3 сьнежня адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі «Бібліятэкі Свабоды» «Сем худых гадоў». Яе склалі аналітычныя тэксты нашага калегі Юрыя Дракахруста, якія друкаваліся на сайце Радыё Свабода ў пэрыяд з 2008 да 2014 году.
Уладзімер Арлоў: «Дам Юру рэкамэндацыю ў Саюз пісьменьнікаў»
«Мы з Юрыем Дракахрустам у многіх праблемах гісторыі і сучаснасьці, як я мяркую, — зусім не аднадумцы. І гэта цудоўна, бо агонь палемікі заўсёды грэе.
Ня будзе вялікім перабольшаньнем сказаць, што Юрыя я ведаю і чытаю ледзь ня ўсё сваё сьвядомае беларускае жыцьцё — ад тых часоў, калі мы зь ім уваходзілі ў лік давераных асобаў Зянона Пазьняка на выбарах Вярхоўнага Савету Беларусі гістарычнага XII скліканьня. І, дарэчы, разам з Зянонам выйгралі тыя выбары.
Юры быў у камандзе, на маю думку, самым каштоўным байцом. Прынамсі, як мне памятаецца, яму не было роўных у напісаньні перадвыбарных артыкулаў, якія адначасова былі і ўлёткамі. Дзесьці ў маім архіве яны захоўваюцца дагэтуль.
Ужо тады адчувалася, што Юры — ня проста малады матэматык і кандыдат навук, як яго адрэкамэндоўвалі на перадвыбарчых сустрэчах, а чалавек са значна шырэйшым кругаглядам і большым патэнцыялам. Ён ужо ў той час быў аналітыкам, мысьляром, авалодваў сваім непаўторным стылем.
Я думаю, Юры Дракахруст мог бы стаць пісьменьнікам, як ягоны бацька. Ён стаў бліскучым журналістам, палітолягам і г.д. і г.д. (чытайце прадмову да кнігі Аляксандра Лукашука). Але ў маім уяўленьні, і гэта яшчэ раз засьведчыла новая Юрава кніга, — ён і вельмі цікавы літаратар, публіцыст і эсэіст. Калі захоча, без ваганьняў дам яму рэкамэндацыю у Саюз беларускіх пісьменьнікаў».
Андрэй Дынько: «У творах Дракахруста маем традыцыю беларускай аналітыкі»
«Важна, што Юры Дракахруст пасьлядоўна з тыдня ў тыдзень аналізуе палітычныя і іншыя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі. І важна, што ён робіць гэта з беларускіх пазыцый. Такім чынам мы маем ужо традыцыю беларускай аналітыкі.
У гэтых артыкулах Юрыя Дракахруста, у ягоных праграмах „Праскі акцэнт“ адсочваюцца ўсе тэндэнцыі палітычнага жыцьця, разьвіцьця нашага грамадзтва. Гэта значыць, што мы здольныя іх бачыць, і гэта дапамагае беларускім палітычным элітам, бізнэс элітам кіравацца, прымаць правільныя рашэньні ў часам няпростых сытуацыях, праз якія праходзіць наша маладая дзяржава».
Палітоляг Аляксандр Класкоўскі: «Мужнасьць думкі»
«Вядомае выслоўе, што газэта жыве адзін дзень. Так, у прынцыпе, можна сказаць пра ўсю журналістыку. І калі журналіст (а ўсё ж такі Юры Дракахруст — гэта журналіст, прытым, што ён — аналітык, ён — мысьляр, я б нават сказаў) робіць кнігу — гэта ўжо фэномэн. Гэта азначае, што ён робіць... ну хай сабе так званыя „нятленкі“ — гэта гучыць занадта гучна, але рэчы, якія будуць цалкам актуальныя і праз год, і праз два, і праз тры. А гэта азначае, што ён імкнецца глядзець далей і асэнсоўваць глыбей.
Хоць іншым разам гэта могуць быць і непапулярныя думкі. Таму што ёсьць яшчэ такая праблема, як ціск асяродзьдзя. І, умоўна кажучы, апазыцыйнае асяродзьдзе — яно часта таксама пачынае дзяўбці, калі ты ня йдзеш у мэйнстрыме.
Дык вось Юры Дракахруст — гэта адзін з тых, хто можа ісьці не ў мэйнстрыме і нават кідаць пальчатку бальшыні. Але робіць ён гэта менавіта таму, што валодае мужнасьцю думкі.
Ёсьць у Анатоля Франса такі выраз, што самая рэдкая мужнасьць — гэта мужнасьць думкі. Да творчасьці Юрыя Дракахруста гэтыя словы цалкам можна дапасаваць».
Філёзаф Валянцін Акудовіч: «Яго тэксты ёсьць нічым іншым, як філязофскімі эсэ»
«Як толькі не абзываюць Юр’я Дракахруста: журналіст, палітычны аглядальнік, блогер, дасьледчык сацыяльна-палітычнай сфэры, экспэрт, аўтар „Праскага акцэнту“, палітычны аналітык і г. д. Аляксандар Лукашук нават усю прадмову да кнігі „Сем худых гадоў“ прысьвяціў пытаньню: хто ён такі насамрэч гэты Дракахруст? І дадаў да майго сьпісу яшчэ шмат чаго рознага — вылучу „экспэрымэнтальны палітоляг“ і „сын паэта“.
Такое няспыннае розначытаньне наробку Дракахруста дазваляе мне казаць пра яго як пра адмысловы фэномэн. Бо ўсё гэтае мноства відавочна сьведчыць, што кожнае зь іх паасобку і блізка не тлумачыць ягоную творчую сутву. Хаця, як мне здаецца, і ўсе разам яны ня шмат што тлумачаць. Але ў чым тут справа? Можа, у тым, што нідзе яшчэ, акрамя як у полі палітычнага, яму не шукаюць тоеснага месца?
Тады давайце прыслухаемся да экстравагантнай падказкі Аляксандра Лукашука: сын паэта. Калі мы так зробім, дык першае, што нам кінецца ў вочы — гэта стыль. Адметны літаратурны стыль. Лёгкі, празрысты, трошкі паблажліва-іранічны ці скептычна-ўзьнёслы, але заўсёды з дакладна вывераным словам... Між іншым, выключна рэдкая зьява ня толькі для беларускіх, але і якіх заўгодна іншых „палітычных“ аглядальнікаў.
І калі мы ў зададзеным накірунку рушым далей, то досыць хутка зразумеем, што насамрэч Дракахруст працуе ў жанры эсэ, якое заўсёды ёсьць вытворным ад „я“, якое „мысьліць“. Гэта якраз пра нашага героя.
Карацей кажучы, лепшыя яго тэксты ёсьць нічым іншым, як філязофскімі эсэ. (Для недаверкаў раю вырваць з паліталягічнага кантэксту і прачытаць, скажам, такія яго эсэ як „Усходнеславаянскія італьянцы...“ альбо „Пра адзінства беларусаў“, натуральна, і шмат якія яшчэ).
Таму, каб я быў укладальнікам зборніка „Філязофскія эсэ“ сучасных беларускіх аўтараў, дык месца тэкстам Юры Дракахруста там было б забясьпечанае».
Паэт Уладзімер Някляеў: «Віншую Дракахруста з выдатнай кнігай»
«Калі ў мяне пытаюць: „Якія кнігі, тэксты вы лічыце найбольш цікавымі ў сучаснай літаратуры, журналістыцы?“ — я звычайна адказваю: „Тыя, якія дачытваю да канца“. І пасьля ўжо, калі надта дамагаюцца імёнаў, называю імёны, cярод якіх амаль заўсёды, калі пытаньне датычыць журналістыкі, імя Юрыя Дракахруста.
Чаму?.. Не толькі таму, што тэксты ягоныя — тэксты чалавека з глыбокім мысьленьнем. Папросту разумныя. У іх яшчэ ёсьць тое, што было ў ягоным бацьку, таленавітым паэце і надзвычай тактоўным, інтэлігентным чалавеку Аляксандры Дракахрусьце. Аўтары верша, які я помню яшчэ з юнацтва.
Не советовался ни с кем
И построил дом на песке.
В этом доме с тобой вдвоём
Вечность, кажется, мы живём.
Сколько молний из хмурых глаз
Попадало в него подчас!
Но стоит, ты смотри — стоит!
Видно, дан ему долгий срок.
А шептали: „Зыбун... Песок...“
Вось што ў гэтым лірычным (а верш, зразумела, пра каханьне) вершы?.. А тое, што ў большасьці нашых разумнікаў сёньня зусім не ў модзе. Пазытыў. Жыцьцесьцьвярджальнасьць. Гэта было ў характары, у натуры паэта Аляксандра Дракахруста — і генэтычна перадалося сыну.
Вось вы ўсе даводзіце, пісаў бацька, што сямейны дом на пяску абавязкова рухне, а я вам даказваю, што не абавязкова. Калі скарыстоўваеш, так бы мовіць, адпаведныя для такога будаўніцтва тэхналёгіі: калі кахаеш тых, зь кім і для каго будуеш дом.
Вось вы ўсе даводзіце, піша сын, што дзяржаўны дом на пяску ўзьвесьці немагчыма, а я вам даказваю, што ўсё ж магчыма. Калі скарыстоўваеш адпаведныя для такога будаўніцтва тэхналёгіі: калі...
Ну, тут ужо больш складаныя ўмовы, чым проста любіць тых, з кім будуеш дзяржаўны дом, але... Але нездарма ў адным з камэнтароў да тэксту з назвай „Байкот і нацыянальная сьвядомасьць“ нехта Віктар з Гомеля напісаў: „Юры занадта добрай думкі аб людзях“.
І я так лічу. І віншую Юрыя Дракахруста з выдатнай кнігай».
Анатоль Вярцінскі пра кнігу Дракахруста: «Асоба аўтара — мера рэчаў»
«3 сьнежня 1989 году, гэта значыць 25 гадоў таму, у рэдакцыі газэты „Літаратура і Мастацтва“, галоўным рэдактарам якой быў тады я, адбыўся круглы стол на тэму: „Перабудова і правы чалавека“. Круглы стол быў шматлюдным. Самым маладым сярод прысутных і яшчэ невядомым у грамадзкім сэнсе слова „чалавек“ быў кандыдат матэматычных навук Юры Дракахруст. Вось я перачытаў яго справаздачу з гэтага круглага стала, і знайшоў ці ня самымі цікавымі па зьмесьце, па форме, па стылі, надзвычай завостранымі палемічна менавіта рэмаркі Юрыя Дракахруста.
Так 25 гадоў таму пачынаў сваё станаўленьне будучы аўтар праграмы „Праскі акцэнт“, аўтар кнігі „Акцэнты Свабоды“ і блогаў, што склалі кнігу „Сем худых гадоў“. Такі вось шлях, такая публічная дзейнасьць словам, такая творчасьць Юрыя Дракахруста. Кажучы яго словамі — аналіз, асэнсаваньне, напружаны інтэлектуальны пошук і яшчэ рэфлексія. Што і зразумела.
У блогах арганічна спалучаюцца індывідуальна чалавечае, асабістае „я“ з грамадзка-палітычным „мы“, „яны“, „наша“. Іншымі словамі, дае знаць пра сябе, як правіла, асоба аўтара. Яна тут — мера рэчаў».
Атрымаць кнігу «Сем худых гадоў» з аўтографам аўтара Юрыя Дракахруста можна будзе 3 сьнежня на прэзэнтацыі ў менскай сядзібе БНФ, па вуліцы Чарнышэўскага 3, пачатак а 18-й гадзіне.
Або дашліце запыт на адрас rferl.minsk@gmail.com, і Вам дашлюць кнігу поштай.