Акцыю «Адпраў паштоўку ў Беларусь. Марафон напісаньня лістоў палітвязьням» абвясьцілі ў пачатку сьнежня. Яна была арганізаваная пры падтрымцы польска-беларускай арганізацыі «Інстытут Свабоды» і Беларускага дома у Варшаве. Арганізатары прапанавалі напісаць пажаданьні палітвязьням і даслаць іх на спэцыяльную паштовую скрыню kartka.by@gmail.com. Усе атрыманыя пажаданьні былі раздрукаваныя і адпраўленыя адрасатам.
Многія беларусы і палякі ўзялі ўдзел у акцыі, прыйшоўшы 11 сьнежня ў «Беларускі дом у Варшаве» і падпісаўшы паштоўку. Сярод іх быў і праваабаронца Алесь Бяляцкі.
«Найбольш прыемным момантам у турме быў для мяне дзень, калі перадавалі зьняволеным пошту. Я сам атрымліваў больш лістоў, паштовак, чым сотня астатніх зьняволеных. Пісалі рознае — я атрымліваў і вясёлыя і сумныя лісты — часта людзі пісалі, каб я трымаўся, не здаваўся, пісалі, што памятаюць пра мяне. Гэта было празьмерна важна для мяне, давала энэргію і сілу на працяглы час. За тры гады я атрымаў больш за 40 тысяч лістоў», — распавёў ён.
Па словах Алеся Бяляцкага, зараз мы маем справу з новымі затрыманьнямі і новымі абвінавачваньнямі, у тым ліку і ў дачыненьні да журналістаў.
«Сёньня я падпісаў паштоўку Эдуарду Лобаву. Празь месяц ён павінен выйсьці з турмы, дзе адбыў 4 гады зьняволеньня. Я хацеў бы, каб у апошнія дні яго знаходжаньня ў зьняволеньні ён атрымаў мае словы і ведаў, што мы яго чакаем», — сказаў праваабаронца.
Акцыю падтрымалі такія міжнародныя арганізацыі, як Libereco — Partnership for Human Rights, Цэнтар па правах чалавека «Вясна», швэдзкая арганізацыя Ostrguppen, мастакі і актывісты, у тым ліку гурты Power of Trinity i Drop Pants, беларускі музыка і актор Вінсэнт, беларускі панк-рок-гурт Amarokа, польская дызайнэрка Marta Biskupska-Wawrzyńczak, рэжысэр фільму «Жыве Беларусь!» Кшыштаф Лукашэвіч, актор Беларускага Свабоднага тэатру Алег Сідорчык.
Алег Сідорчык, напрыклад, залікаў браць удзел у акцыі і дасылаць паштоўкі палітвязьням: «Вашыя лісты да вязьняў сумленьня — гэта слова вашага ўласнага сумленьня».
А рэжысэр Кшыштаф Лукашэвіч выказаў захапленьне беларусамі, якія пакутуюць за свабоду:
«Зычу вязьням, каб перажылі гэты цяжкі час і як найхутчэйшых зьменаў усім беларусам. Захапляюся людзьмі, якія змагаюцца за свабоду коштам уласнай».