Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калядны турнір – прапаганда, якая не нясе нічога пазытыўнага»


Сёньня ў Менску завяршаецца Калядны турнір сярод аматараў хакея на прызы прэзыдэнта Беларусі.

Да чарговага трыюмфу ўпэўнена рушыць каманда Аляксандра Лукашэнкі, за якую, насуперак рэглямэнту, гуляюць спрэс прафэсійныя хакеісты. Каму патрэбная паказуха, якая пераўтварае аматарскі турнір у прафанацыю? ​

Цягам чатырох дзён на дзьвюх хакейных пляцоўках у Менску праходзілі матчы 11-га па ліку турніру, які асабіста ініцыяваў Аляксандар Лукашэнка. Галоўным фаварытам спаборніцтваў афіцыйныя мэдыі назвалі «наймацнейшую аматарскую дружыну сьвету» – каманду прэзыдэнта Беларусі. Дагэтуль восем разоў кубак заставаўся ў Менску, і толькі двойчы яго адбілі расейцы. ​

Сам Лукашэнка традыцыйна заяўлены гульцом пад №1. Але калі прыгледзецца, то насамрэч каманда зусім не аматарская. Лукашэнка – ці не адзіны, хто ня можа пахваліцца прафэсійным хакейным мінулым. Поруч зь ім гуляюць вядомыя колісь гульцы нацыянальнай зборнай Алег Антоненка, Вадзім Бекбулатаў, Аляксандар Макрыцкі, Аляксандар Аляксееў, Сяргей Шабанаў, Сяргей Шыткоўскі ды іншыя. У актыве некаторых нават досьвед выступаў у паўночнаамэрыканскай Нацыянальнай хакейнай лізе: Алег Мікульчык у сярэдзіне 1990-х абараняў колеры «Анахайм Майці Дакс», а Сяргей Стась і Аляксандар Радзінскі маюць практыку выступаў у мінорных лігах ЗША. ​

Мала таго, перамогу Лукашэнку куюць і дзейныя спартоўцы. Прыкладам, Максім Слыш зь менскага «Юнацтва» – на гэты момант найлепшы бамбардзір чэмпіянату Беларусі. Аляксей Страхаў выступае за «Віцебск», Вячаслаў Лісічкін – за гарадзенскі «Нёман». Андрэй Міхалёў зь менскага «Дынама» адбывае двухгадовую дыскваліфікацыю за допінг. ​

Лаўка запасных у камандзе настолькі доўгая, што Лукашэнка можа сабе дазволіць нават падзяліцца кадрамі… з супернікамі. Так, падчас гульні з экзатычным калектывам з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў (ААЭ) цэлая пяцёрка ў арабаў была беларуская. Іначай ад ганьбы гасьцям было б не ўратавацца – падчас леташняга ваяжу Лукашэнкі ў гэтую краіну дзіравую абарону аматараў прабіваў нават ягоны 10-гадовы сын Мікалай. ​

Дык што насамрэч уяўляе сабой Калядны хакейны турнір? Прапаганду відовішчнага віду спорту, як сьцьвярджаюць афіцыйныя СМІ, ці прыхамаць кіраўніка краіны? Колішні спартовы камэнтатар Гарадзенскага абласнога тэлебачаньня Ўладзімер Хільмановіч схіляецца да апошняга: ​

Уладзімер Хільмановіч
Уладзімер Хільмановіч

«Я лічу, што ўсе гэтыя ўяўныя дасягненьні ў вялікім спорце – прафанацыя. Просты прыклад: дастаткова выйсьці на вуліцы нашых гарадоў, нават абласных цэнтраў, і паглядзець, колькі заліта дзіцячых пляцовак. Ня буду казаць за іншых, скажу пра свой горад над Нёманам: я ня бачу такіх пляцовак. Трымаецца мароз, але расхваленай масавасьці хакею не назіраецца. І зразумела: хакей – дарагі, элітарны від спорту. А турніры накшталт каляднага – гэта суцэльная прафанацыя. ​

Гуляе каманда, амаль цалкам укамплектаваная прафэсіяналамі, супраць аматараў зь іншых краінаў; яна нязьменна перамагае ці зрэдку займае другое месца, саступаючы Расеі, бо там таксама палова прафэсіяналаў. Таму гэта ўсё чыста ідэалягічная рэч. Калі б у нас была ў кожным двары залітая так званая «скрынка», як гэта было ў ранейшыя часы, то можна было б гаварыць, што такі турнір не зашкодзіць і што гэта нармальная прапаганда. А калі гэта адзіны, па сутнасьці, аматарскі турнір, які замяніў сабой міжраённыя, міжабласныя спаборніцтвы, якія, дарэчы, былі папулярныя за савецкім часам і традыцыя крыху захоўвалася ў першыя сувэрэнныя гады, – дык гэта чыстая прапаганда, якая не нясе нічога пазытыўнага ў сэнсе сваёй значнасьці». ​

Лукашэнкаўская зборная датэрмінова забясьпечыла сабе выхад у фінал, перагуляўшы на групавой стадыі Славаччыну (5:1), ААЭ (12:4) і Швэйцарыю (12:2). Дакладна гэтак жа каманда Расеі разабралася зь фінамі, немцамі, латышамі і адзінаццаты раз запар за прэзыдэнцкі трафэй паспрачаюцца беларусы і расейцы. Уладзімер Хільмановіч кажа, што падобная статыстыка найлепш характарызуе сутнасьць турніру: калі адны едуць атрымаць задавальненьне ад гульні, то іншым неабходна прадэманстраваць сваю перавагу: ​

«Калі з году ў год трыюмф на аматарскім узроўні, то гэта ўжо выглядае сьмешна. У складзе іншых камандаў сюды прыяжджаюць сапраўдныя аматары: журналісты, службоўцы, грамадзкія актывісты, якія хочуць проста добра пабавіць час, а тут супраць іх выстаўляецца напалову прафэсійная каманда. У выніку – разгромныя лікі на табло. Я сэнс бачыў бы тады, калі б гэта было на роўні хоць бы мінімальнай справядлівасьці – на роўні малых гарадоў, абласных цэнтраў. Каб такія пляцоўкі былі татальна, паўсюль, тады б гэта мела сэнс». ​

Пра надзвычайную важнасьць Каляднага турніру для дзяржавы сьведчаць і ягоныя арганізатары – Міністэрства спорту і турызму, Менскі гарвыканкам, Фэдэрацыя хакею Беларусі і Прэзыдэнцкі спартовы клюб, якім кіруе сярэдні сын Лукашэнкі Дзьмітры. Зрэшты, матэрыяльны бок звыкла перакладзены на плечы прыватных спонсараў і буйных «валютных» прадпрыемстваў – у іх ліку кампаніі «Velcom», «Чысты бераг», «Беларускалій», «Белнафтахім» і іншыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG