У судзе Першамайскага раёна разглядаецца скарга праваабаронцы Алены Танкачовай на рашэньне аб яе выдварэньні зь Беларусі за некалькі парушэньняў Правіл дарожнага руху. Танкачова, яе адвакат і незалежныя юрысты перакананыя ў незаконнасьці такога рашэньня.
Падтрымаць Алену Танкачову, як і ў першы дзень, у суд прыйшлі сваякі, сябры і паплечнікі-праваабаронцы. Некаторыя нават ня здолелі трапіць у залю паседжаньняў і чакалі перапынку ў калідоры. Сярод іншых — жонка палітвязьня Міколы Статкевіча Марына Адамовіч. Спадарыня Марына кажа, што прыйшла яшчэ і для таго, каб перадаць Алене прывітаньне ад Міколы:
«Мікола ўважліва сочыць за сытуацыяй з Аленай, наколькі гэта мажліва. І вось літаральна ўчора я атрымала ягоную просьбу перадаць Алене словы падтрымкі і сказаць, што ўлада „высока“ ацаніла яе дзейнасьць, што яна можа ганарыцца сабой і каб трымалася і вярталася».
У другі дзень у судзе быў дапытаны начальнік ДАІ Першамайскага раёну Менску. Агулам слуханьні былі прысьвечаныя адміністрацыйным правапарушэньням, на падставе якіх Алену Танкачову высылаюць зь Беларусі — перавышэньне хуткасьці язды на аўтамабілі. Але ці маюць гэтыя факты дачыненьне да працэдуры высылкі? Алена Танкачова пра ход працэсу кажа гэтак:
«Надзвычай засмучае слабая і нематываваная пазыцыя прадстаўнікоў Першамайскага раёну. А галоўнае, на што хацелася б зьвярнуць увагу, — што галоўным пытаньнем будзе тое, як суд будзе інтэрпрэтаваць усе сабраныя матэрыялы і доказы. І ў гэтым сэнсе нельга рабіць нейкія прагнозы, а чакаць трэба толькі судовага рашэньня».
Адвакат заяўніцы Ірына Радзькова настойліва даводзіла суду, што за перавышэньне хуткасьці Алена Танкачова была пакараная пазбаўленьнем віду на жыхарства і гэткім чынам зьліквідавала сваю адказнасьць за ўчыненае адміністрацыйнае правапарушэньне. А галоўнае — тое, што гэтыя правапарушэньні ня ёсьць падставай для высылкі. Працэдура высылкі замежнага грамадзяніна з тэрыторыі краіны, прадугледжвае такія правіны, як парушэньне грамадзкага парадку, пагрозу нацыянальнай бясьпецы ды іншае падобнае, але не перавышэньне хуткасьці язды на аўтамабілі. З такой трактоўкай пагаджаецца і юрыст Юры Чавусаў, які таксама быў у судзе:
«Падставаў для высылкі Алены Танкачовай няма. На гэта акурат адвакат і зьвярнула ўвагу ў сваім выступе. Але адчуваецца, што суд не скіраваны на высьвятленьне гэтага пытаньня».
Паводле рашэньня, якое вынесла адміністрацыя Першамайскага раёну Менску 30 лістапада, праваабаронца Алена Танкачова мусіла пакінуць Беларусь бяз права ўезду цягам трох гадоў. 17 сьнежня аддзел па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Менгарвыканкаму гэтае рашэньне пакінуў у сіле. З гэтай нагоды былы палітвязень і праваабаронца Алесь Бяляцкі сказаў наступнае:
«Гэтая справа мае відавочны палітычны падтэкст. І калі ня будзе палітычнага рашэньня, каб зьмяніць заплянаваны вынік, то спадарыню Танкачову проста выкінуць зь Беларусі. І зразумела, што выкінуць за актыўную грамадзянскую пазыцыю, за тыя ацэнкі, якія яе арганізацыя давала наконт свабоды слова і сродкаў масавай інфармацыі ды ў іншых пытаньнях. Таксама ўсё гэта відавочна ўкладаецца ў падрыхтоўку ўладаў да выбараў, калі яны спрабуюць любымі сродкамі нэўтралізаваць непажаданых актывістаў — ці то праваабаронцаў, ці то журналістаў, ці то іншых грамадзкіх дзеячаў. З боку ўладаў кампанія ўжо пачалася, і гэта наступ на дэмакратычную супольнасьць Беларусі»..
Судовы працэс у справе высылкі праваабаронцы Алены Танкачовай працягнецца ў панядзелак, 12 студзеня.