Беларускіх грамадзян сярод пасажыраў зьніклала з радараў самалёта авіякампаніі Air Asia не было, паведамілі ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі.
«Паводле інфармацыі, атрыманай пасольствам Беларусі ў Інданэзіі ад Air Asia Indonesia, беларускіх грамадзян сярод пасажыраў рэйсу QZ8501 не было», — адзначаюць у беларускім зьнешнепалітычным ведамстве.
Самалёт авіякампаніі Air Asia, які ажыцьцяўляў рэйс пад нумарам QZ8501 з інданэзійскай Сурабаі ў Сынгапур, страціў сувязь з наземнымі службамі ў Джакарце ў 07:24 раніцы па мясцовым часе (23:24 па Грынвічы). На борце лайнэра Airbus A320-200 знаходзіліся 162 чалавекі.
Супрацоўнікі ратавальных службаў Інданэзіі, як паведамляюць мясцовыя СМІ, лічаць, што лайнэр малайзійскай авіякампаніі Air Asia пацярпеў крушэньне. Паводле зьвестак дзяржаўнага інфармагенцтва Antara, за 145 кілямэтраў ад выспы Белітунг знойдзеныя, як мяркуецца, абломкі фюзэляжа Airbus 320.
Інданэзійскія ўлады пакуль не пацвярджаюць інфармацыю аб тым, што ў акіяне знойдзеныя абломкі фюзэляжа самалёта.
Авіякампанія AirAsia, найбуйнейшы рэгіянальны бюджэтнік, мае бездакорную рэпутацыю і дагэтуль ня мела на сваім рахунку аніводнага страчанага самалёту ці вялікага выпадку. Уласна машына, Airbus A320-200, зьяўляецца адной з найпасьпяховейшых у сьвеце грамадзянскай авіяцыі: за болей як дваццацігадовую гісторыю існаваньня сэрыі A320 з 3363 выпушчаных самалётаў незваротна страчанымі (hull loss accident - катастрофа з поўным зьнічшчэньнем корпусу) былі ўсяго 7. Сэрыя зьяўляецца вельмі папулярнай сярод рэгіянальных перавозьнікаў ва ўсім сьвеце; вялікімі замоўнікамі ёсьць у тым ліку эўрапейскія Wizzair ды Ryanair. Станам на чэрвень 2013 року Airbus меў прыордэраў на яшчэ 2942 машынаў A320 розных мадыфікацыяў.
За сёлета гэта ўжо трэці выпадак з самалётам, які належыць малайзыйскай авіякампаніі.