Кіраўнік рады па разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі Міхаіл Фядотаў зьвярнуўся ў расейскае Міністэрства замежных спраў з просьбай тэрмінова дапамагчы расейскай грамадзянцы, праваабаронцы Алене Танкачовай.
Ёй пагражае высылка з тэрыторыі Беларусі, дзе яна стала жыве цягам 30 гадоў.
Пра гэта паведаміў афіцыйны сайт рады.
30 кастрычніка Танкачовай анулявалі від на жыхарства за тое, што яна нібыта рабіла адміністрацыйныя правапарушэньні, не выконваючы правілаў дарожнага руху — перавышала хуткасьць на дарогах. Аднак у СПЧ лічаць, што рэальны матыў высылкі — яе праваабарончая дзейнасьць.
«Уладу не спыніла ні тое, што ў Беларусі ў Алены знаходзіцца сям’я, праца, кватэра, асабістыя і прафэсійныя сувязі, ні тое, што нашы краіны ўтвараюць саюзную дзяржаву, а грамадзяне нашых краін карыстаюцца роўнымі правамі», — адзначылі ў СПЧ.
Пытаньне аб працэдуры высылкі будзе разглядацца 5 лістапада.