Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праэўрапейская дынаміка Ўкраіны будзе арыенцірам для Беларусі, — Андрэй Ягораў


Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

Перамога праэўрапейскіх сілаў на выбарах у Вярхоўную Раду дае магчымасьць правесьці ва Ўкраіне дэмакратычныя рэформы, посьпех якіх паспрыяе росту праэўрапейскіх і прарэфармісцкіх настрояў у беларускім грамадзтве.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў, камэнтуючы вынікі выбараў у Вярхоўную Раду Ўкраіны.

«Адбылося тое, што і павінна было адбыцца: рэфармісцкія прадэмакратычныя праэўрапейскія сілы ўзялі бальшыню ў новым складзе Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Апазыцыйныя на сёньняшні момант сілы ў выглядзе былой Партый рэгіёнаў і камуністаў або не ўвайшлі ў Вярхоўную Раду, або ўзялі татальную меншыню ў парлямэнце. Таму фактычна новы ўрад будзе сфармаваны праэўрапейскімі сіламі ў Радзе», — канстатуе Ягораў.

На ягоную думку, вынікі выбараў наўрад ці паўплываюць на ваенны канфлікт у Данбасе, але, безумоўна, перамога праэўрапейскіх сілаў на выбарах ва Ўкраіне — не ў інтарэсах Крамля:

Добрая праэўрапейская дынаміка Ўкраіны будзе ўплываць на рост праэўрапейскіх, прарэфармісцкіх настрояў у Беларусі

«Сытуацыя на Данбасе не залежыць наўпрост ад палітычнай сытуацыі ў Кіеве. Той канфлікт інсьпіруецца і падтрымліваецца з боку Расеі. Безумоўна, для Расеі была б больш выгадная нестабільная сытуацыя ва Ўкраіне і канфліктны склад Вярхоўнай Рады, дзе б значнае месца мелі прарасейскія групоўкі. Але такога не адбылося, і вось гэтая сытуацыя грае на карысьць большай стабільнасьці ва Ўкраіне, большай цьвёрдасьці ў правядзеньні рэформаў. Я думаю, што Расея будзе шукаць іншых магчымасьцяў дзеля таго, каб ня даць Украіне ісьці цьвёрда па шляху эўрапейскай інтэграцыі. Расея пакуль будзе падтрымліваць канфлікт на Данбасе і спрабаваць празь яго і далей уплываць на сытуацыю ва Ўкраіне».

Як лічыць Ягораў, удалыя праэўрапейскія рэформы ва Ўкраіне, якія зробяць Украіну моцнай і заможнай, — гэта безумоўна добра для Беларусі ва ўсіх сэнсах.

«Для дэмакратычна арыентаванай супольнасьці Беларусі і ўвогуле для грамадзянаў Беларусі, якія жадаюць лепшай будучыні, гэта будзе такім арыенцірам. Добрая праэўрапейская дынаміка Ўкраіны будзе ўплываць на рост праэўрапейскіх, прарэфармісцкіх настрояў у Беларусі», — лічыць Ягораў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG