Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як працуе каставая сыстэма ў Паўночнай Карэі


Малавядомым, але асноўным элемэнтам у сацыяльнай структуры Паўночнай Карэі зьяўляецца так званы сонбун. Ён вызначае рэпутацыю ў грамадзтве.

У адрозьненьне ад многіх каставых сыстэм гэтая была заснавана нядаўна — у канцы 1950-х пры Кім Ір Сэне, а канчаткова ўсталявалася ў соцыюме прыкладна ў 1967 годзе.

Аднак з-за закрытасьці КНДР падрабязную інфармацыю пра сацыяльнае расслаеньне атрымаць складана. Навуковец факультэту псыхалёгіі Сэульскага ўнівэрсытэту Фёдар Тэрціцкі сьцвярджае ў сваім артыкуле, апублікаваным 4 сакавіка ў The Guardian, што яму ўдалося гэта зрабіць дзякуючы крыніцы, якая «працавала у паўночнакарэйскай паліцыі і добра знаёмая з дакумэнтамі, якія маюць дачыненьне да сонбун», паведамляе сайт Newru.com.

Паўночнакарэйскае грамадзтва падзеленае на пяць груп, ад найлепшай да найгоршай: «асаблівая», «ядро», «базавая», «праблемная» і «варожая».

Інфармацыя пра сацыяльнае становішча захоўваецца адразу ў чатырох месцах: у мясцовай адміністрацыі, паліцыі, спэцслужбах і арганізацыі, сябрам якой зьяўляецца чалавек (напрыклад, партыі). Хутчэй за ўсё, сваякі сям’і Кімаў выключаныя з гэтай класыфікацыі — яны вельмі рэдка згадваюцца ў дакумэнтах.

Сонбун складаецца з двух пазыцыяў: спадчыннай і сацыяльнай. Першая (чхульсін-сонбун) перадаецца па мужчынскай лініі і залежыць ад таго, што рабілі продкі грамадзяніна падчас японскага каляніяльнага пэрыяду 1910-1945 гадоў і карэйскай вайны 1950-1953 гадоў. Калі яны змагаліся на баку Кім Ір Сэна, то тады статус іх нашчадкаў у сучаснай Паўночнай Карэі вельмі высокі. Калі яны працавалі ў каляніяльнай адміністрацыі або выступалі супраць «Вярхоўнага правадыра», то тады становішча іх праўнукаў вельмі незайздроснае.

Другім складнікам зьяўляецца так званы сацыяльны сонбун (Сахва-сонбун). Ён залежыць ад роду заняткаў чалавека: земляроб, працоўны, вайсковец і гэтак далей. Зрэшты, толькі адзін варыянт тут пераважвае, усе астатнія — гэта сяброўства ў партыі. Альбо калі чалавек быў «уганараваны аўдыенцыяй» — сустрэчы зь лідэрам. У прыватнасьці, гэтым тлумачацца фотаздымкі карэйскага кіраўніка «з народам», якія зьяўляюцца ў прэсе, — людзі такім чынам павышаюць свой сонбун.

А гэта неабходна, калі паўночнакарэец хоча дамагчыся посьпеху хоць у чым-небудзь — грамадзяне зь нізкім сонбунам ня могуць нават жыць у якім-небудзь месцы (напрыклад, у Пхеньяне). Аб атрыманьні адукацыі ў добрым унівэрсытэце або годнай працы настаўніка ці паліцыянта і гаворкі не ідзе.

У адрозьненьне ад Сахва-сонбуна, спадчынны калі і можа змяніцца, то толькі ў горшы бок. У 2013 годзе часопіс «Рускі рэпарцёр» апублікаваў артыкул, у якім аўтар апісваў лёс уцекачоў з Паўночнай Карэі. У тым выпадку, калі паўночнакарэйцу ўдалося зьбегчы з-пад арышту, ён разумее, што чхульсін-сонбун яго нашчадкаў будзе назаўжды сапсаваны. Гэтак жа адбываецца пры арышце або расстрэле сваякоў — сонбун ўсёй сям’і рэзка паніжаецца. Не жадаючы пакідаць нашчадкаў на цяжкі лёс, паўночнакарэйцы спрабуюць уцякаць з краіны цэлымі сем'ямі.

У артыкуле адзначаецца, што шмат у чым укладзеная зь дзяцінства ў сьвядомасьць псыхалягічная ўстаноўка ўплывае і на становішча ўцекачоў у Паўднёвую Карэю. Нягледзячы на сур’ёзныя ільготы, якія паўночнакарэец тут атрымлівае, той, хто быў пасьпяховы ў краіне чучхе, рана ці позна вяртае свой высокі статус і тут. Ну а выхадзец зь нізоў хутчэй за ўсё ізноў апынецца на сацыяльным дне — толькі цяпер ужо паўднёвакарэйскім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG