На разьвітаньне ў Менску з апазыцыйным генэралам Валерам Фраловым прыйшоў былы міністар спорту і міністар унутраных спраў Беларусі Юры Сівакоў.
У размове з карэспандэнтам Свабоды Юры Сівакоў патлумачыў, што быў сябрам генэрала Фралова.
— Мы зь ім сябравалі даўно, з таго часу, калі ён яшчэ быў старшым лейтэнантам, разам служылі. Разам вучыліся ў акадэміі, у адзін год яе заканчвалі. У цэлым у нас зь ім былі вельмі добрыя, сяброўскія адносіны да самага апошняга дня. Гэта быў талковы генэрал, вельмі разумны чалавек, прыстойны афіцэр. Для чалавека дзейнага, такога складу, як ён, яму неабходнае поле дзейнасьці. Калі яму поле дзейнасьці не даюць, ён шукае поле бітвы. Гэта калі вельмі коратка. Ён бяз справы сядзець ня мог. Ён увесь час хацеў быць некаму карысным, увесь час шукаў працу — гэтага не атрымлівалася. Таму гэтыя стрэсавыя сытуацыі, у тым ліку, прадвызначылі не зусім своечасовы яго скон.
— Як вы ставіліся да яго прэзыдэнцкіх амбіцый? Ён нядаўна заявіў пра намер змагацца за прэзыдэнцкую пасаду.
— Кожны з нас выбірае сабе каштоўнасьці і каштоўнасныя арыентацыі. Гэта ўжо асабістае. Але ў прынцыпе чаму ён увесь час спрабаваў за нешта змагацца — не было працы, не было поля дзейнасьці. Ён шукаў поле бітвы. Больш на гэты конт і сказаць няма чаго.
— Вы кажаце, што сябравалі з генэралам Фраловым да апошняга часу і даўно яго ведаеце. Але як вы патлумачыце, што ён быў у апазыцыі, а вы былі ва ўладзе?
— Ведаеце, ня трэба блытаць асабістыя стасункі і погляды. У нас чамусьці прынята глядзець, чый ты чалавек, да якой партыі адносісься. Адно другому не перашкаджае. Ёсьць асабістыя стасункі і ёсьць розныя погляды на розныя, у тым ліку палітычныя і эканамічныя, сытуацыі. Ня трэба блытаць адно з другім. Я лічу, што тут адно другому не перашкаджае. Недзе мы адзін з аднаго жартавалі, недзе сьмяяліся. У яго заўсёды ўсё нармальна было з пачуцьцём гумару. Таму я ня бачу нічога дзіўнага ў тым, што мы зь ім сябравалі.
— Але погляды ў вас былі розныя?
— Ну, гэта пытаньне правакацыйнае. На нейкія пытаньні погляды былі аднолькавыя, на нейкія — розныя. Але зноў жа — гэта асабістая справа кожнага».
— Тое, што вы прыйшлі на разьвітаньне з апазыцыйным генэралам, гэта быў нейкі ўчынак з вашага боку
— Калі б я не прыйшоў, я проста перастаў бы сябе паважаць. Нічога гераічнага ці звышардынарнага тут няма. Гэта нармальны ўчынак чалавека адносна свайго таварыша.
— Ён быў генэралам, служыў з многімі, і ўлады маглі неяк адрэагаваць...
— Абавязаны былі, бо ён баявы генэрал. І ўсё, што тычыцца тых рытуалаў, якія належаць згодна зь ягоным статусам, трэба было выканаць. А што да тых, хто пабаўся ці не палічыў патрэбным прыйсьці, няхай гэта будзе на іх сумленьні.