Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністры-замежнікі ва ўрадзе Яцанюка. Хто яны?


У новым украінскім урадзе Арсенія Яцанюка трыма міністрамі сталі замежныя спэцыялісты, якім апэратыўна надалі ўкраінскае грамадзянства.

Украіна мае новы урад: пасьля працяглых кансультацый і абмеркаваньняў дэпутаты Вярхоўнай Рады прагаласавалі за склад Кабінэту міністраў. «Разыначкай» стала прысутнасьць у ім трох спэцыялістаў-замежнікаў, якім прэзыдэнт Пятро Парашэнка ўжо прадставіў ўкраінскае грамадзянства.

Некаторыя міністры з папярэдняга складу ўраду засталіся на сваіх пасадах: у міністэрствах абароны, адукацыі і навукі, унутраных спраў, замежных спраў і юстыцыі. У прыватнасьці прэзыдэнт Парашэнка выказаў задавальненьне працай міністраў замежных спраў і абароны, якія прызначаюцца паводле ягонай квоты, і зноў іх прадставіў для прызначэньня, міністрам замежных спраў Вярхоўная Рада зноў прызначыла Паўла Клімкіна, міністрам абароны — Сьцяпана Палтарака.

Учора ўвечары Вярхоўная Рада «пакетам» прагаласавала і за кандыдатаў на пасады міністраў, прапанаваныя кааліцыяй. Прэм’ер-міністар Украіны Арсеній Яцанюк ўжо назваў гэты Кабмін «урадам нацыянальнага шанцу».

Замежныя міністры аператыўна атрымалі ўкраінскага грамадзянства Міністры-замежнікі, запрошаныя да працы ва ўкраінскім ўрадзе, падчас брыфінгу ў Вярхоўнай Радзе заявілі, што аўтаматычна страцілі сваё ранейшае грамадзянства.

У прыватнасьці, міністар аховы здароўя Аляксандр Квіташвілі заявіў, што паводле грузінскага заканадаўства ён страціў грамадзянства Грузіі, як толькі атрымаў ўкраінскае.

«У Грузіі дзейнічае закон, паводле якога калі атрымліваеш грамадзянства іншай краіны, то аўтаматычна губляеш грамадзянства Грузіі. Таму я і па грузінскіх, і па ўкраінскім законамі ўжо грамадзянін Украіны», — заявіў ён.

Між тым, міністар эканомікі Айварас Абрамавічус яшчэ не ведае, якую атрымліваць зарплату ў новым ўкраінскім урадзе. Паабяцаў плённа працаваць, каб у квітнеючай дзяржаве чыноўнікі мелі годную аплату працы.

«Паклаўшы руку на сэрца, магу сказаць, што я яшчэ не абмяркоўваў пытаньне маёй зарплаты. Я думаю, што яна напэўна вельмі маленькая. Я спадзяюся, што пасьля таго, як мы правядзем рэформы, у міністраў будзе годная зарплата», —сказаў Абрамавіус.

Міністар фінансаў Натальля Ярэська паабяцала не прымаць карупцыйных рашэньняў, якія будуць ісьці ў шкоду дзяржаве. На яе думку, каманда, што цяпер сфармавалася, сапраўды імкнецца палепшыць становішча спраў у краіне. Замежнікі толькі паскораць гэты працэс, лічыць яна.

«Каманда сфармаваная для таго, каб зьмяніць краіну сёньня і назаўсёды, палепшыць празрыстасьць, паменшыць або наогул пазьбегнуць з часам карупцыі. Мы — сябры каманды, якая гатовая змагацца з выклікамі», — дадала Ярэська.

Айварас Абрамaвічус, міністар эканамічнага развіцьця і гандлю Ўкраіны, нарадзіўся ў Вільні, Літва. Мае вялікі вопыт інвэстыцыйнай дзейнасьці ў краінах Усходняй Эўропы. Кампанія міністра East Capital ў 2012 годзе інвэставала ва Ўкраіну больш за 1,5 мільярда грыўняў. Абрамaвічус зьяўляецца саўладальнікам і адным з кіраўнікоў швэдзкай кампаніі East Capital.

Аляксандр Квіташвілі, міністар аховы здароўя, нарадзіўся ў Тбілісі, Грузія. Працаваў у фінансавым і адміністрацыйным дэпартамэнце Мэдыцынскага цэнтра Атланты. Быў кансультантам у розных міжнародных арганізацыях у Азербайджане, Літве, Украіне, Арменіі і Сэрбіі. Са студзеня 2008 года па жнівень 2010 года быў міністрам аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны ў грузінскім урадзе. Укараніў шэраг пасьпяховых рэформаў: праграмы сельскага лекара і таннага страхаваньня, дзякуючы якой колькасьць грамадзян, якія застрахавалі здароўе, дасягнула 1,5 мільёна чалавек.

Натальля Ярэська, міністар фінансаў, нарадзілася ў сям’і эмігрантаў з Украіны ў Чыкага, Амэрыка. Працавала ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША, а ў 1992 годзе, пасьля абвяшчэньня незалежнасьці, пераехала ва Ўкраіну. Пасьля Аранжавай рэвалюцыі яна з калегамі заснавала ўласную кампанію Horizon Capital. Натальля Ярэська вольна валодае ўкраінскай мовай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG