Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Задай пытаньне рэктару ЭГУ! Аляксандар Мілінкевіч?


Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

«Я бачу ЭГУ ўнівэрсытэтам, дзе жыве беларускасьць. У ЭГУ беларускае сэрца, беларуская душа, але твар павінен быць эўрапейскі»

У сакавіку адбудуцца выбары рэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Пакуль інтрыга вакол пытаньня, хто ўзначаліць беларускую ВНУ на выгнаньні, застаецца, Свабода плянуе інтэрвію з усімі кандыдатамі. Чытачы нашага сайту таксама могуць задаць свае пытаньні, якія мы пастараемся данесьці да прэтэндэнтаў на рэктарскую пасаду.

Сёньня мы прапануем гутарку з Аляксандрам Мілінкевічам. Пакідайце свае пытаньні яму, а таксама іншым кандыдатам у камэнтарах да гэтага артыкула.

Цяпер шорт-ліст складаецца зь сямі імёнаў. Сярод кандыдатаў — тры беларусы (Аляксандар Мілінкевіч, Алесь Краўцэвіч і Тацяна Шчытцова), два амэрыканцы (цяперашнія правост ЭГУ Дэвід Полік і Эдвард Рослаф), прарэктар па разьвіцьці і камунікацыі Дарыюс Удрыс, які мае грамадзянства Літвы і ЗША, і сёмы — літовец Шарунас Ліекіс.

Мяркуецца, што канчатковыя рэкамэндацыі па кандыдатуры новага рэктара Агульнаму сходу сузаснавальнікаў (органу, адказнаму за прыняцьце канчатковага рашэньня) будуць зробленыя да 1 сакавіка 2015 году.

Аляксандар Мілінкевіч: «У ЭГУ беларускае сэрца, беларуская душа, але твар павінен быць эўрапейскі».

— Вы ня першы раз у ЭГУ, былі на сумоўі, сустракаліся і з выкладчыкамі, і са студэнтамі. А днямі наведалі студэнцкую канфэрэнцыю, дзе цягам двух дзён вяліся вострыя дыскусіі. І літаральна ўсе выступоўцы не хавалі, што ЭГУ перажывае цяпер ня лепшыя часы, крызіс. Да таго ж, вы — чалавек звонку, не заангажаваны ў працэс. Ці ня страшна балятавацца на пасаду рэктара?

— Ня страшна абсалютна. Але трывога ёсьць. Я адказны чалавек і разумею, калі я выйграю конкурс і стану рэктарам, як многа тут будзе працы. Але я камандны чалавек і ведаю, што ніколі ня вырашыш нейкія праблемы, тым больш стратэгічныя, місійныя праблемы ўнівэрсытэту, калі не заангажуесься ў гэтую каманду. Нельга сказаць, што каманды няма — каманда ёсьць, тут вельмі шмат выдатных выкладчыкаў. Так што нельга сказаць, што ў ЭГУ абсалютны крызіс.

Ёсьць крызіс разьвіцьця і вызначэньня місіі. А разьвіцьцё, рэформы павінны ісьці ўвесь час. Так не бывае — што мы зрабілі рэформы, і ў нас 10 гадоў будзе ўсё добра. Гэта такі жывы арганізм. А што тычыцца місіі — сапраўды, ёсьць вялікая дыскусія, які гэта ўнівэрсытэт: беларускі, эўрапейскі, літоўскі?

— Дарэчы, гарачыя спрэчкі разгарнуліся менавіта вакол мовы.

— Справа тут ня толькі ў мове. Можа існаваць і расейская мова, выкладаньне можа весьціся на ангельскай мове. Але дамінаваць павінна беларуская мова, бо яна выхоўвае і дух беларускі, і патрыятызм, і пачуцьцё місійнасьці адносна Беларусі.

Паўтаруся, мова ва ўнівэрсытэце — ня самае галоўнае. Нельга гвалтоўна перавесьці навучаньне на беларускую мову. Дарэчы, я на пачатку 1990-х гадоў працаваў у нацыянальным беларускім унівэрсытэце — Гарадзенскім дзяржаўным. Гэта быў дзіўны час надзеі і веры, што Беларусь адродзіцца. І літаральна за 2 гады ўсе выкладчыкі фізыкі перайшлі на беларускую мову. Была цудоўная атмасфэра ў краіне: адраджаліся беларускія школы, Шушкевіч гаварыў па-беларуску па тэлевізары.

У ЭГУ: павінна быць створана такая атмасфэра, каб студэнты адчувалі місію — што ўнівэрсытэт беларускі

Так і ў ЭГУ: павінна быць створана такая атмасфэра, каб студэнты адчувалі місію — што ўнівэрсытэт беларускі. Можна нават, як у 1990-я гады, увесьці выкладчыкам даплату за беларускую мову (бо гэта сур’ёзная праца — перакласьці канспэкты, лекцыі).

Я бачу ЭГУ ўнівэрсытэтам, дзе жыве беларускасьць. Беларускасьць — гэта стратэгічная мэта ўнівэрсытэту. Дасьледаваньні павінны быць аб Беларусі і для Беларусі. Ніхто гэтага ня зможа зрабіць так, як ЭГУ. Экспансія ЭГУ на Беларусь вельмі важная. У ЭГУ беларускае сэрца, беларуская душа, але твар павінен быць эўрапейскі.

— На канфэрэнцыі гучала нямала папрокаў, што ЭГУ губляе сувязі зь Беларусьсю.

— Для мяне ўнівэрсытэт павінен стаць ня толькі акадэмічнай адукацыйнай установай, але і шырокай пляцоўкай беларускага супрацоўніцтва, разьвіцьця беларускай ідэі на тэрыторыі Эўразьвязу. І гэтага вельмі не хапае цяпер, таму што замала ЭГУ быць толькі выдатнай навуковай установай, нават калі ён будзе беларускім нацыянальным унівэрсытэтам. Таму што ёсьць велізарны патэнцыял і ў самой Беларусі — гэта незалежныя цэнтры, грамадзянская супольнасьць, мэдыі, і ўсе гэтыя людзі бачаць ЭГУ менавіта такой пляцоўкай. Палітычныя сілы вельмі слабыя, а грамадзянская супольнасьць разьвітая даволі моцна. Гэта велізарны крэатыўны патэнцыял.

Галоўнае, вядома, робіцца ў Беларусі. Трэба ісьці ў Беларусь. Часта кажуць, што ў Беларусі немагчыма працаваць, там рэпрэсіі, там рэжым... Але гэта ня так. У Беларусі ёсьць шмат незалежных пляцовак. І ёсьць людзі, якія вераць, што ЭГУ — гэта і іх праект.

— Такую прадстаўнічую канфэрэнцыю — з запрашэньнем прадстаўнікоў адміністрацыі ЭГУ, МЗС, амбасадаў на мінулым тыдні ў Вільні зладзілі студэнты. Ці магчыма такое ў Беларусі?

У Беларусі такое нават тэарэтычна немагчыма. Гэта сьведчыць пра тое, што пры жорсткай крытыцы ЭГУ, якая збольшага абгрунтаваная, тут растуць вольныя студэнты, вольныя беларусы, беларусы эўрапейскія. Але ня ўсе выкладчыкі прыйшлі, з прарэктараў большасьць не прыйшла. Гэта азначае, што ня ўсе яшчэ гатовыя да адкрытых дыскусіяў, а яны вельмі важныя.

Гэта праект не прарэктара, не адміністрацыі, гэта праект беларускі

Тут ня трэба бараніць нечыя інтарэсы. Тут трэба проста адстойваць права беларускага грамадзтва ўплываць на ўнівэрсытэт, бо гэта вольны праект. Гэта праект не прарэктара, не адміністрацыі, гэта праект беларускі.

— ЭГУ — даволі закрытая ўстанова, і цяпер кажуць пра непразрыстасьць працэдуры выбараў рэктара. Ці заўважылі вы гэта як кандыдат на гэтую пасаду?

— Закрытасьць сьведчыць пра праблемы. Але праблемы вырашаюцца ў дыскусіях, дэбатах, вострых спрэчках.

Так, ЭГУ — вельмі закрытая ўстанова. Я ўдзельнічаю ў конкурсе, але, шчыра кажучы, ня ведаю правілаў гэтага конкурсу. Вось ужо трэці этап будзе, чарговае сумоўе, я павінен пісаць «action plan», то бок — як я бачу рэформы ў ЭГУ. Але я тут не працаваў. Я вонкавы гулец. Я агульна магу разважаць, ведаю, якая ва ўнівэрсытэту павінна быць місія. Але я ня скарджуся.

Я перакананы, што многае трэба зьмяняць. Таму што мне баліць за ЭГУ. І не таму, што я хачу пакіраваць. Гэта ганарова, канечне, калі б я стаў рэктарам, але я шчыра заклапочаны лёсам ЭГУ. Калі гэты праект закрыецца, калі ён будзе зьнішчаны ў выніку кепскіх крокаў, то гэта будзе ўдар па ўсёй грамадзянскай супольнасьці Беларусі. І зноў бы сказалі тыя дэмакратычныя краіны, якія нам так шмат дапамагаюць, каб мы наблізіліся да Эўропы: «Што беларусам ні даручыш, вынікаў няма». Таму гэта праект, за які трэба стаяць усім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG