Цягам 22 сьнежня рэдактары і ўладальнікі некаторых недзяржаўных мэдыяў спрабавалі спыніць блякаваньне сваіх сайтаў, якое пачалося 19 сьнежня.
З раніцы панядзелка заблякаваныя сайты намагаліся пераадолець блякаваньне. Дырэктар інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай у гэты час адмаўляўся ад камэнтароў:
«Займаюся аднаўленьнем працы. Мне кожная хвіліна дарагая, выбачайце, калі ласка».
Толькі ў абед сайт belapan.com аднавіў працу. Другому заблякаванаму сайту кампаніі, naviny.by, аднавіцца не ўдавалася яшчэ некалькі гадзінаў. У адмысловай заяве БелаПАН ня выключыў магчымасьці новых спробаў блякаваньня і паведаміў, што «кампанія БелаПАН не атрымлівала ніякіх афіцыйных папярэджаньняў ці паведамленьняў аб падрыхтоўцы да блякаваньня».
Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, цягам дня таксама былі заблякаваныя сайты belaruspartizan.org, udf.by, 21.by, gazetaby.com, zautra.by, onliner.by, пэрыядычна меў праблемы з адкрыцьцём сайт charter97.org.
Па стане на 20:00 панядзелка зьявіўся доступ да сайтаў charter97.org, naviny.by, belapan.com, 21.by, zautra.by. Заблякаванымі застаюцца па-ранейшаму belaruspartizan.org, udf.by, gazetaby.com, onliner.by.
Намесьнік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец зьвязвае блякаваньне сайтаў недзяржаўных СМІ зь фінансавым крызісам:
«Мінула ўжо два дні, як працягваецца гэтае блякаваньне, і цяпер няма ніякіх сумневаў у тым, што яно ня ёсьць нейкім вынікам атакі на „Белтэлекам“, а ёсьць дзеяньнямі ўладаў. Мы будзем спрабаваць высьветліць, хто дакладна стаіць за гэтымі абсалютна незаконнымі дзеяньнямі, і будзем намагацца выправіць сытуацыю».
У «Белтэлекам» напярэдадні казалі пра магчымыя праблемы з абсталяваньнем як прычыну блякаваньня сайтаў недзяржаўных мэдыяў. Рэдактар сайту udf.by і ўладальнік гэтага дамэннага імя Юры Пацёмкін, між тым, таксама перакананы, што прычына блякаваньня — сытуацыя з валютай. Юры Пацёмкін зазначае, што ўсе заблякаваныя сайты шмат пісалі пра фінансавы крызіс:
«На нашым сайце мы распачалі адмысловы праект, які называўся „валютны крызіс у Беларусі“, дзе мы зьбіралі і разьмяшчалі ўсю інфармацыю па гэтай тэме. Мяркую, за гэта мы і пацярпелі. І ўскосны доказ — тое, што ў суботу была нарада ў Міністэрстве інфармацыі, на якую запрасілі шэраг кіраўнікоў незалежных мэдыяў. Там іх непасрэдна папярэдзілі, каб яны асьвятлялі гэтыя падзеі ўважліва. Вы ж ведаеце, як можна зрабіць: дадуць адно папярэджаньне, другое, а тады можна афіцыйна зачыніць».
Ці ўдасца ўладам з дапамогай блякаваньня незалежнай інфармацыі пра фінансавае становішча стабілізаваць курс беларускага рубля і пазьбегнуць дэвальвацыі? Незалежны экспэрт у справах эканомікі Яраслаў Раманчук параўноўвае такія спробы з практыкай савецкіх часоў і лічыць іх марнымі.
«У нас пабудавалі краіну паводле Оруэла; ужо ёсьць і міністэрства праўды, якое загадвае, што пісаць, а што нельга. Яны — нашчадкі савецкай сыстэмы, таму гэтак і робяць, але ўжо не ўдалося утрымаць курс у загаданых межах. Бо людзі, якія працуюць у рэальным сэктары, ужо купляюць і прадаюць даляр па зусім іншым курсе. Чорны рынак ужо працуе і будзе пашырацца, а тое, што мы бачым, — гэта экстраныя захады, каб зьбіць ажыятаж. Саб’юць ажыятаж, а што далей? Дэвальвацыя расейскага рубля і казахскага тэнге — гэтыя прычыны застаюцца і будуць уплываць на нашу сытуацыю і ў 2015 годзе. Хутка ці позна ўлады мусяць сказаць гэтае слова на „д“, якога яны гэтак баяцца», — кажа Яраслаў Раманчук.