МЗС Расеі адзначае, што 15 студзеня Ўладзімер Пуцін накіраваў Пятру Парашэнку пасланьне пра неабходнасьць няўхільнага выкананьня бакамі канфлікту рэжыму «цішыні» і захаваньня дамоўленасьці аб адводзе цяжкай артылерыі ад лініі кантакту. Пуцін таксама прапанаваў паслугі Расеі ў маніторынгу спыненьня агню.
У гэты час у аэрапорце Данецку ішлі жорсткія баі, і сэпаратысты сьпяшаліся паведаміць, што занялі яго. Але ўкраінскія войскі правялі апэрацыю супраць расейскіх вайскоўцаў і сэпаратыстаў у Данецкім аэрапорце, адкінуўшы іх зь вялікімі стратамі.
Гэтыя баі паставілі пад сумнеў менскія дамоўленасьці аб спыненьні агню і ўрэгуляваньні крызісу.
Расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін лічыць, аднак, што «менскі працэс» як пошук шляхоў купіраваньня канфлікту спыніцца ня можа, бо для збройнага вырашэньня не хапае рэсурсаў ні ў Расеі, ні ва Ўкраіны, ні ў самаабвешчаных рэспублік.
Цяпер ідзе абмен ударамі — змаганьне за лінію фронту вакол Данецку і Марыюпаля.
«Цяпер ідзе абмен ударамі — змаганьне за лінію фронту вакол Данецку і Марыюпаля. З аднаго боку, ідзе дыпляматычная гульня, але час, які сыходзіць, выкарыстоўваецца сэпаратыстамі, каб пашырыць падкантрольную тэрыторыю — цяперашняй тэрыторыі ім яўна не хапае для кіраваньня. Украіна гэтаму моцна супраціўляецца і хоча зафіксаваць сэпаратыстаў на пятачку, на якім заведама немагчымае эканамічнае існаваньне 4,5 мільёна чалавек. Лёгіка цалкам зразумелая», — кажа Дзьмітры Арэшкін.
Зыходзячы з таго, што сілаў для збройнай перамогі ва ўдзельнікаў канфлікту няма, абвастрэньне, якое назіраецца апошні тыдзень, зьменіцца пошукам кампрамісаў, бо будуць страты ў абодвух бакоў і стане зразумелым, што баявымі дзеяньнямі радыкальных перамен дасягнуць ужо немагчыма, лічыць палітоляг:
«Так ці інакш, але дамаўляцца давядзецца. І тут прыходзім да пытаньня — што патрэбна Ўладзімеру Пуціну? Для мяне відавочна, што казка пра зьбіральніка рускіх земляў ужо ў мінулым. У Расеі няма ні эканамічных, ні дыпляматычных, ні нават вайсковых рэсурсаў для таго, каб прышпіліць былыя савецкія краіны назад. Імідж Расеі цяпер ідзе ўніз, і далучыцца па-добраму да гэтай падводнай лодкі, якая ідзе на дно, ахвотных вельмі мала. Грошай у Расеі няма, таму разважаць пра Пуціна як пра чалавека, які аднаўляе „вялікую і магутную савецкую імпэрыю“, проста неактуальна. Ён і сам гэта дастаткова добра разумее. Краіна павінна быць багатая і прывабная, мець пазытыўны імідж — гэта было ў першай палове нулявых. Але не цяпер: эканоміка ідзе на спад, застой, адток капіталу і насельніцтва, і толькі па тэлевізары гучны барабанны бой».
Паводле Дзьмітрыя Арэшкіна, расейскае грамадзтва існуе на двух узроўнях: прапагандысцкім і рэальным. І калі на першым, які рэтрансьлюецца дзяржаўнымі тэлеканаламі, Расея дае адпор Захаду і ўзнаўляе былую моц СССР, то на другім — стварае ў Данбасе Прыднястроўе-2, адступаючы тым самым на Ўсход:
Ёсьць два ўзроўні жыцьця пуцінскай прасторы: прапагандысцка-тэлевізійны ўзровень, дзе мы падымаемся з кален, даем адпор ЗША, ствараем Эўразійскі саюз; і ўзровень нізкай практыкі, дзе рубель падае, Беларусь і Казахстан ня хочуць слухацца Крамля, уяўленьне пра тое, што Эўразійскі саюз можа выконваць функцыі СССР, яўна не працуе, Украіна далёкая як ніколі раней, Прыднястроўе здадзенае і забытае.
«Ёсьць два ўзроўні жыцьця пуцінскай прасторы: прапагандысцка-тэлевізійны ўзровень, дзе мы падымаемся з кален, даем адпор ЗША, ствараем Эўразійскі саюз; і ўзровень нізкай практыкі, дзе рубель падае, Беларусь і Казахстан ня хочуць слухацца Крамля, уяўленьне пра тое, што Эўразійскі саюз можа выконваць функцыі СССР, яўна не працуе, Украіна далёкая як ніколі раней, Прыднястроўе здадзенае і забытае. Замест гэтага з-за неабходнасьці і непазьбежнасьці, бо не хапае ні сродкаў, ні тэхнікі, ні людзей, ствараецца другая прамежкавая зона, якая ня мае рэальнага палітычнага статусу, якая цалкам залежыць ад Расеі, але, як кажа Пуцін, „павінна быць у межах тэрыторыі Ўкраіны“, каб у гэтым гнайніку заўсёды можна было пакалупаць качаргой і сарваць любыя пазытыўныя зьмены ва ўкраінскай палітыцы і эканоміцы. І хацелася б быць зьбіральнікам земляў, але кароткія пяты, таму будзе стварацца Прыднястроўе-2 — у дзясяткі разоў больш шматлюднае і больш дарагое ў палітычным і эканамічным сэнсе і на 1000 кілямэтраў бліжэйшае да Масквы. Таму можна сьцьвярджаць, што пуцінская стратэгія палягае ў рытарычным наступе і адначасова ў рэальным адступленьні на Ўсход».
Цягам апошняга тыдня рэзка павялічылася колькасьць абстрэлаў ўкраінскіх пазыцыяў і населеных пунктаў з боку баевікоў «ДНР» і «ЛНР» па ўсёй лініі фронту, ёсьць ахвяры сярод мірнага насельніцтва.
Згодна зь Менскім пратаколам ад 5 верасьня і Менскім мэмарандумам ад 19 верасьня лінія разьдзелу павінна пралегчы ў адпаведнасьці з тымі пазыцыямі, якія кожны з бакоў займаў паводле стану на 19 верасьня. Украінскія вайскоўцы на той момант кантралявалі Данецкі аэрапорт. Таму ініцыяваныя сэпаратыстамі баі можна лічыць адмовай ад дыпляматычных шляхоў вырашэньня канфлікту і вяртаньня да збройных мэтадаў.