Stratfor змадэлявала сцэнары патэнцыйных ваенных дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне. Апублікаваўшы сваю справаздачу, яе аўтары спадзяюцца, што яна дапаможа чытачам лепш зразумець, як ваенная сытуацыя ва Ўкраіне можа разьвівацца, калі пагадненьне аб спыненьні агню ня будзе дзейнічаць, а крызіс абвострыцца.

Ці ўстрымаецца Расея да далейшых ваенных крокаў, каб замацаваць свае інтарэсы ва Ўкраіне? «Каб адказаць на гэтае пытаньне, Stratfor разгледзеў шэсьць ваенных сцэнароў, якія Расея можа выкарыстаць для вырашэньня ўласных праблемаў бясьпекі ва Ўкраіне, пачынаючы ад невялікіх ваенных апэрацый і заканчваючы адкрытым уварваньнем на ўсход Украіны», — гаворыцца ў справаздачы.

Па падліках арганізацыі, калі Расея вырашыць захапіць дастаткова ўкраінскай тэрыторыі для стварэньня наземнага моста ад Данбаса ў Крым, Крамлю спатрэбіцца ад 24 да 36.000 вайскоўцаў, якія могуць захапіць гэтыя землі за час ад шасьці да чатырнаццаці дзён. Акрамя таго, Расеі спатрэбіліся б ад 40 да 55 тысяч вайскоўцаў на сваёй тэрыторыі для абароны ад патэнцыйнай атакі НАТО ў адказ на расейскае ўварваньне ва Ўкраіну.

Крамлю спатрэбіцца ад 24 да 36.000 вайскоўцаў, якія могуць захапіць гэтыя землі за час ад шасьці да чатырнаццаці дзён

Stratfor лічыць, што Расея можа пажадаць захапіць усе чарнаморскае ўзьбярэжжа Ўкраіны да Малдовы. Трэці сцэнар прадугледжвае сытуацыю, калі расейская армія — гіпатэтычна — захоплівае ўвесь Усход Украіны да Дняпра, які ў такім выпадку выкарыстоўвае ў якасьці абарончай лініі фронту.

«Мы разглядалі варыянт, калі Расея займае толькі паўднёвую частку Ўсходняй Ўкраіны, каб прадухіліць сур’ёзныя баявыя дзеяньні, аднак, гэта пакінула б расейцаў з адкрытым флянгам. Гэтак жа, мы разглядалі невялікае пашырэньне цяперашніх сэпаратысцкіх межаў на поўнач, каб захапіць рэшткі Данецкай і Луганскай абласьцей. Абодва варыянты можна выканаць, аднак пры поглядзе на пэрспэктыву, яны нічога не даюць», — лічыць арганізацыя.

Апошні варыянт, які вывучала Stratfor — гэта дэстабілізацыя па ўсёй даўжыні ўкраінска-расейскай мяжы. Арганізацыя зрабіла выснову, што расейская армія тэхнічна можа пайсьці усімі шасьцю шляхамі. Аднак, ніводзін зь іх ня можа дасягнуць палітычных мэтаў або мэтаў бясьпекі пры выкарыстаньні абмежаваных і цьвярозых сродкаў. «Ніводнае тэарэтычнае мадэляваньне ня можа дакладна прадказаць зыход вайны, але яно можа даць лідэрам ўяўленьне пра тое, якія захады трэба прыняць, або варта іх ужываць наагул», — заключае сваю справаздачу Stratfor.

Згодна з новай ацэнкай прысутнасьці расейскіх войскаў на Ўсходзе Ўкраіны, якую зрабіў прафэсар брытанскага аналітычнага цэнтру Ігар Суцягін, прынамсі 90 000 расейскіх салдат павінны ў той ці іншы час ваяваць на Данбасе, паведамляе рэдактар брытанскай тэлерадыёкампаніі ВВС Марк Урбан. Па падліках Суцягіна, ва Ўкраіне загінулі каля 800 расейцаў. Прафэсар асноўвае сваю ацэнку на інфармацыі, якая знаходзіцца ў адкрытым доступе, як, напрыклад, рэпартажы і журналісцкія расьсьледаваньні.

Аднак, адзначае Урбан, вельмі цяжка адрозьніць мясцовых расейцаў ці тых, якія прыехалі ва Ўкраіну валантэрамі, ад навучаных салдат тэрміновай службы расейскай арміі ня толькі журналістам, але і краінам НАТО зь іх разьведвальнымі рэсурсамі.

«Дзіўна, што найбольш пераканаўчыя доказы таго, што войска расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна нясе на сабе асноўны цяжар баявых дзеяньняў супраць украінскага ўраду, паступаюць ад журналістаў або маці загінуўшых салдат, але не Захаду», — піша Урбан.

Пуцін распавёў, што загадаў сплянаваць анэксію Крыма ў той дзень, калі былы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч уцёк з Кіева, пра што паведамляе амэрыканскі сайт Vice News. Гэта стала вядома з трэйлера дакумэнтальнага фільма «Крым. Дарога на радзіму», над якім працаваў дзяржаўны тэлеканал «Расея 1». На відэа Пуцін распавядае пра тое, як выратаваў Януковіча і пачаў плянаваць анэксію ўкраінскага паўвострава.

«Я запрасіў у Крэмль кіраўнікоў нашых спэцслужбаў, Міністэрства абароны і паставіў перад імі задачу выратаваць жыцьцё прэзыдэнта Ўкраіны. Яго проста зьнішчылі б. Мы скончылі каля 7:00 раніцы. Разьвітваючыся, я ўсім сваім калегам сказаў: мы вымушаны пачаць працу над вяртаньнем Крыма ў склад Расеі», — сказаў Пуцін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG