Нацыянальны банк увёў у абарачэньне памятныя манэты «Сусьветная спадчына ЮНЭСКА. Мірскі замак»: срэбную — наміналам 20 рублёў, пробай сплаву 925, масай 33,62 г, дыямэтрам 38,61 мм; медна-нікелевую — наміналам 1 рубель, масай 15,50 г, дыямэтрам 33,00 мм.
Як паведамляе ўпраўленьне інфармацыі Нацбанка, манэты маюць форму кола, зь пярэдняга і задняга бакоў — выступаючы кант па акружнасьці. Бакавая паверхня манэт з насечкай.
Авэрс: у цэнтры — рэльефная выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, на фоне стылізаванай выявы каменнай кладкі замка па коле надпісы: РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ; намінал: 20 РУБЛЁЎ (на срэбнай манэце) і 1 РУБЕЛЬ (на медна-нікелевай), справа ад наміналу год чаканкі (на срэбнай зьлева — проба сплаву).
Рэвэрс: у цэнтры — выява Мірскага замка і яго стылізаванае адлюстраваньне ў вадзе, якое сымбалізуе глыбіню стагодзьдзяў, загадкавасьць і мноства неразгаданых таямніц; уверсе па коле надпіс: МІРСКІ ЗАМАК, пад ім — лягатып ЮНЭСКА.
Манэты адчаканеныя ў ЗАТ «Літоўскі манэтны двор». Наклад срэбных манэт — да 3.000 шт., медна-нікелевых — 2.000 шт.