Міхаіл Баярын — філёзаф і лінгвіст, нарадзіўся ў 1978 годзе, атрымаў адукацыю ў клясычнай філялёгіі (лацінская і старагрэцкая мовы і літаратуры) і праграмаваньні, некаторы час жыў і вучыўся ў Варанасі (Індыя), аўтар падручніка «Ўводзіны ў традыцыйны санскрыт», перакладчык Бгагавад-Гіты з санскрыту на беларускую мову. Кніга «Самабыцьцё» выйшла ў 2014 годзе ў выдавецтве «Логвінаў» (Вільня).
«Самабыцьцё» — гэта кніга-ўводзіны ў традыцыю Ведаў
«Самабыцьцё» — гэта кніга, якая была задумана як уводзіны ў санскрыцкую культуру, традыцыю Ведаў. Адлегласьць паміж сучасным чалавекам і чалавекам традыцыйнага сьвету вялікая. І літаральны паслоўны пераклад з санскрыту на сучасныя мовы амаль немагчымы. І тлумачэньне аднаго слова звычайна разгортваецца ў цэлае эсэ.
Гэтая кніга — вынік майго асабістага падарожжа назад, да Пачатку ўсяго. Усё, што ёсьць, паходзіць з папярэдняга і ўрэшце рэшт зыходзіць з самога Пачатку. Або можна сказаць, што гэта Пачатак стаў усім, што ёсьць. Шлях назад — гэта адсочваньне Пачатку па ягоных сьлядах. Гэта спроба прайсьці да Пачатку тым шляхам, якім ён прыйшоў сюды.
Пачатак — ідэя, немагчымая для нашага розуму
«Самабыцьцё» — гэта перадусім кніга пра Пачатак. Пачатак — гэта ідэя, немагчымая для нашага розуму. Бо Пачатак мае пачынацца, інакш ён не Пачатак, ён ня можа проста заўсёды быць. І ён ня можа мець іншы Пачатак, бо тады ён ужо не Пачатак, а працяг. Такім чынам, Пачатак можа ўзьнікнуць толькі сам. Таму самаўзьнікненьне, з аднаго боку, абавязковае, а з другога боку — немагчымае. Ідэя Пачатку — гэта і ёсьць ідэя самаўзьнікненьня, самабыцьця.
Чалавек ідзе да Пачатку, таму што ідэя Пачатку — гэта яшчэ і ідэя Радзімы. Пачатак абавязкова мае на ўвазе Свой Пачатак. Чалавек ідзе да Пачатку, калі шукае Сваё. Таму, зь іншага боку, чалавек ідзе да Пачатку, калі адчувае адчужэньне, калі вакол Несваё. Я думаю, прычына, зь якой мы вучым беларускую мову і гаворым на ёй, і мая прычына вывучэньня санскрыту — тая самая. Мной, безумоўна, у значнай ступені рухала адчужэньне ад сучаснасьці, таго спосабу, якім яна фарматуе сьвет, якую ролю адводзіць у ім асобе і чалавеку. Сьвет Традыцыі быў той чароўнай апорай, якую можна было супрацьставіць адчужанай рэчаіснасьці.
Мой асабісты шлях да Пачатку прывёў мяне да вывучэньня санскрыту, сьвятарнай мовы старажытнай Індыі. Я прысьвяціў гэтаму амаль 15 гадоў. У гэтым годзе выйшаў першы беларускі падручнік санскрыту, што стаўся вынікам гэтага вывучэньня — «Уводзіны ў традыцыйны санскрыт». Сьпярша мне здавалася, што я вывучаю мову, каб чытаць на ёй тэксты. Але ў выніку значэньне мовы, яе граматыкі аказалася для мяне нашмат большым, чым усе тэксты, на ёй напісаныя.
«Самабыцьцё — ідэя, якую я знайшоў галоўнай у традыцыі Ведаў»
Такім чынам, падарожжа да Пачатку аказалася для мяне падарожжам у іншую культуру. І гэтая кніга — тое, што я змог прынесьці адтуль з сабой — на жаль, немагчыма прынесьці яе ўсю, можна толькі паспрабаваць зрабіць мост ці пакінуць сьляды на сваім шляху. Самабыцьцё — гэта ідэя, якую я знайшоў галоўнай і самай істотнай у традыцыі Ведаў. І гэтая ідэя здаецца мне цалкам неабходнай для нашай культуры. Бо гэта ідэя самастойнасьці і зыходжаньня з самога сябе. Яна праводзіць вось паміж Пачаткам і чалавекам.
Пачатак можа быць толькі пачаткам працягу. Кніга пра Пачатак — гэта абавязкова яшчэ і кніга пра працяг, пра шлях, які пакідае Пачатак, калі становіцца ўсім, і пра шлях, якім да яго вяртаюцца. Таму, з другога боку, «Самабыцьцё» — гэта яшчэ кніга пра працяг і ўзнаўленьне Пачатку — пра Традыцыю, Спадчыну. Ідэя Традыцыі ня менш немагчымая за ідэю самабыцьця. Традыцыя — гэта сувязь настаўніка і вучня. Але настаўнік — абавязкова вучань свайго настаўніка, якога ён увасабляе і пераймае. Такім чынам, уся пасьлядоўнасьць Традыцыі пераймае першага настаўніка, Пачатак. Ідэя Традыцыі — гэта ідэя пераданьня Пачатку. А спадкаемец Традыцыі сам становіцца Пачаткам.
Стварыць зь беларускай мовы Санскрыт
«Самабыцьцё» — кніга пра Традыцыю, і яна сама насьледуе прынамсі тром традыцыям. Яна складаецца з тэкстаў двух відаў: гэта пераклады невялікіх урыўкаў старажытных санскрыцкіх тэкстаў — і мае развагі, мэдытацыі на гэтыя творы. Такім чынам, кніга, з аднаго боку, працягвае індыйскую традыцыю камэнтарыяў — гэта галоўны жанр старажытнаіндыйскага мысьленьня. У асноўным аб’ектам камэнтарыяў тут зьяўляюцца вершы, і філязофія нараджаецца як камэнтар да паэзіі. А з другога боку, форма гэтых камэнтарыяў працягвае зусім іншую традыцыю — традыцыю эўрапейскай эсэістыкі, традыцыю парушальнікаў традыцыі.
Доўгі час я лічыў пераклад з санскрыту справай амаль немагчымай і безнадзейнай. Настолькі далёкая сьвядомасьць і мова сучаснага чалавека ад сьвету Традыцыі. Але ў 2010 годзе я адважыўся пачаць выконваць даўнюю мару — пераклад Бгагавад-Гіты, сьвятарнага тэксту індуізму. Я хутка зразумеў, што сучасная літаратурная мова вытрымаць зьмест такога перакладу ня зможа. Гэты пераклад магчымы, толькі калі стварыць зь беларускай мовы яшчэ адзін Санскрыт, збудаваць яе граматыку нанова, паводле ўзораў граматыкі Паніні, зрабіўшы яе роўнай. Так нарадзілася ідэя Свамовы, ідэалу чыстай беларускай мовы, здольнай самастойна называць сьвет, зыходзячы з самой сябе. Гэта мае быць мова высокай паэзіі і філязофіі.
Свамова — кульмінацыя традыцыі беларускага моўнага пурызму
Пераклады, зьмешчаныя ў гэтай кнізе, зроблены на Свамову. І мысьленьне пра гэтыя творы адбываецца таксама на Свамове. Гэта патрабуе ад чытача засваеньня асаблівага, не канцэптуальнага, а этымалягічнага мысьленьня. І хаця гэта ў бальшыні тыя самыя, добра знаёмыя беларускія словы, тут яны маюць перадусім словаўтваральны, этымалягічны сэнс. З майго пункту гледжаньня, Свамова — гэта кульмінацыя традыцыі беларускага моўнага пурызму, найбольш вядомымі прадстаўнікам якога зьяўляюцца Ян Станкевіч і Вацлаў Ластоўскі.
Пурызм — гэта было імкненьне ачысьціць беларускую мову ад усяго чужога, зрабіць яе максымальна асаблівай і непадобнай на мову суседніх народаў. У адрозьненьне ад пурызму, Свамова робіць ачышчэньне не па адзінках, а ўсяго адразу, зьмяняючы крытэрый прыналежнасьці да мовы. Беларускае ў Свамове — гэта тое, што ўтвараецца па беларускіх правілах, а ня тое, што найбольш адрозьніваецца ад польскага, расейскага і ўкраінскага. Беларускі пурызм — гэта трэцяя традыцыя, якую насьледуе «Самабыцьцё». А ідэя Свамовы — гэта тое, чым становіцца ідэя Самабыцьця, дастасаваная да беларускай мовы.
Мова беларускага фальклёру найбольш адэкватна перадае стыль Рыг-Веды
Свамова не магла б зьявіцца ў іншай культуры, з устойлівай і доўгатрывалай літаратурнай нормай. З аднаго боку, Свамова адкрывае свабоду словаўтварэньня, а з другога боку — вяртае нарматыўнасьць неўнармаванай звышдыялектнай мове беларускага фальклёру. Парадаксальна, але мова беларускага фальклёру найбольш адэкватна перадае стыль Рыг-Веды. Пераклад Рыг-Веды на беларускую мову, які робіць цяпер выдатны паэт Ігар Кулікоў, — адзін з самых дакладных і паэтычна дасканалых перакладаў. І гэта пераклад на Свамову.
Свамова не замяняе сабой сучасную беларускую мову, яна яе дапаўняе. Свамова становіцца на месца адсутнага ў нас высокага стылю, адпаведна пасоўваючы існую норму крыху ніжэй. І хаця ідэя Свамовы мае на ўвазе зварот да пачатковага і архаічнага, яе форма рэалізацыі вельмі сучасная. Для пачатку гэта будзе праграма-дэрыватар, даступная праз вэб-інтэрфэйс як дапаможнік па беларускім словаўтварэньні. Яна дазволіць, з аднаго боку, відавочна паказаць словаўтваральнае багацьце, якім мы карыстаемся занадта мала, а з другога боку, засвоіць канструктыўны, а не спажывецкі падыход да мовы.
Гэтая кніга магла быць створаная такой толькі па-беларуску
Калі я гляджу на гэтую кнігу як вынік, я разумею, што гэта вельмі асабістыя ўводзіны ў культуру і традыцыю Ведаў. Яна не выглядае такой у кнігах па гісторыі і культуры, яна не выглядае такой для сучасных індолягаў і сучасных індуістаў. То бок, калі сказаць, што ў гэтай кнізе больш ад аўтара, чым ад Традыцыі, гэта можа быць цалкам апраўдана. Але, зь іншага боку, гэтая кніга магла быць створаная такой толькі па-беларуску. Толькі ў люстэрку беларускай мовы і культуры, засяроджанай вакол ідэі Мовы, магло зьявіцца такое адлюстраваньне.