Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апальныя фольк-панкі «Дзецюкі»: Каліноўскі — наш герой, а беларусы — не «бульбашы»


Гурт «Дзецюкі». Фота з архіву Алеся Дзянісава
Гурт «Дзецюкі». Фота з архіву Алеся Дзянісава

Гарадзенскі гурт «Дзецюкі», які стварыў новы трэнд у беларускай незалежнай музыцы, выступіць у Менску зь вялікім сольным канцэртам 9 студзеня ў клюбе «Піраты». Пачатак а 19-й.

Гурт «Дзецюкі» зьявіўся толькі ў 2012 годзе, і ўжо першыя ягоныя канцэрты сутыкнуліся з забаронаю. Пакуль не было магчымасьці выступаць у Беларусі, музыкі аб'езьдзілі Польшчу, Нямеччыну, Аўстрыю, Чэхію, Славаччыну, дзе распавядалі сваімі песьням пра беларускую гісторыю – выключна на беларускай мове. Ня так даўно стала магчыма выступаць і на айчыннай сцэне, якую «Дзецюкі» адразу ж і заваявалі – музычны партал «Тузін Гітоў» узнагародзіў іх тытулам «Герояў году». Такім парадкам «Дзецюкі» сталі найлепшай камандай на беларускай незалежнай сцэне ў 2014 годзе. ​

Ужо заўтра ў Менску пройдзе вялікі сольны канцэрт «Дзецюкоў», дзе яны прэзэнтуюць песьні, ужо добра вядомыя публіцы, а таксама зусім новыя творы, якія ўвойдуць у другі альбом гурту. ​

Напярэдадні канцэрту вакаліст «Дзецюкоў» Алесь Дзянісаў распавёў, навошта беларусам песьні пра Каліноўскага і паўстанцаў, які пэрыяд у беларускай гісторыі найбольш натхняе «Дзецюкоў» і чаму гурт вінавацяць у антырасейскай прапагандзе.​

– Вы атрымалі тытул «Герояў году». Кім цяпер пачуваюцца «Дзецюкі» – “хлопцамі-балахоўцамі”, як сьпяваеце ў сваёй песьні, ці ўжо героямі?

Самае важна на гэты момант – тое, што ў нас адбываюцца канцэрты, бо гэта здараецца ня часта.​

– Мы проста музыкі, якія робяць сваю справу. Я сябе ніколі не адчуваў і ня буду адчуваць нейкім героем году, бо ўсё гэта вельмі адносна. Па шчырасьці, я думаў, што «Ляпісу Трубяцкому» аддадуць гэты тытул за іх зaслугі. Але атрымалася так, што партал tuzin.fm назваў нас. Насамрэч усе гэтыя гучныя назвы не такія важныя, бо нам трэба працаваць і працаваць. Самае важна на гэты момант – тое, што ў нас адбываюцца канцэрты, бо гэта здараецца ня часта.​

– Вы распавядаеце пра беларускую гісторыю праз музыку. Вы практычна стварылі новы трэнд. Як зьявілася такая ідэя?

– Асабіста я да гэтага ішоў сваім шляхам. Я даўно цікаўлюся гістарычнай тэматыкай, проста не заўсёды гэта ўплывала на творчасьць. Калі вы слухалі апошні альбом гурту «Кальян» 2011 году – з таго часу гурт не існуе – у нас там была песьня «Не забываецца». Гэтая песьня ўжо тады тычылася гістарычнай тэматыкі. Так зоркі склаліся, што зь Дзянісам Жыгаўцом, аўтарам тэкстаў большасьці песень, і з Пашам «Траблам» мы сустрэліся і маем адзін погляд на тое, што хочам рабіць. Але ў нашым першым альбоме атрымаўся сапраўдны гармідар! Гэта і гісторыя, і сучаснасьць, і сур’ёзныя, і жартоўныя песьні. Але цяпер мы рыхтуем новую праграму – другі альбом, ён будзе цалкам на гістарычную тэматыку.

– Вы ў сваіх песьнях распавядаеце пра розныя эпізоды беларускай гісторыі. Які пэрыяд вам бліжэйшы? А калі перанесьці ўсё на сучасную гісторыю – зь якімі часамі можна параўнаць цяперашнюю сытуацыю ў нашай краіне?

А сёньняшнюю Беларусь, магчыма, можна параўнаць з СССР пачатку 80-х – гэтак званым «застоем».

– Мяне заўсёды цікавілі паўстанцкія, рэвалюцыйныя падзеі. Таму зразумела, што паўстаньне Каліноўскага, часы Слуцкага паўстаньня мне будуць бліжэйшыя за пэрыяд Сярэднявечча. Хоць і там ёсьць цікавыя падзеі і асобы – у новым альбоме ў нас будзе песьня, напрыклад, прысьвечаная Давыду Гарадзенскаму.

А сёньняшнюю Беларусь, магчыма, можна параўнаць з СССР пачатку 80-х – гэтак званым «застоем». Вельмі падобная сучасная сытуацыя і да пэрыяду развалу Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. Адзінае адрозьненьне – што, дзякуй Богу, цяпер няма вайны. Між тым кожная гістарычная адзінка, кожны пэрыяд – аўтэнтычны, як і кожная гістарычная асоба. Таму ня трэба шукаць стоадсоткавых аналягаў для сучаснасьці.​

– Пытаньне напрошваецца само сабой – ці вы шукаеце адну гістарычную асобу, аднаго героя ў пэўнай эпосе, ці маеце аднаго безумоўнага героя?

– Калі казаць вось так з ходу, то гэта, хутчэй за ўсё, Каліноўскі. Але мы павінны ведаць, што кожны чалавек, пра якога мы сьпяваем, пішам песьні, можа мець і не зусім прыемны бок. Гэтак, паўстанцы, напрыклад, забівалі праваслаўных сьвятароў – і гэта не зусім прыемны бок паўстаньня 1863–64 гадоў. Але Каліноўскі – наш герой, які мае больш станоўчых рысаў, чым наадварот. Ёсьць шмат гістарычных асобаў, вартых увагі, але мне падаецца, што нам не патрэбныя прарокі і правадыры, якім усе будуць сьлепа верыць. Сучасная сытуацыя ў Беларусі пра гэта і кажа, што ў нас ёсьць правадыр, і большасьць людзей – закладнікі адной палітыкі, аднаго погляду. А грамадзтва павінна ўмець думаць і выбіраць. Зь іншага боку, вобразы, якіх мы шукаем у мінулым, даюць нам магчымасьць паказаць, што беларусы іншыя, што яны розныя. Што і цяпер ёсьць людзі, якія вартыя ўвагі, якія маюць гонар, сумленьне, сьмеласьць.

Я ўпэўнены, што народ, які мае ўнутраны стрыжань, варты іншага жыцьця, чым тое, якое мае сёньня.​

Сёньня, дзякуючы КВН ды іншым сумнеўным гумарыстам, створаны такі вобраз беларуса – ціхі, хітраваты і трохі дурнаваты “бульбаш”. Нам не падабаецца такі штамп. І мы пра гэта кажам. Пакуль мы не пачнём шанаваць сваё, іншыя народы ня будуць паважаць нас. Я ўпэўнены, што народ, які мае ўнутраны стрыжань, варты іншага жыцьця, чым тое, якое мае сёньня.​

– Вас вінавацяць у экстрэмізьме і ледзьве не ў антырасейскай прапагандзе, у тым, што ваша музыка палітычная, апазыцыйныя.​

Калі сёньняшняя беларуская ўлада ўспрымае ўсё, што не пасуе да ейнай ідэалёгіі, як апазыцыйнае, тады – так, мы апазыцыйныя.

– Калі ў песьні «Мужыцкая праўда» ўзгадваюцца маскалі, то, даруйце, Каліноўскі так казаў – а песьня напісаная па матывах «Лістоў з-пад шыбеніцы». І наагул, «маскалі» – гэта гістарычная назва жыхароў Маскоўскай дзяржавы (Масковіі). Зразумела, цяпер расейская прапаганда найбольш уплывовая і разбуральная для нашай мовы і гісторыі. Але пры ўсёй непавазе і нават пэўнай нянавісьці да сёньняшняй расейскай улады мы нічога ня маем супраць расейскай культуры, расейскага народу. І хто такое мог выдумаць, цікава? Нават сьмешна! Наш гурт сябруе з рознымі фолк-, панк-гуртамі, у тым ліку і з расейскімі. Ніхто зь іх не абвінаваціў нас у русафобіі. Адзін з маіх любімых пісьменьнікаў – Антон Чэхаў. Я прачытаў поўны збор ягоных твораў. У гэтым адлюстроўваецца нянавісьць да рускіх? Мне падаецца, што ўсе гэтыя абвінавачаньні – выдумка мясцовых дамарослых дурнаватых крытыкаў нашай творчасьці. Наша пазыцыя ніколі ня будзе базавацца на нянавісьці да іншых народаў і культур. Калі сёньняшняя беларуская ўлада ўспрымае ўсё, што не пасуе да ейнай ідэалёгіі, як апазыцыйнае, тады – так, мы апазыцыйныя. Праз тое, што мы сьпяваем на беларускай мове, нас таксама называюць апазыцыйнымі. Але мы не займаемся палітыкай, мы проста маем сваё стаўленьне да пэўных падзеяў.​

– Чаму менавіта цяпер вы сталі папулярныя? Ці адбылося гэта на хвалі ўкраінскіх падзеяў, адраджэнскай хвалі ў Беларусі, зацікаўленасьці беларушчынай? Гэта быў добры старт з такім гуртам?

– Я не задумваўся над гэтым. Адзінае, што магу сказаць: сёньня нам даюць выступаць, заўтра зноў могуць ня даць. Цяпер нейкая адліга, таму трэба карыстацца гэтым момантам. Пройдуць выбары – зноў, магчыма, закруцяць гайкі. І аніякай лёгікі ў стаўленьні ўладаў да сучаснай рок-музыкі, панк-рок-музыкі няма. У нас быў пэрыяд, калі мы былі забароненыя. Тады адмянілі канцэрт у Берасьці, Барысаве. Мы мусілі выступаць у Менску – прыехаў АМАП з аўтазакам. І нам патэлефанавалі арганізатары – сказалі, што канцэрт адбудзецца, але вы сюды не прыяжджайце. Цяпер быў канцэрт у Баранавічах, будзе ў Менску. Ну, і файна!

Мы ж ня грошы, каб падабацца ўсім.​

Чаму мы так трапілі з гэтай тэматыкай? Вядома, некаторыя музычныя крытыкі адзначалі раней – той жа Зьміцер Бескаравайны ці Сяргей Будкін – што мы занялі нейкую пустую нішу: вясёлы задзірысты фолк-панк з акардэонам і дудой, але, зь іншага боку, даволі сур’ёзная гістарычная тэматыка. Так атрымалася, што такіх гуртоў не было, і мы былі першыя, якія намалявалі свой «Чорны квадрат». Які ня ўсім павінен падабацца. Мы ж ня грошы, каб падабацца ўсім.​

– Давайце паразмаўляем пра тых, каму вы падабаецеся. Хто вашы слухачы?

– Мы выйшлі з андэрграўнду, у якім свае законы, свае рамкі, свае абмежаваньні. Мы вырашылі выйсьці з падвалаў на шырэйшую публіку. Мы хочам, каб нас слухалі людзі розных поглядаў, розных нацыянальнасьцяў, розных узростаў. Але мне падаецца, што гэтых людзей яднае тое, што яны разумеюць, пра што ідзе размова, якія спрабуюць думаць самастойна і могуць сумнявацца. І я магу дакладна сказаць, каго мы ня рады бачыць на нашых канцэртах – гэта прыхільнікаў правых і левых таталітарных ідэяў.

– Чым зьбіраецеся зьдзівіць слухачоў на заўтрашнім канцэрце?

Назьбіраем грошай на адну песьню – паедзем яе запісваць.

– На тое і ёсьць сюрпрызы, таму нічога ня буду казаць. Але спадзяюся, што будзем мець час, каб выканаць старую праграму, а таксама новыя песьні, якія пасьпелі адрэпетаваць. Матэрыял для новага альбому ў нас ужо ёсьць. Пакуль зь ягоным запісам ёсьць праблемы, бо на запіс у студыі, апрацоўку, мастэрынг патрэбныя вялікія грошы, калі хочаш, каб прадукт быў якасны. На першы альбом нам дало грошай выдавецтва «Гарадзенская бібліятэка». Можа, цяпер паспрабуем сваімі сіламі. Назьбіраем грошай на адну песьню – паедзем яе запісваць. І гэтак далей. Магчыма, што празь месяц ці два пачнём запісваць, але гэта зойме час. ​

– Вы часта езьдзіце за мяжу з канцэртамі. Ці разумеюць там вашы песьні?​

У жніўні плянуем невялікую канцэртную трасу на пару тыдняў па Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі, Сэрбіі, Харватыі і Босьніі. Марым скончыць выступам у Львове.

– Мы граем фолк-панк, таму зразумела, што на нас прыходзяць людзі, якія слухаюць гэтую музыку. Зразумела, што мы тлумачым і распавядаем пра зьмест песень, якія сьпяваем, у Аўстрыі, Нямеччыне, Польшчы ці Чэхіі. У нас, дарэчы, ёсьць свае шчасьлівыя месцы, дзе нас заўсёды чакаюць. У Польшчы, напрыклад, Сувалкі ці маленькі гарадок Пшчулкі ў прыгарадзе Гданьску з адным-адзіным барам – туды на наш выступ цягнуцца розныя людзі, рознага веку, моладзь, сталыя людзі, якія толькі з працы прыйшлі. Нас там заўсёды прымаюць на «ўра» – цяжка патлумачыць, чаму. ​

У жніўні плянуем невялікую канцэртную трасу на пару тыдняў па Польшчы, Чэхіі, Аўстрыі, Сэрбіі, Харватыі і Босьніі. Марым скончыць выступам у Львове. У Беларусі складана пакуль нешта плянаваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG