Гаворачы пра Эўразійскі саюз, Лукашэнка падкрэсьліў, што менавіта Казахстан быў супраць паглыбленьня інтэграцыі ў межах саюзу, пярэчыў супраць адзінай візавай палітыкі, супраць палітычнай інтэграцыі. А ён — як бы і не.
Паводле яго, Саюзная дзяржава — гэта і палігон, і лякаматыў інтэграцыі. Упершыню за шмат гадоў кіраўнік Беларусі прыгадаў, што далейшая інтэграцыя ў межах Саюзнай дзяржавы можа адбыцца праз рэфэрэндум аб будучыні гэтай дзяржавы.
«Але Расея заўпарцілася» — сказаў Лукашэнка. Абвінавачваньні Расеі ў тым, што яна тармозіць інтэграцыю, часта гучалі з вуснаў кіраўніка Беларусі пры прэзыдэнцтве Ельцына і на самым пачатку кіраваньня Пуціна. Потым у 2002 годзе Пуцін у пэўным сэнсе злавіў Лукашэнку на слове, прапанаваўшы Беларусі банальна ўступіць у РФ.
Пасьля словы аб тым, што Расея не ідзе на інтэграцыю, крыху сьцішыліся. Зараз словы пра інтэграцыю праз рэфэрэндум, на які гатовы Менск і не гатовая Масква, ізноў прагучалі. Наўрад ці гэта новая палітычная ініцыятыва, хутчэй рытарычны адказ на абвінавачваньні з боку асобных расейскіх СМІ і палітыкаў у «здрадзе».