Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі лёс «караля эпізоду» расейскіх тэлесэрыялаў


Расейскі актор з папулярных сэрыялаў прайшоў Майдан і нясе службу ў «Самаабароне Адэсы».

Імя Сяргея Анісіфорава зь лёгкай рукі журналістаў таблоідаў часта суправаджаецца эпітэтам-клішэ «кароль эпізоду». Анісіфораў зьняўся ў сэрыялах «Вуліцы разьбітых ліхтароў», «Ліцейны», «Марскія д’яблы», «Абарона Красіна», «Сола для пісталета з аркестрам», «Адэса-мама» і многіх іншых. Незадоўга да пачатку пратэстаў ва Ўкраіне ён зьехаў у Адэсу, але як толькі пачаўся Майдан, выправіўся ў Кіеў і ўсю зіму правёў побач зь іншымі актывістамі на барыкадах і ў палатках. Зараз Анісіфораў жыве ў Адэсе і судзіцца з украінскай міграцыйнай службай за права атрымаць ва Ўкраіне палітычны прытулак. Адначасова ён нясе добраахвотніцкую службу ў арганізацыі «Самаабарона Адэсы». Рэпартаж пра Сяргея Анісіфорава чытайце на сайце рускай службы нашага радыё
Прапануем вам фрагмэнты публікацыі.

44-гадовы Сяргей Анісіфораў — чалавек з няпростым лёсам. Дзетдомавец родам з Валагодзкай вобласьці, два разы адбываў турэмнае зьняволеньне за разбой і рабаваньне — агулам 9 гадоў. Выйшаўшы з турмы па амністыі ў 1999 годзе, Анісіфораў адправіўся ў Санкт-Пецярбург — вырашаць пытаньне з атрыманьнем расейскага грамадзянства (калі распадаўся Савецкі Саюз, ён знаходзіўся ў калёніі). Там ён і трапіўся на вочы супрацоўніцы кампаніі «Ленфiльм», якая ўбачыла ў ім прыдатны тыпаж для сэрыялаў пра супрацьстаяньне бандытаў і міліцыі. Анісіфораў пасьпеў выканаць мноства роляў.



У інтэрвію Радыё Свабода Сяргей Анісіфораў распавёў аб матывах пакінуць Расею, аб адносінах да зоркі піцерскіх крымінальных сэрыялаў Міхаіла Парэчанкава і да падзеяў у Адэсе 2 траўня 2014 года.

РС: Як і калі вы апынуліся ва Ўкраіне?

Анісіфораў: Я дамагаўся аднаўленьня правоў на сваё жыльлё ў Валагодзкай вобласьці, якое я ў 90-я гады страціў па рашэньні суду, таму што існаваў у савецкім заканадаўстве закон, па якім, калі чалавека асуджаюць, ён пазбаўляецца жыльля. У выніку мяне паставілі ў Чарапаўцы ў чаргу на жыльлё, восем-тысяч-нейкім-чалавекам. Плюс да ўсяго я даволі часта выяжджаў на тэрыторыю Ўкраіны, яна мне бліжэй ўжо рабілася. Пачалі некаторыя моманты ў мяне зьяўляцца ў Расеі, пачаліся ў мой бок выказваньні: «Ты ў Хахляндзію пачаў езьдзіць, вось і ўладкоўвайся там».

Я вырашыў сабрацца і ў 2013 годзе, у кастрычніку, выехаў на тэрыторыю Ўкраіны. Зьявілася магчымасьць аформіць дакумэнты на грамадзянства Ўкраіны, таму што ў свой час, у 80-я гады, я пачынаў сваю працоўную дзейнасьць менавіта на тэрыторыі Ўкраіны.

Пасьля анэксіі Крыму, тыя, хто яшчэ больш-менш ляяльна ставіліся да Майдану, сябры, якіх я ведаю шмат гадоў, раптоўна ўсё рэзка ад мяне адвярнуліся

Я тут выжываў, пачаў паволі ўладкоўвацца, і тут здарыўся Майдан. Я блізка да сэрца прыняў зьбіцьцё студэнтаў «Беркутам» на загад Януковіча, выехаў неадкладна на Майдан, мяне добра прынялі, адразу вызначыўся ў Адэскую палатку партыі «Ўдар». Пачаліся мае будні майданаўскія, пасты, пастаянныя вылазкі, сутачныя дзяжурствы на барыкадах. Я на той момант зразумеў ужо, што нешта адбываецца ня тое, я і раней пачаў разумець гэта, што Януковіч — злодзей, што яго трэба зрынуць, што павінна ўсталявацца больш дэмакратычная ўлада, павінен наступіць канец беззаконьню на тэрыторыі Ўкраіны.

Пасьля анэксіі Крыму, калі пайшла вось гэтая пуцінская агрэсія, тыя, хто яшчэ больш-менш ляяльна ставіліся да Майдану, ведалі, што я на Майдане знаходжуся, сябры, якіх я ведаю шмат гадоў, раптоўна ўсё рэзка ад мяне адвярнуліся. Сваякі, брат, сястра, стрыечны брат, — ад мяне адмовіліся цалкам.

Ёсьць меркаваньне, што яны былі папярэджаныя супрацоўнікам ФСБ, што са мной непажадана мець зносіны. Зараз я бачу, што ідзе поўная інфармацыйная вайна, цалкам замбаванае расейскае грамадзтва, але на дадзены момант расейскія грамадзяне ўжо пачынаюць паціху разумець, што нешта адбываецца ня тое, пайшла ўжо інфармацыя пра тое, што Пуцін падманам хлопцаў засылае, ваенных, на тэрыторыю Ўкраіны, тыпу там «абаронім расейцаў на Данбасе». Я кажу: нам, расейцам, вось я тут знаходжуся, — нам не патрэбная твая абарона, Пуцін! Мы выдатна сябе тут адчуваем. Гэтыя «ДНР», «ЛНР» — гэта мітычныя арганізацыі, якія пад пратэктаратам Пуціна спрабуюць навязаць нам свае ўмовы, якія нам не патрэбныя. Нам не патрэбная пуцінская абарона!

РС: Што вы думаеце пра падзеі, якія зараз адбываюцца ў Данецкай і Луганскай абласьцях Украіны?

Анісіфораў: Пуцін хацеў па-ціхаму забраць сабе Данбас, але ў яго гэта не атрымалася і не атрымаецца. Кажуць, што апалчэнцы ваююць... На самай справе няма апалчэнцаў на тэрыторыі Ўкраіны! Ёсьць ашуканыя расейскія войскі, якія зайшлі на тэрыторыю Ўкраіны. Яшчэ раз кажу: няма апалчэнцаў, якія там, тыпу таго, ваююць за сваю тэрыторыю, за «Наваросію». «Наваросіі», Данбаса няма.

РС: Так атрымалася, што самым «родным» горадам ва Ўкраіне для вас стала Адэса. Што вы думаеце пра трагічныя падзеі, якія адбыліся тут 2 траўня гэтага года?

няма апалчэнцаў, якія там, тыпу таго, ваююць за сваю тэрыторыю, за «Наваросію»

Анісіфораў: Другога траўня я знаходзіўся ў адэскім намёце на Майдане, рыхтаваўся да шпіталя, у студзені я атрымаў кантузію на Майдане. Тое, што гэтая бойня адбылася ў Адэсе, — гэта была выразна сплянаваная акцыя Давідчанкі (Антон Давідчанка, адзін з арганізатараў адэскага «Антымайдану» — РС). Усе вось гэтыя бабулі, дзядулі, вось гэтая моладзь, якая там пайшла супраць нашай самаабароны, супраць мірных грамадзян ваяваць, менавіта Давідчанка, падкантрольныя яму асобы пад пратэктаратам ФСБ, іх зацягнулі ў Дом прафсаюзаў. У іх там быў штаб, аб якім гэтыя ашуканыя грамадзяне, адэсіты, якія там апынуліся, ня ведалі. Там ужо была гатовая для іх пастка: калі яны зайшлі, быў пушчаны газ, таму яны і памерлі ў гэтых ненатуральных позах. Гэта была пастка! Давідчанка і гэтыя прарасейскія арганізацыі, яны былі зацікаўленыя ў тым, каб усю віну зваліць на самаабарону, на «Правы сэктар», яны ў той момант думалі, што возьмуць сытуацыю ў свае рукі, але Адэса паднялася, і мы не далі ім разгарнуцца, гэтым расейскім сілам.

РС: Вашу фігуру ў Расеі ўжо пасьля Майдану спрабавалі неяк выкарыстоўваць у прапагандысцкіх мэтах? Маўляў, вось, глядзіце, былы крымінальнік ня стаў вядомым акторам і зноў узяўся за старое, цяпер ваюе на баку «фашыстаў»?

Анісіфораў: Наогул я вам скажу, што фашысты цяпер — гэта Пуцін і кампанія. Ведаеце, я змагаюся не за фашыстаў, я змагаюся за ўкраінскі народ, таму што ўкраінскі народ даў ўсім у сьвеце зразумець: мы можам, мы ўсталі з каленяў, мы хочам зрабіць сваю дзяржаву незалежнай, больш празрыстай, незалежнай ад пуцінскага дзяржавы, ад Пуціна.

Ведаеце, зараз я Мішу асуджаю, пагарджаю ім, ён захацеў зрабіць піяр на забітых грамадзянах Украіны, на тых жа забітых расейскіх салдатах, якіх Пуцін падманам засылае на тэрыторыю Ўкраіны

Пуцін хацеў стварыць вось гэтую «Наваросію», узнавіць СССР, ён цар, бог, але ведаеце — ён ніхто. І пуцінскі рэжым падзе, у гэтым я ўпэўнены, ёсьць ужо да гэтага перадумовы, Расея ўжо пачала разумець паволі, якая адбываецца сытуацыя, яна таксама падымецца з каленяў, зрыне рэжым Пуціна, гэтак жа, як мы зрынулі рэжым Януковіча.

РС: Вы здымаліся ў сэрыяле «Вуліца разьбітых ліхтароў» і ў некаторых іншых, дзе адначасова з вамі здымаўся Міхаіл Парэчанкаў — што думаеце пра яго нашумелую паездку ў Данецк?

Анісіфораў: Так, я зь ім двойчы перасякаўся. Міша сам па сабе добры чалавек, так, гэтага я не хаваю. Але мяне, вядома, зьдзівіла сытуацыя, што ён апынуўся ў Данецку. Ведаеце, зараз я Мішу асуджаю, пагарджаю ім, ён захацеў зрабіць піяр на забітых грамадзянах Украіны, на тых жа забітых расейскіх салдатах, якіх Пуцін падманам засылае на тэрыторыю Ўкраіны. Парэчанкаў апрануў вось гэтую каску «Прэса», дыскрэдытаваў прэсу гэтым, такіх людзей павінны ўсе асуджаць, пагарджаць імі, якім бы ён нават ні быў акторам. Я калі б яго ўбачыў — проста плюнуў бы яму ў твар!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG