Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стваральнік мультфільмаў пра Лукашэнку Павал Марозаў пра тое, як змагацца з прапагандай


Павал Марозаў
Павал Марозаў

На мінулым тыдні незалежны інтэрнэт-тэлеканал ARU TV, які базуецца ў Эстоніі, распачаў новы праект тэлевяшчаньня, арыентаваны на жыхароў Беларусі і Расеі, а таксама на расейскамоўнае насельніцтва Ўкраіны і краінаў Балтыі. Кіраўнік праекту — Павал Марозаў, палітычны ўцякач зь Беларусі. Жывучы яшчэ ў Беларусі, Марозаў стварыў «Мультклюб» — сэрыю сатырычных мультфільмаў пра прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку. Пасьля зьяўленьня гэтых стужак беларускія праваахоўныя органы спрабавалі прыцягнуць іх аўтара да крымінальнай адказнасьці паводле артыкулу «Паклёп у дачыненьні да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь». Павал Марозаў — госьць Свабоды.

Ганна Соўсь: Павал, у якім фармаце працуе новы тэлепраект і якія пэрспэктывы вяшчаньня?

Павал Марозаў: Мы пакуль працуем у фармаце інтэрнэт-вяшчаньня. У нас ёсьць вэб-сайт, канал на youtube, старонкі ў сацыяльных сетках і праз усё гэта мы працуем. Далей мы плянуем і заставацца ў інтэрнэце, і супрацоўнічаць зь іншымі каналамі клясычнага тэлебачаньня і кабэльнымі сеткамі ў рэгіёне. Цяпер у нас тры штотыднёвыя перадачы. Праграма з Арцеміем Троіцкім «Рознакаляровыя навіны», якая дае карціну тыдня ў аўтарскім аглядзе.

Ёсьць мультыплікацыйны фармат «Час хлусіць», гэта пародыя, скетч на фэдэральныя каналы расейскага тэлебачаньня, якія займаюцца прапагандай у нашым рэгіёне.

Ёсьць фармат «Экспэрт», дзе розныя вядомыя людзі, такія як Віктар Шандаровіч кажуць «на злобу дня».

І таксама раз на некалькі месяцаў мы плянуем рабіць трэш-парад самых яркіх навінаў з галіны трэш-навінаў з Арцеміем Троіцкім.

Ёсьць некалькі тэкставых фарматаў, якія дапаўняюць гэтую карціну. Мы працуем як штотыднёвік, бо пакуль ня так шмат рэсурсаў і магчымасьцяў. Раз на тыдзень маем 3-4 праграмы, плюс навіны і дадатковыя тэксты і відэа. Мы прытрымліваемся такой канцэпцыі. што ў сучасным сьвеце ў чалавека столькі магчымасьцяў атрымаць інфармацыю, таму, калі даваць, дык тое, што ён ня знойдзе ні ў якім іншым месцы.

Соўсь: Якая каманда працуе цяпер над праектам?

Марозаў: Каля 15 чалавек. Ня ўсе знаходзяцца ў Эстоніі, хтосьці ў Беларусі, Расеі і Ўкраіне. Такая сеткавая праца атрымліваецца. У нас атрымаўся добры сплаў вядомых прафэсіяналаў і маладой каманды .

Соўсь: З восені пачаў вяшчаньне расейскамоўны тэлепраект «Настоящее время», які ствараюць карэспандэнты Радыё Свабода і Голасу Амэрыкі. Ён таксама разьлічаны на расейскамоўную аўдыторыю былых постсавецкіх краінаў, пераважны тых, што мяжуюць зь Расеяй. У чым адметнасьць вашага расейскамоўнага праекту?

Марозаў: Такіх ініцыятываў цяпер не адзінкі. Ёсьць некалькі праектаў ва Ўкраіне, у краінах Балтыі ствараюцца расейскамоўныя каналы. Я лічу, што зараз чым больш такіх каналаў будзе, тым лепей. Трэба час, каб кожны зь іх знайшоў адметнасьць і нішу. І потым у любым выпадку трэба думаць над тым, як гэта ўсё можа працаваць разам. Нейкую супэр-структуру ствараць кшталту Першага тэлеканалу расейскага тэлебачаньня толькі наадварот, ня лічу мэтазгодным. Гэта ня будзе добра працаваць А калі вось у кожным выпадку будзе штосьці адметнае, я лічу, што гэта можа спрацаваць добра. А нашая адметнасьць — гэта гумар і сатыра. Мы будзем спрабаваць разьвіваць гэты напрамак.

Соўсь: Адна зь цяперашніх перадачаў — анімацыйны скетч у жанры палітычнай сатыры «Час хлусіць», якая парадзіруе прапагандысцкія мэтады працы дзяржаўных СМІ Беларусі і Расеі. Вы ў свой час фактычна вымушаны былі зьехаць зь Беларусі з-за вашага сатырычнага праекту «Мультыклюб». На вашае ўражаньне, сярод розных спосабаў супрацьдзеяньня прапагандзе расейскіх СМІ сатыра на якім месцы?

Марозаў: Для мяне асабіста на першым месцы. Вельмі эфэктыўныя таксама журналісцкія расьсьледаваньні на вострыя тэмы. Чым эфэктыўныя гумар і сатыра? Людзі ў нашых краінах жывуць з пачуцьцём страху. Гэта вядома ня сталінскі час, але страх ёсьць у падсьвядомасьці. І калі чалавек глядзіць нешта сьмешнае і сьмяецца, то гэтае пачуцьцё адступае, і ён можа думаць больш свабодна. Таму я лічу, што гумар і сатыра вельмі патрэбныя для разьвіцьця крытычнага мысьленьня.

Соўсь: На якую аўдыторыю разьлічаны гэты праект? Якія магчымасьці глядзець гэты праект у Беларусі?

Марозаў: Мы разьлічваем на рэгіянальную аўдыторыю. На беларусаў, вядома, на людзей, якія карыстаюцца расейскай мовай у краінах Балтыі, ва Ўкраіне, у самой Расеі. Мы спрабуем да іх даклікацца праз інтэрнэт-старонкі, але плянуем дамаўляцца з нашымі калегамі зь незалежных СМІ, каб рабіць інфармацыйны абмен.

Соўсь: Хто фундатары вашага праекту?

Марозаў: Праект узьнік як клясычны стартап. Сама ідэя нарадзілася год таму на хвалі цікавасьці да Майдану, падзеяў ва Ўсходняй Украіне. Найперш мы ўдзячныя рэгіянальнай праграме mymedia, якая існуе ў рэгіёне і падтрымлівае незалежныя СМІ пры дапамозе дацкага МЗС. Яны рабілі конкурс такіх праектаў, і мы атрымалі першае месца. Некалькі нашых сяброў-бізнэсоўцаў таксама дапамаглі нам. Фонд Маршала таксама падтрымаў. Так атрымаўся гэты праект. Мы лічым, што празь некалькі галоў будзе фінансавая ўстойлівасьць за кошт традыцыйных спосабаў, у тым ліку і рэклямы. Але пакуль пытаньне рэсурсаў для нас істотнае.

Соўсь: Ці можна так сказаць, што гэты праект робяць пераважна беларусы?

Марозаў: Канечне, беларусаў у праекце вялікая колькасьць, але ёсьць і эстонцы, і расейцы, і ўкраінцы. Гэта інтэрнацыянальная каманда, у якой шмат беларусаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG