Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новага рэктара ЭГУ назавуць заўтра. «Важна, каб унівэрсытэт захаваў беларускасьць» — Мілінкевіч


Чакаецца, што імя новага рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту (ЭГУ) будзе названа 2 сакавіка. На гэты дзень заплянаваны агульны сход заснавальнікаў ЭГУ, падчас якога павінна быць прынятае адпаведнае рашэньне.

Пасада рэктара стала вакантнай пасьля таго, як у верасьні 2014 году яе пакінуў Анатоль Міхайлаў, які заснаваў унівэрсытэт і кіраваў ім з моманту яго стварэньня. Шорт-ліст прэтэндэнтаў складаецца з шасьці імёнаў. Гэта трое грамадзян Беларусі — лідар руху «За Свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, гісторык Алесь Краўцэвіч і філёзаф Тацьцяна Шчытцова. Двое - грамадзяне ЗША: Дэвід Полік, які зараз выконвае абавязкі рэктара, і дырэктар офісу Інстытуту міжнароднай адукацыі (Масква) Эдвард Рослаф. Прарэктар ЭГУ па разьвіцьці і камунікацыі Дарыюс Удрыс ​мае грамадзянства Літвы і ЗША.

«Для мяне самае важнае не асабісты лёс, хоць ёсьць амбіцыі, ёсьць жаданьне, — сказаў сёньня Свабодзе Аляксандар Мілінкевіч. — Я лічу, што гэта вельмі важны ўнівэрсытэт. Гэта вельмі важны і складаны праект. Але я думаю болей пра ўнівэрсытэт, як і многія актыўныя беларусы.

Вельмі важна, каб унівэрсытэт захаваў беларускасьць. Ня трэба спрошчана думаць, што беларускасьць гэта выключна беларуская мова. Там будуць і руская, і ангельская, і французская мовы. Хоць беларуская мусіць дамінаваць.

І калі гаворка ідзе пра беларускасьць, то гэта трэба разумець як служэньне Беларусі».

«Я да гэтых усіх справаў стаўлюся спакойна — гаворыць Алесь Краўцэвіч. — Я ня бачу ў гэтым справы жыцьця і сьмерці. Я па-ранейшаму працую над гісторыяй Вялікага княства Літоўскага. Днямі ў мяне выйшла чарговая кніжка па сынтэзу ВКЛ.

Калі мяне абяруць рэктарам, я паеду і буду працаваць у ЭГУ. З усё той аддачай, на якую я толькі здольны. Лічу, што гэта інстытуцыя для нашай краіны надзвычай важная. Менавіта яна павінна стаць кузьняй нацыянальных кадраў».

Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт быў адкрыты ў Менску ў 1992 годзе. У 2004-м беларускія ўлады, незадаволеныя самастойнасьцю яго кіраўніцтва, зачынілі ВНУ. Праз год ён аднавіў працу ў Вільні, дзе мае статус беларускага ўнівэрсытэту ў выгнаньні. У ім вучацца прыкладна паўтары тысячы студэнтаў, пераважна зь Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG