Праваабаронца Алена Танкачова ў размове з карэспандэнтам Свабоды распавяла акалічнасьці, зьвязаныя з пазбаўленьнем яе віду на жыхарства і яе цяперашнім становішчам.
Танкачова: «Я чакаю серады. Ёсьць даволі актыўная рэакцыя сяброў і калегаў, заявы мясцовых і міжнародных праваабарончых арганізацыяў. І ёсьць, відаць, паднятая расейскімі калегамі ўвага з боку структураў Расейскай Фэдэрацыі. Мне сказалі, што амбасада ў курсе сытуацыі. Хоць я туды сама не зьвярталася. Гэта вынік дзейнасьці расейскіх калегаў-праваабаронцаў. Ёсьць пяць тысяч подпісаў, сабраных праз інтэрнэт-пэтыцыю, і мяне гэта вельмі кранула, бо я не чакала, што гэта выкліча такую жыцьцесьцьвярджальную рэакцыю».
Карэспандэнт: «Пытаньне аб працэдуры высылкі будзе разглядацца 5 лістапада. Дзе і як гэта будзе адбывацца?»
Танкачова: «Гэта будзе адбывацца ў Першамайскім РУУС Менску, так напісана ў афіцыйным паведамленьні. У якім парадку гэта працэдура будзе адбывацца, я ня ведаю, бо я зь ёй ніколі не сутыкалася. І хто канкрэтна будзе прымаць гэтае рашэньне, мне таксама невядома. У гэтым дакумэнце напісана, што ў мяне ёсьць магчымасьць прадставіць свае аргумэнты, сьведчаньні, заявы. Гэтыя пяць адміністрацыйных парушэньняў за год, пра якія ідзе гаворка, — гэта штрафы за нязначныя перавышэньні хуткасьці за межамі Менску. Напрыклад, пры абмежаваньні ў 60 кілямэтраў было 72. А потым мой аўтамабіль паўтара года знаходзіцца ў часовым карыстаньні арганізацыі, у якой я працую. І аўтамабілем кірую ня толькі і ня столькі я за межамі гораду. Урэшце ў іх ёсьць відэафіксацыя задняга нумару машыны. У гэтым выпадку нават няма доказаў, што парушэньні рабіла менавіта я. На жаль, гэтыя аргумэнты пакуль не былі прынятыя да ўвагі. Яны маглі быць прынятыя на стадыі разгляду пытаньня пра від на жыхарства, на што я, уласна, разьлічвала. Я дала тлумачэньні па сытуацыі. Я патлумачыла, як апынулася ў Беларусі. Я, уласна, з 15 гадоў і не жыла нідзе за межамі гэтай краіны. У заяве я падрабязна апісала сытуацыю з аўтамабілем, зь сямейным становішчам, з уласнасьцю, з працай. У міграцыйнай службы ёсьць права вырашэньня. Яны мусілі ўбачыць, што ёсьць пяць парушэньняў, і сувымераць гэта з усімі іншымі акалічнасьцямі, пра якія я кажу. І, зыходзячы з гэтага, прыняць прапарцыйнае рашэньне.
А што тычыцца прапарцыйнасьці, то ў мяне застаецца пытаньне. Я спадзяюся, што пры абскарджваньні гэтых дзеяньняў я зноў змагу выкласьці гэтыя аргумэнты і яны будуць пачутыя».
Карэспандэнт: «Якая сытуацыя на гэты момант, вы пазбаўленыя віду на жыхарства...»
Танкачова: «У дакумэнце, у якім паведамляецца, што мяне пазбавілі віду на жыхарства, гаворыцца, што я цягам пяці дзён павінна здаць дакумэнт пра від на жыхарства, стаць на ўлік, то бок аплаціць рэгістрацыю і цягам трыццаці дзён пакінуць РБ. Від на жыхарства я здала і атрымала рэгістрацыю на 30 дзён. Я дзейнічала згодна з прадпісаньнем. Цяпер я працую над падрыхтоўкай скаргі. Усё гэта тычыцца майго жыцьця і магчымых вельмі сур’ёзных зьменаў у маім жыцьці».
Карэспандэнт: «А чаму вы не прынялі беларускае грамадзянства?»
Танкачова: «Я не лічу, што абмеркаваньне пытаньня пра грамадзянства ёсьць правільным. Гэта тое самае, што пытацца ў чалавека, якога ён веравызнаньня. Я займаюся праваабарончай дзейнасьцю і ёсьць свае варыянты і падыходы.Таксама былі асабістыя абставіны, якія абцяжарвалі пытаньне, зьвязанае са зваротам да дзейнага кіраўніка краіны аб спыненьні віду на жыхарства. Я скончыла ў гэтай краіне юрыдычны факультэт. Мая пазыцыя па рэфэрэндуму 1996 года была ўсім вядомая і зразумелая. Мая юрыдычная ацэнка тых падзей нікуды не зьнікла. Мой былы муж, бацька маёй дачкі, грамадзянкі Рэспублікі Беларусь, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета 13-га скліканьня. І ўсе падзеі, зьвязаныя з Вярхоўным Саветам 13-га скліканьня выразна закранулі мяне і маю сям’ю. Таму ў мяне ёсьць цэлы шэраг маральных падставаў, каб мець абмежаваньні для звароту з такой пэрсанальнай просьбай.
Але пасьля той падтрымкі, якую я атрымліваю ад маіх сяброў, калег і малазнаёмых беларусаў, па вялікім рахунку маё грамадзянства, зьвязанае менавіта зь Беларусьсю, пацьвярджае і без беларускага пашпарту».