«Мы спадзяваліся скончыць працэс пошуку да 1 сакавіка, але абмен думкамі ўсё яшчэ працягваецца», — кажа старшыня Кіроўнай рады Дэніэл Таршыс.
Паседжаньне Кіроўнай рады, на якім будзе абвешчана імя новага рэктара, адбудзецца пазьней у сакавіку, паведамляецца на сайце ўнівэрсытэту.
Конкурс на пасаду рэктара ЭГУ быў абвешчаны летась увосень. У сярэдзіне сьнежня 2014 году сем кандыдатаў-фіналістаў былі запрошаныя ў навучальны корпус ЭГУ на гутарку і дыскусіі з выкладчыкамі, студэнтамі і камісіяй па адборы рэктара.
Пасада рэктара стала вакантнай пасьля таго, як у верасьні 2014 году яе пакінуў Анатоль Міхайлаў, які заснаваў унівэрсытэт і кіраваў ім ад моманту яго стварэньня. Шорт-ліст прэтэндэнтаў складаецца з шасьці імёнаў. Гэта трое грамадзян Беларусі — лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, гісторык Алесь Краўцэвіч і філёзаф Тацяна Шчытцова. Двое — грамадзяне ЗША: Дэвід Полік, які цяпер выконвае абавязкі рэктара, і дырэктар офісу Інстытуту міжнароднай адукацыі (Масква) Эдвард Рослаф. Прарэктар ЭГУ па разьвіцьці і камунікацыі Дарыюс Удрыс мае грамадзянства і Літвы, і ЗША.