Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі інтэрнэт — у «зоне несвабоды»


Мапа свабоды інтэрнэтцу ў сьвеце
Мапа свабоды інтэрнэтцу ў сьвеце

Паводле дасьледаваньня міжнароднай праваабарончай арганізацыі Freedom House, Беларусь знаходзіцца ў «зоне несвабоды» інтэрнэту — ніжэй за Расею, але вышэй за Тайлянд.

Сярод 65 краінаў сьвету, сытуацыю ў якіх у галіне інтэрнэту вывучаў Freedom House, Беларусь аказалася на 51 радку — ніжэй за М’янму ды Расею і вышэй за Тайлянд і Судан. 51 месца Беларусі — гэта месца ў «зоне несвабоды» інтэрнэту. А першыя месцы ў «зоне свабоды» занялі Ісьляндыя і Эстонія. З былых рэспублік СССР таксама ў групе свабоднага інтэрнэту аказаліся Грузія ( 22 месца), Армэнія (17 месца). Украіна ( 23 месца) і Кыргызстан (24 месца) апынуліся ў «зоне частковай свабоды» інтэрнэту, якую замыкае Расея (50 радок у сьпісе). «Зону несвабоды» інтэрнэту, у якой знаходзіцца Беларусь, замыкаюць Кітай, Сірыя і Іран.

Гэта пятае дасьледаваньне рэйтынгу свабоды ў інтэрнэце з тых, што праводзіў Freedom House. Яно ўключае дасьледаваньні сытуацыі ў інтэрнэце ў прамежку паміж траўнем 2013 і траўнем 2014 гадоў.

Сузаснавальнік папулярнага сайту Tut.by Кірыл Валошын гэтак пракамэнтаваў месца Беларусі ў сьпісе свабоды інтэрнэту, які вызначыў Freedom House.

«Наперш, мне цяжка сказаць, чаму Беларусь аказалася ў гэтым рэйтынгу ніжэй за Расею. Бо ў Расеі, калі арыентавацца на зьвесткі ў мэдыях, „чорны сьпіс“ сайтаў значна большы. Там увесь час некага блякуюць за нейкія старонкі, потым разблякоўваюць. Нават былі спробы блякаваць Вікіпэдыю. Ці блогі прыраўнялі да мэдыяў, хаця блогі — гэта ж толькі выказваньне асабістых меркаваньняў.

Мне даволі спрэчным падаецца, што Беларусь аказалася ніжэй за Расею

Карацей, мне даволі спрэчным падаецца, што Беларусь аказалася ніжэй за Расею, хаця і ў нас праблемаў хапае. У нас нібыта існуе нейкі „чорны сьпіс“ сайтаў. Кажу „нібыта“, бо сам гэтага сьпісу ня бачыў, але чуў пра яго. Экстрэмісцкія сайты сапраўды блякаваліся. Называліся нейкія лічбы і назвы, але за мінулы год я, хоць знаходжуся ў гэтай сфэры, ня чуў, каб туды дадаліся новыя назвы. Калі прадпрыемства з асабістай ініцыятывы блякуе ўнутры сеткі нейкі сайт, то гэта не абавязкова зьяўляецца сьведчаньнем дзяржаўнай палітыкі».

Ролю рэгулятара інтэрнэту ад незаконнага кантэнту ў Беларусі выконвае Беларуская дзяржаўная інспэкцыя электрасувязі. Паводле сумеснай пастановы Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, які дзейнічае пры Аляксандры Лукашэнку, і Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, ёй дадзенае права фармаваць сьпісы сайтаў, доступ да якіх абмежаваны.

Сьпіс «непажаданых» сайтаў БелДІЭ фармуе не самастойна, а паводле прапаноў «упаўнаважаных органаў». Якія гэта органы, у інспэкцыі ня кажуць.

Між тым, зь іншых афіцыйных крыніцаў стала вядома, што сьпіс фармуецца на падставе рашэньняў кіраўнікоў Камітэта дзяржаўнага кантролю, Генэральнай пракуратуры, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры Лукашэнку, іншых рэспубліканскіх органаў дзяржкіраваньня. Рашэньні прымаюцца кіраўнікамі ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў у межах іх кампэтэнцыі.

Паводле экспэртаў, у 2012 годзе ў беларускім «чорным сьпісе» сайтаў было больш за 80. Асноўную групу складалі сайты, якія ўтрымлівалі парнаграфічную альбо экстрэмісцкую інфармацыю.

У апошнія гады шмат разоў блякаваўся доступ на папулярныя ў Беларусі сайты апазыцыйнага кірунку charter97.org, belaruspartisan.org. Звычайна гэта здаралася падчас ці напярэдадні значных палітычных падзеяў, кшталту вулічных акцыяў пратэсту.

Падчас фінансавага крызісу 2011 году ўлады заблякавалі сайт prokopovi.ch, на якім людзі дамаўляліся пра абмен беларускіх грошай на валюту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG