Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэкрэт аб «нявольнасьці дваранства»


Кузьма Пятроў-Водкін, «Рабочыя» (1926).
Кузьма Пятроў-Водкін, «Рабочыя» (1926).

Сёньня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт № 5, які прадугледжвае пашырэньне правоў і ўзмацненьне адказнасьці кіраўнікоў прадпрыемстваў.

Дэкрэт ускладае на кіраўнікоў арганізацый дзяржаўнай і прыватнай формаў уласнасьці пэрсанальная адказнасьць за забесьпячэньне дысцыпліны, належнае ўтрыманьне будынкаў, памяшканьняў і абсталяваньня, захаваньне ўмоваў працы работнікаў. Пры невыкананьні патрабаваньняў кіраўнік будзе прыцягвацца да дысцыплінарнай адказнасьці аж да звальненьня. Усе гэтыя новыя крытэрыі ацэнкі работы кіраўніка будуць ўлічвацца пры яго атэстацыі і пры прыняцьці рашэньня аб працягу зь ім кантракту.

Адначасова кіраўнікі арганізацый атрымаюць права зьмяняць істотныя ўмовы працы работніка ў сувязі з абгрунтаванымі прычынамі, папярэдзіўшы работніка не менш чым за 7 каляндарных дзён. Зараз усталяваны месячны тэрмін папярэджаньня.

Згодна з дэкрэтам, кіраўнік зможа ўжываць да работнікаў, якія парушылі дысцыпліну, у якасьці самастойнай меры дысцыплінарнага спагнаньня пазбаўленьне прэміі на тэрмін да 12 месяцаў, тады як зараз дысцыплінарнае спагнаньне можа быць толькі ў выглядзе заўвагі, вымовы і звальненьня.

Кіраўнік атрымае права звальняць работнікаў, якія дапусьцілі парушэньне дысцыпліны, што пацягнула прычыненьне арганізацыі шкоды ў памеры, якая перавышае тры сярэднемесячныя заробкі.

Таксама кіраўнік арганізацыі зможа утрымліваць з заробку работніка ў кошт пакрыцьця шкоды, нанесенай па віне работніка, да трох яго сярэднямесячных заробкаў без падачы пазову ў суд. У цяперашні час наймальнік мае права ўтрымліваць шкоду ў памеры аднаго сярэднямесячнага заробку.

У дэкрэце замацоўваецца пералік дыскрэдытуючых абставінаў звальненьня, у адпаведнасьці зь якімі працоўныя дамовы могуць быць скасаваныя кіраўніком да заканчэньня тэрміну іх дзеяньня.

Дэкрэт уводзіць забароны і абмежаваньні пры прызначэньні на кіроўныя пасады асобаў, звольненых па дыскрэдытуючых абставінах на працягу пяці гадоў з дня такога звальненьня.

Дэкрэт уступае ў сілу з 1 студзеня 2015 году.

Мы папрасілі пракамэнтаваць яго старшыню Беларускай канфэдэрацыі дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука.

Ярашук: Прыгадваецца выслоўе знакамітага польскага дасьціпніка Станіслава Ежы Леца: «Я думаў, што апынуўся на самым дне, як зьнізу пастукалі». Гэта — пра сытуацыю з правамі працоўных у Беларусі. Існуе дэкрэт № 29, які перавёў практычна ўсіх працоўных на кароткатэрміновыя кантракты. Дзейнічае дэкрэт № 7, які ўвёў прымусовую працу ў дрэваапрацоўцы. Здавалася б, беларускія працаўнікі настолькі бяспраўныя, што ніякіх правоў у іх адабраць нельга. Аказалася, што можна. Гэты дэкрэт робіць беларускіх працаўнікоў яшчэ больш бяспраўнымі. Асноўныя пункты: зьмена істотных умоваў працы з папярэджаньнем за тыдзень (раней — за месяц), увядзеньне новага спагнаньня, не прадугледжанага працоўным кодэксам — дэпрэміраваньня на год, магчымасьць спагнаньня з работніка ў парадку кампэнсацыі страты ў памеры трох сярэднемесячных заробкаў (раней — у памеры аднаго сярэднямесячнага заробку)

РС: А як дэкрэт мяняе становішча кіраўнікоў прадпрыемстваў?

Ярашук: Я мяркую, што кіраўнікам і так хапала сродкаў прымусу адносна супрацоўнікаў прадпрыемстваў. Але гэты дэкрэт істотна пагаршае стан саміх кіраўнікоў, што да ўмоваў і парадку звальненьня і прызначэньня. Наўрад ці палажэньні дэкрэту будуць спрыяць таму, каб кіраўнікі праяўлялі больш ініцыятывы. Што кідаецца ў вочы — амаль у кожным пункце дэкрэту ёсьць жаданьне сабраць зь людзей як мага болей грошай. Ён мае выразна фіскальны характар.

РС: Ці можа гэты дэкрэт паспрыяць таму, што беларуская эканоміка будзе працаваць больш эфэктыўна, хай сабе і пад жорсткім кіраўніцтвам?

Ярашук: Напэўна, нідзе так, як у Беларусі, не ствараліся такія жорсткія ўмовы працы як для працаўнікоў, гэтак і для кіраўнікоў. І да чаго гэта прывяло? Да таго, што эканоміка стала татальна неканкурэнтаздольнай і неэфэктыўнай. Магу дакладна сказаць, што адзінае, да чаго можа прывесьці гэты дэкрэт — да таго, каб і працаўнікі, і кіраўнікі шукалі любую нагоду, каб адсюль зьяжджаць. Гэтыя драконаўскія захады будуць стымуляваць не эфэктыўнасьць працы, а эміграцыйныя настроі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG