Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Мне ўдалося зьвярнуць галаву агалцеламу нацыяналізму (ЖЫВЫ БЛОГ)

абноўлена

Лукашэнка дае прэс-канфэрэнцыю з удзелам незалежных журналістаў. Магчымасьць задаць пытаньне кіраўніку дзяржавы атрымалі 260 журналістаў.

18:07 29.1.2015

Марына Адамовіч: Статкевічу на Плошчу званіў нецьвярозы чалавек, магчыма, правакатар

Жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча на просьбу карэспандэнта Свабоды пракамэнтавала выказваньні Аляксандра Лукашэнкі на адрас яе мужа.

18:06 29.1.2015

Лукашэнка прапануе выбудаваць сыстэму працы з журналістамі.

Узгадвае Давыдзьку, Кісяля – «вылазьце з-пад венікаў і прапануйце. Давайце весьці дыялёг. Нават Сярэдзіч, апазыцыйны чалавек, заклікае да міру». Зноў цытуе Тацяну Мельнічук – маўляў, правільна сказала: «Моцная ўлада крытыкі не баіцца». Узгадвае Tut.by – «Дзе 10 пытаньняў»?​

Кажа пра новы мэдычны цэнтар, які будуецца ў Ждановічах. Маўляў, гораду патрэбная новая бальніца, але гэта дорага. Таму аддаём вялікі шпіталь гораду – «добрая бальніца, клясная, не заняпалая, як у райцэнтры. А замест яе будуем маленькі цэнтар. А вы мяне за гэта крытыкуеце. Я ж у бальніцы не лячуся. Зрабілі дзьве апэрацыі на калене, і ўсё. Я здаровы. Гэта для людзей». Што тычыцца "няўклюднасьці ўлады" – я вас пачуў.​ Загадаў накарміць людзей і адправіць дадому.

17:56 29.1.2015

«Івацэвіцкі весьнік» пытаецца, якія месцы Лукашэнка параіў бы наведаць у Беларусі.​

Лукашэнка пералічвае Белавескую пушчу, Прыпяць, Гомель, Берасьце, сталіцу. Кажа, што ня можа нават выдзеліць нешта. Узгадвае і раённыя цэнтры, якія прывялі ў парадак. Кажа, што ёсьць і недахопы, якія трэба пераадолець.

Журналістка Радыё ОНТ дзякуе ўсім, кажа, што сёньня паставілі своеасаблівы рэкорд – амаль 7 гадзін размовы. Запытвае, якое пытаньне было самым цікавым для Лукашэнкі. Лукашэнка адказвае, што менавіта яе пытаньне. Кажа, што раней было шмат неканструктыўнага, а цяпер гэтага няма. Не было рэзкіх выпадаў. Нават апазыцыянэры не зацікаўленыя, каб ісьці «сьценка на сьценку». Узгадвае Сярэдзіча, які сказаў, што нам не патрэбная канфрантацыя. Лукашэнка кажа, што «хопіць бадацца». Зноў узгадвае «так званую апазыцыю». Распавядае, што жорстка патрабаваў ад прэс-сакратара і кіраўніка адміністрацыі запрасіць усе апазыцыйныя выданьні.​

Пытаецца ў Сярэдзіча, ці ёсьць тут прадстаўнікі апазыцыйных выданьняў. Сярэдзіч кажа, што некалі сам Лукашэнка назваў «Народную Волю» супэрапазыцыйнай. Але гэта дэмакратычнае выданьне. Лукашэнка просіць задаць яму нязручнае пытаньне: «Устаньце, хто хоча задаць нязручнае пытаньне».​

Тацяна Мельнічук, карэспандэнт ВВС, кажа, што ў яе ёсьць рэпліка. Моцная ўлада не павінна помсьціць за рэзкія выступленьні СМІ. Моцная ўлада не баіцца крытыкі. Кажа, што карыкатурнымі выглядаюць дзеяньні ўлады, калі арыштоўваюць і судзяць тых чатырох чалавек, што выйшлі з надпісам «Я – Шарлі», калі ўвесь сьвет гэта робіць. Заклікае, каб Лукашэнка пагаварыў з чыноўнікамі, каб тыя не псавалі імідж краіны.​

Лукашэнка пагаджаецца. І дае каманду разабрацца, хто даў такія распараджэньні і навошта.​

17:40 29.1.2015

Непрыемнае пытаньне пра карупцыю

Сяргей Сацук, "Ежедневник": Кажа, што няма сыстэмнай барацьбы з карупцыяй. Кожнае ведамства сваімі інструкцыямі адгарадзілася ад журналістаў. Раней журналісту можна было ўзяць у судзе любую даведзеную да канца крымінальную справу па карупцыі. Цяпер не даюць, бо ня хочуць агалоскі. Чыноўнікі перапісваюць маёмасьць на сваякоў, на пабочных асобаў. Ідзе рэальная барацьба з барацьбой паказной. Крытыкуе тэндэры. Узгадвае дрэваапрацоўку, зь якой увесь сьвет сьмяецца, і Мальцава. Бо не было дакумэнтацыі, бізнэс-плянаў. Кажа, што калі б туды кінулі Косінца, было б тое самае. Кажа, што прэзыдэнт пачаў страчваць кантроль над барацьбой з карупцыяй. Чаму пад выглядам барацьбы з карупцыяй ідзе стварэньне ўмоваў для карупцыі чыноўнікам сярэдняга зьвяна?

Лукашэнка кажа, што патрэбныя факты. Ухіляецца ад тэмы: кажа пра БелАЗ, які цяпер наўрад ці будавалі б. Бо эканоміку раней стваралі ў адзінай дзяржаве. Кажа пра сельскую гаспадарку, лясную гаспадарку. Што дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы сталі прайграваць, мы куплялі за мяжой нават ДВП пліты. Узгадвае Якубовіча – маўляў, той купляў паперу для газэты ў Кандапозе. Таму мадэрнізацыя была патрэбная. Распавядае, як бралі крэдыты ў немцаў, як ён сам бываў на дрэваапрацоўчых прадпрыемствах. Пераконвае Сацука, што цяпер мэблевыя фабрыкі адрадзілі.​

Вяртаецца да карупцыянэраў. Кажа, што яны, напэўна, ёсьць. Зноў узгадвае Мальцава, якога падтрымліваў. Мальцаў не зрабіў кацельную, нешта казаў пра туркаў – ня справіўся.​

Кажа, што законаў дастаткова. Цяпер рыхтуецца новы закон аб барацьбе з карупцыяй. Праект яго "насьцярожыў". Паўтарае, што "калёным жалезам" выпальвае гэтую заразу – карупцыю. Але пазбавіцца ад яе цяжка. Гэта зараза, якую перамагчы немагчыма, трэба зьвесьці яе да мінімуму. Заклікае Сацука знайсьці факты. Сацук зноў паўтарае пра закрытасьць дзяржорганаў ад СМІ. Распавядае, як тры месяцы Сьледчы камітэт трымаў на праслухоўваньні "Ежедневник", выклікалі на допыты і галоўнага рэдактара, і нават рэклямны аддзел.

Лукашэнка абяцае сваю падтрымку і загадвае кіраўніку адміністрацыі Аляксандру Мікалаевічу Косінцу разабрацца. Патрабуе канкрэтныя факты без эмоцыяў.

17:18 29.1.2015

17:15 29.1.2015

Чаго не хапае сталіцы, што павінны людзі рабіць.

«Минск-Новости», Кацярына Дубінская.

«Менску не хапае лоску», – кажа Лукашэнка. Гораду трэба надаць лоск, каб кварталы, раёны мелі завершаны выгляд. Шорац павінен знайсьці пару-тройку добрых архітэктараў, каб надаць завершаны від пабудаванаму.​

Упікае былому мэру Ладуцьку, што ў Менску шмат закінутых участкаў, праблемаў, якія ляжаць на паверхні. Трэба «дапрацаваць» Менск, больш будаваць у рэгіёнах, а не перанасяляць Менск. На дарогах таксама павінен быць «лоск». Кажа, што грошай у сталіцы дастаткова.​

Узгадвае скрыжаваньне праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Філімонава, загадвае тэрмінова будаваць разьвязку. Просіць далажыць, што адбываецца на будоўлі "Менск-Сіці". Заклікае наводзіць парадак.

17:12 29.1.2015

Пра задачы новаму кіраўніку Менску: "Менску не хапае лоску. У нас утульны, але месцамі вясковы горад. Трэба знайсьці архітэктараў, якія б надалі яму лоску, бо мы шмат набудавалі неабдумана, цяпер трэба ўдасканальваць. У гэтым сэнс лоску".

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG