Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвал расейскага рубля распачне валютную вайну паміж Беларусьсю і Расеяй


Падчас адкрыцьця таргоў на Маскоўскай біржы рубель апусьціўся да гістарычнага мінімуму ў адносінах да іншых валютаў. Даляр наблізіўся да 45 рублёў, эўра перавысіў 56 рублёў.

На думку экспэртаў, абвал рубля можа прывесьці да таго, што расейскі рынак адмовіцца ад беларускіх тавараў. У такіх умовах беларускія тавары могуць аказацца не па кішэні расейскім пакупнікам.

«Як казаў некалі Гагарын — „Паехалі“. Справа ў тым, што Цэнтральны банк Расеі адмовіўся падтрымліваць расейскі рубель грашыма. На гэта трацілася велізарная колькасьць грошай, але ад сёньня прынята рашэньне больш гэтага не рабіць. Таму цяпер, калі Цэнтральны банк будзе далей дадрукоўваць рублі, то тады курсы ў 45 і 56 — гэта толькі кветачкі ў параўнаньні з тым, што будзе далей», — лічыць эканаміст Яраслаў Раманчук.

Паводле экспэрта, паміж Расеяй і Беларусьсю пачынаецца паўнавартасная валютная вайна.

«Калі Нацыянальны банк Беларусі ня будзе прымаць адэкватныя захады, мы сутыкнёмся з сытуацыяй, калі беларускія тавары стануць вельмі дарагімі і Расея адмовіцца іх купляць. Ужо ў 2014 годзе гэта прывядзе да страты каля 5% ВУП. Так што гэта вельмі сур’ёзна і патрабуе радыкальнай карэкцыі грашовай палітыкі ў нашай краіне.

Калі зараз Нацыянальны банк Беларусі ня будзе дэвальваваць рубель, то ён фактычна заб’е значную частку прамысловасьці і сельскай гаспадаркі

Атрымліваецца, што калі зараз Нацыянальны банк Беларусі ня будзе дэвальваваць рубель, то ён фактычна заб’е значную частку прамысловасьці і сельскай гаспадаркі. Апроч таго, расейскія тавары стануць таньнейшымі на 30–50%, чым беларускія аналягі. Тады тавары з Расеі трапяць на беларускі рынак і пачнуць канкураваць зь беларускімі.

Калі ж Нацыянальны банк Беларусі будзе праводзіць дэвальвацыю, гэта прывядзе да таго, што людзі будуць забіраць грошы з банкаўскіх укладаў. Такім чынам, запушчаны ланцужок вельмі нэгатыўных эканамічных зьяваў», — дадаў Яраслаў Раманчук.

Зь ім пагаджаецца інвэстыцыйны аналітык Сьцяпан Сьвідзерскі, які лічыць, што найгоршае ў імклівым падзеньні курсу расейскага рубля — падзеньне платаздольнасьці расейскіх пакупнікоў:

«Беларусь вельмі моцна арыентаваная на экспарт у Расею прадуктаў сельскай гаспадаркі, машынабудаваньня і часткова лёгкай прамысловасьці. Падзеньне плацёжнай здольнасьці кліентаў прывядзе да падзеньня попыту на нашу прадукцыю».

У той жа час сытуацыя з расейскім рублём наўрад ці адаб’ецца на схемах рээкспарту замежных тавараў у Расею празь Беларусь, лічыць аналітык.

«Гэты бізнэс нічога не вырабляе і не грунтуецца на доўгатэрміновых кантрактах. Схемы працы рээкспарту ствараюцца, каб як мага хутчэй набыць, прадаць, зарабіць і схаваць заробак ад падатковай інспэкцыі. Дзейнасьць іх ня згорнецца, але будуць пастаўляцца трохі іншыя аб’ёмы і трохі па іншых коштах».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG