Паводле палітоляга Аляксандра Класкоўскага, на фінішы году электаральны рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі пасьлізнуўся. Зь вераснёўскіх 45,2% ён зьехаў у сьнежні да 40% (паводле НІСЭПД).
Як піша Аляксандар Класкоўскі на сайце БелаПАН, упаў і рэйтынг даверу да кіраўніка краіны — з 53,5% да 49,9%:
«І гэта ўжо злом трэнду. Да гэтага з пачатку 2014 рэйтынгі прэзыдэнта Беларусі расьлі, прычым, на дружную думку аналітыкаў, перш за ўсё на ўкраінскіх дражджах. Цяпер ўзьдзеяньне ўкраінскага фактару на масавую сьвядомасьць беларусаў, падобна, слабее».
У чым прычына? На думку Класкоўскага, адной з прычынаў ёсьць тое, што беларуская публіка аб’елася прапагандай, перш за ўсё расейскай, эмоцыі прытупіліся:
«Сярод беларусаў стала менш тых, хто мысьліць у духу „Крым наш“. Калі ў чэрвені мінулага году 62,2% рэспандэнтаў расцэньвалі далучэньне паўвыспы да Расеі як „вяртаньне рускіх зямель, аднаўленьне гістарычнай справядлівасьці“, то ў сьнежні такіх аказалася толькі 56,8%. А вось доля тых, якія лічаць, што гэта быў „імпэрыялістычны захоп, акупацыя“, вырасла за тыя ж паўгоду з 26,9% да 31,6%».
«Прыхільнікаў анэксіі Крыму ў нас усё роўна, як бачыце, шмат, і беларускі афіцыйны лідэр, які выступае за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, па гэтым парамэтры нібы ідзе супраць пазыцыі большасьці суайчыннікаў. Але пры гэтым парадаксальным чынам 58,7% беларусаў „адназначна станоўча“ ці „хутчэй станоўча“ ацэньваюць палітыку Лукашэнкі адносна крызісу ва Ўкраіне», — лічыць Класкоўскі
У гэтым адбіваецца, як лічыць Класкоўскі, глыбінны прагматызм беларусаў: гэта ня наша вайна, і лепш ня ўлазіць у яе ні на чыім баку.