3–5 сакавіка група дакумэнталістаў з сэкцыі нон-фікшн Швэдзкага саюзу пісьменьнікаў правялі ў Менску сэрыю сэмінараў аб дакумэнтальнай і біяграфічнай літаратуры ў Швэцыі і Беларусі.
Пасьля сэмінараў Генрык Бэргрэн, Катарына Б’ярвал і Анэт Розэнгрэн у інтэрвію Радыё Свабода падзяліліся сваімі ўражаньнямі ад сустрэч зь незалежнымі беларускімі пісьменьнікамі і патлумачылі, чым для іх унікальная кнігарня «ЛогвінаЎ».
Швэдзкі саюз пісьменьнікаў доўгі час мае цесныя сувязі з Саюзам беларускіх пісьменьнікаў. Генрык Бэргрэн падкрэсьлівае, што для яго гэта мае асаблівае значэньне: неўзабаве выходзіць беларускамоўны пераклад скарочанай вэрсіі ягонага бэстсэлера — біяграфіі швэдзкага рэфарматара, прэм’ер-міністра Улафа Пальмэ.
Чаму мы падтрымліваем незалежны саюз? Таму што ў Швэцыі ўсе саюзы пісьменьнікаў незалежныя.
«Хоць для Швэцыі гэта дзіўна, мы ведаем, што ў Беларусі ёсьць два саюзы пісьменьнікаў — дзяржаўны і незалежны. Мы выказваем салідарнасьць з кнігарняй „ЛогвінаЎ“, дзе прадаюцца кнігі сябраў незалежнага саюзу, і ўвогуле маем цікавасьць да незалежнага літаратурнага працэсу ў Беларусі. Чаму мы падтрымліваем незалежны саюз? Таму што ў Швэцыі ўсе саюзы пісьменьнікаў незалежныя. І гэта маё глыбокае перакананьне, што пісьменьнікі павінны быць аўтаномныя ад дзяржавы, іх нельга прымушаць выказваць нейкую ляяльнасьць да дзяржавы ці да рэжыму. А сама ідэя таго, што ў Эўропе можа існаваць дзяржаўнае аб’яднаньне пісьменьнікаў, нагадвае мне савецкую сыстэму, часы цкаваньня Булгакава. Гэта ж так натуральна, што любая залежнасьць ад дзяржавы супярэчыць сутнасьці пісьменьніка, які выказвае свае ўласныя думкі і ідэі», — кажа Генрык Бэргрэн.
Дакумэнталіст узгадвае словы, якія прагучалі падчас ягонага сэмінару, пра тое, што ў 1937 годзе некалькі соцень прадстаўнікоў беларускай эліты, у тым ліку і пісьменьнікі, былі зьнішчаныя. І параўноўвае той час з днём сёньняшнім у Беларусі:
О’кей, сёньня іх тут не забіваюць. Але відавочна, што дзяржава стварае ўмовы, каб не дапусьціць незалежных пісьменьнікаў да чытача. Гэта бачна па накладах, якімі выходзяць незалежныя кнігі, і па тым, што адбываецца з кнігарняй „ЛогвінаЎ“.
«О’кей, сёньня іх тут не забіваюць. Але відавочна, што дзяржава стварае ўмовы, каб не дапусьціць незалежных пісьменьнікаў да чытача. Гэта бачна па накладах, якімі выходзяць незалежныя кнігі, і па тым, што адбываецца з кнігарняй „ЛогвінаЎ“. Гэта вельмі антыдэмакратычна. Літаратура не павінна так працаваць. Я лічу, што дзяржава мае абавязак ствараць добрыя ўмовы для літаратурнага працэсу. Гэта значыць, што трэба ўсталяваць правілы для стварэньня свабоднага і дэмакратычнага рынку кніг. Але дзяржава не павінна вырашаць, хто і што можна друкаваць, ні ў якім разе».
Катарына Б’ярвал займаецца вывучэньнем культуры спажывальніцтва і заклікае абмежаваць уплыў тэхналёгіяў на жыцьцё чалавека. Яна кажа, што каштоўнасьць кнігарні «ЛогвінаЎ» — у тым, што тут зьбіраюцца вельмі якасныя кнігі, незалежна ад таго, хто іх напісаў і дзе яны былі выдадзеныя.
«У газэце Швэдзкага саюзу пісьменьнікаў быў вялікі артыкул пра тое, што ўлады зачыняюць кнігарню „ЛогвінаЎ“. Гэта жахліва. На шчасьце, такое ніколі ня можа здарыцца ў Швэцыі. За тыя некалькі дзён, што мы правялі ў Беларусі, ужо некалькі людзей сказалі мне, што гэта самая любімая кнігарня шматлікіх беларусаў, бо тут можна знайсьці выдатныя кнігі. Я лічу важным, што тут можна купіць розныя кнігі — тыя, якія выдадзеныя незалежнымі выдавецтвамі зусім маленькімі накладамі, і тыя, якія выйшлі ў дзяржаўных выдавецтвах пры падтрымцы дзяржавы. Калі мы гаворым пра літаратуру, то тут ня могуць быць толькі апазыцыйныя ці „палітычна карэктныя“ кнігі. Тут, у кнігарні „ЛогвінаЎ“, гэта ўсё шырэй, гэта самая дэмакратычная кніжная крама, дзе рады ўсім добрым кнігам. Калі б у „Логвінаве“ была засяроджанасьць толькі на палітыцы, а не на якасьці літаратурных твораў, гэта не была б такая добрая кнігарня», — кажа Катрына.
Пісьменьніца зьвяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі выкарыстаньне літаратарам беларускай мовы ўжо можа быць фактарам палітызацыі ягонай творчасьці і неспрыяльнага стаўленьня з боку дзяржавы:
«Я ня вельмі вялікі адмысловец па беларускай сытуацыі, але магу параўнаць вашу сытуацыю зь беларускай мовай з сытуацыяй у Турцыі, дзе пісьменьнікі, якія прынцыпова пішуць на курдзкай мове, маюць вялікія праблемы што да магчымасьці друкавацца і распаўсюджваць свае кнігі».
Анэт Розэнгрэн — старшыня сэкцыі нон-фікшн Швэдзкага саюзу пісьменьнікаў, займаецца пытаньнямі сацыяльнай ізаляцыі і міграцыі. Яна патлумачыла, што выбар месца сустрэчаў зь беларускімі пісьменьнікамі і аматарамі літаратуры прадыктаваны салідарнасьцю з кнігарняй «ЛогвінаЎ», якая, дарэчы, падалася швэдзкім гасьцям цалкам эўрапейскай:
«Ад самага пачатку мэта нашага візыту ня мела дачыненьня да кнігарні „ЛогвінаЎ“, бо мы плянавалі паездку вельмі даўно. Мы хацелі засьведчыць салідарнасьць з аўтарамі нон-фікшн у Беларусі. Але перад паездкай мы даведаліся пра закрыцьцё кнігарні і таму, вядома, вырашылі праводзіць свае сустрэчы тут, каб нейкім чынам спрычыніцца да салідарнасьці. Я пабачыла, якая гэта выдатная кнігарня, тут спэцыфічная атмасфэра. Але самае галоўнае — яна незалежная. Тут шмат кніг, якія нельга знайсьці ў звычайных дзяржаўных кнігарнях. Я адчуваю, што людзі, якія прыходзяць у „ЛогвінаЎ“, насамрэч любяць кнігі. Таксама гэта месца сустрэчаў. Гэта, вядома, будзе трагедыяй, калі вы страціце кнігарню „ЛогвінаЎ“».
На думку Анэт, закрыцьцё кнігарні «Логвінаў» выходзіць далёка за межы пытаньняў пра літаратуру і кнігавыдавецтва і закранае тэмы дэмакратыі і свабоды выказваньня:
«У вас дзяржаўная сыстэма выдаваньня кніг. Але разам з тым ёсьць невялікія прыватныя выдавецтвы, якім вельмі складана выйсьці на рынак. Такая кнігарня, як „ЛогвінаЎ“, якраз і дае незалежным выдавецтвам магчымасьць прыйсьці да чытача. Гэта адкрыты дом для ўсіх відаў кніг, якія складана знайсьці ў межах дзяржаўнай сыстэмы кнігараспаўсюду. І тут сытуацыя выходзіць па-за межы літаратуры і кнігавыдавецтва. Гэта пытаньне дэмакратыі і правоў чалавека на свабоду слова — пісаць і чытаць тое, што чалавек хоча».