Форум індывідуальных прадпрымальнікаў, які адбыўся напярэдадні ў Менску і выклікаў значны ажыятаж сярод гандляроў, ня вырашыў галоўнай задачы — адтэрмінаваць уступленьне ў сілу прэзыдэнцкага ўказу № 222, які абавязвае мець ад 1 сакавіка суправаджальныя дакумэнты на кожную адзінку тавару. Прадстаўнікі галіны канстатуюць, што ў выніку тысячы прадпрымальнікаў будуць вымушаныя спыніць дзейнасьць, бо аптовыя базы ў Расеі, дзе ў асноўным і затаварваюцца беларусы, працуюць без сэртыфікатаў. Колькі засталося жыць гандлёвым цэнтрам?
Падземны комплекс «Купалаўскі», што ў самым цэнтры Менску, сустракае рэдкімі пакупнікамі і шэрагамі павільёнаў з апушчанымі ралетамі. На многіх аркушы з тэлефоннымі нумарамі і красамоўнымі прапановамі: прадам, здам у арэнду, разгледжу варыянты абмену. Прычынай — няпэўнасьць на бліжэйшую пэрспэктыву: наглядныя органы абяцаюць жорстка караць за гандаль без сэртыфікатаў аб паходжаньні і якасьці тавару. Адзін з гандляроў перакананы, што пасьля 1 сакавіка тут застануцца толькі лічаныя «камікадзэ»:
«Ладна, я магу зрабіць, дапусьцім, размытненьне, прывезьці сэртыфікаты і г. д., ёсьць такая магчымасьць. Але ж я ня буду тут адзін стаяць! Ну, яшчэ два калекі якія-небудзь знойдуцца, складуць кампанію. Тут і так нікога няма, а будзе ўвогуле „выпаленая зямля“. Таму сытуацыя папросту тупіковая. У наш бок ад уладаў няма ніякіх крокаў, стаўленьне як да клясавага ворага. Асабіста я ў абсалютным шоку, дый ня толькі я, усе ў шоку ад цяперашняй сытуацыі. Пасьля 1 сакавіка, я перакананы, працэнтаў 70 павільёнаў тут адназначна зачыняцца, а можа, нават і больш».
Спадар Віктар некалькі гадоў як пэнсіянэр. Розьнічны гандаль даваў адчувальны даважак да сьціплай пэнсіі. Але цяпер, кажа ён, народ у такім стане, што для некаторых паход у рэчавую краму — раскоша:
«Джынсікі прапаную, а мне нават маладыя адказваюць: дзякуй, баця, мы свае старыя падлатаем да яшчэ паходзім. Просты і зразумелы адказ. Не да шыку цяпер, у людзей проста няма грошай. Скажам, калі курс быў 10–11 тысяч, тут пустых крамаў не было, пакупнікі хадзілі. То бок штаны каштавалі 500–600 тысяч, і гэта людзей неяк задавальняла. Але цяпер, пры курсе 15 тысяч, пералічы — і атрымаеш 800–900 тысяч. Выцягні такую суму з заробку ў 4 мільёны рублёў, і што атрымаецца — траціну аддаць за штаны? Ці за сукенку, якая каштуе 1 мільён 200 тысяч? Вядома, усялякія ёсьць — і за 900 тысяч, і за 2 мільёны — але палову заробку на анучу ніхто не адшкадуе. Пры гэтым узьнялася плата за кватэру, за іншыя паслугі. Карацей, тупік...»
Яшчэ нядаўна гандлёвы цэнтар «Люстэрка», што ля Камароўскага рынку, лічыўся і папулярным, і прэстыжным месцам для арандатараў. Але, кажа гаспадыня аднаго з павільёнаў спадарыня Вольга, цяпер адсюль разьбягаюцца хто куды:
«Вельмі многія крамы зачыняюцца па ўсіх цэнтрах. Канкрэтна тут, на „Люстэрку“, больш за 40 павільёнаў проста пустуе. Калісьці ў мяне была крама ў гандлёвым цэнтры „Сілуэт“. Дык вось, калі я яе там адкрывала — а гэта было ўсяго два гады таму — на „Люстэрка“ стаяла чарга з ахвотных наняць тут краму! Сюды было ўвогуле ня ўбіцца, толькі празь вялікі блат. А цяпер людзі прадаюць фактычна за бесцань гэтыя крамы, яны нікому непатрэбныя, ніхто іх купляць ня хоча. Увогуле, як мне падаецца, канкрэтна ў гэтага гандлёвага цэнтру будучыні папросту няма».
У згаданым суразмоўцай «Сілуэце» карціна крыху больш прывабная — але, удакладняюць тутэйшыя прадаўцы, хіба што да канца месяца. Калі пойдуць з аблавамі кантралёры, наўрад ці хто захоча выпрабоўваць лёс. Пры гэтым адзін з «іпэшнікаў» зьдзіўлены, што ўлады так упэўнена сякуць сук, на якім сядзяць у адной зьвязцы з прадпрымальнікамі:
«Ужо нават па падатках можаце паглядзець. Калі раней я прыходзіў у падатковую і там 4–5 кабінэтаў інспэктараў было, то сёньня з „патокам“ спраўляецца адзін пакой — нейкіх с..., прабачце за параўнаньне, панабіралі, у якіх нічога не даб’есься. Адзін-два чалавекі са старой гвардыі, якія хоць неяк арыентуюцца, астатнія — цёмны лес. Паколькі там, адпаведна, таксама ня плацяць заробкаў, то ідуць шалёныя скарачэньні. Шчыра кажучы, нават не ўяўляю, як яны плянуюць з гэтымі праверкамі, з усімі справамі, бо там жа штат павінен быць больш-менш рэальны. І я ня думаю, што дзяржава справіцца з гэтай задачай, асабліва што тычыцца канфіскацыі і таму падобных рэпрэсіўных захадаў».
У суседнім комплексе «Атлянтык» настроі падобныя. Гаспадары наракаюць на высокую арэндную плату, якая «зьядае» абаротныя сродкі, ды дзяржаўную палітыку, якая давяла да ручкі і саміх гандляроў, і іх кліентаў:
Грошай у народа няма. Даюць заробак кавалачкамі, каб толькі ногі не працягнулі.
«Грошай у народа няма. Даюць заробак кавалачкамі, каб толькі ногі не працягнулі. Працы ўсё менш, выходзяць на скарочаны графік, на будоўлях зімой увогуле застой. Такая вось сытуацыя з платаздольнасьцю».
Карэспандэнт: «Прасьвет нейкі бачыцца? Што далей?».
«Ну які тут прасьвет? Таньней не працаваць, чым проста сядзець і плаціць арэнду ў далярах. Гэта ж абсурд — у дамове прапісаная арэнда па курсе даляра, як у якой Амэрыцы. Прычым расцэнкі неслабыя — 45 даляраў за мэтар, што, зноў жа, даражэй, чым у Штатах».
Карэспандэнт: «А стандартны павільён якога памеру?»
«Увогуле розныя, але збольшага плошчы па 10–15 мэтраў. Выходзіць, што ўжо за кошт арэнды адчувальна набягае, плюс яшчэ падаткі, пэнсійны фонд. Пры гэтым трэба заплаціць наперад, а што заробіш — яшчэ пытаньне. Гэта ж ня так, што чэсна зарабіў — чэсна заплаціў ад прыбытку. А проста плаці наперад за права работы, вось і ўсё, ды яшчэ па нейкім амэрыканскім курсе. Усе разьлікі трэба весьці ў нацыянальнай валюце, толькі так».
Па выніках форуму 16 лютага прадпрымальніцкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва» прыняло рэзалюцыю, у якой, сярод іншага, гаворыцца: усё, што будзе адбывацца пасьля 1 сакавіка, трэба разглядаць як вынік працы чыноўнікаў, якія пераканалі вышэйшае кіраўніцтва краіны ў правільнасьці выбару кірунку разьвіцьця малога бізнэсу: «Мы па-ранейшаму лічым такі шлях памылковым, бо ён прывядзе да зьнішчэньня ІП і сур’ёзнага ўдару па эканоміцы Беларусі».
Актывісты «Пэрспэктывы» падкрэсьліваюць, што ня будуць ініцыяваць акцыі пратэсту, але ня могуць гарантаваць, што падобныя выступы ня выбухнуць стыхійна. Каб не давесьці сытуацыю да крытычнай, прадпрымальнікі распачалі збор подпісаў за арганізацыю вялікай нарады з удзелам кіраўніка краіны.