Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрамайдан на «Бульбамуві-2014»


Януш Гарылюк
Януш Гарылюк

Чацьверты беларускі кінафэстываль сёньня пачнецца ў Варшаве.

З 24 па 26 кастрычніка ў варшаўскім кінатэатры «Муранаў» кожны зможа трапіць на паказы беларускіх каротка- і поўнамэтражных, мастацкіх і дакумэнтальных фільмаў. У фінале журы выбера лепшыя, а гасьцей запросяць на пачастунак.

Пакуль журы разважае, якія фільмы вартыя ўзнагароды, госьці разьбіраюць страву са 150 печаных бульбін — так маюць выглядаць апошнія гадзіны апошняга дня фэстывалю беларускага кіно ў Варшаве «Бульбамуві».

Фэстываль «паказвае, як нараджаецца новае кіно, зь якога вы можаце даведацца пра беларускага суседа больш, чым з 1001 тэлевізійнай навіны», — пішуць на сайце арганізатары.

«Блёк на першы дзень стварыўся сам — такія падзеі»

«Бульбамуві» пройдзе ўжо чацьвёрты раз, і цяпер, на думку аднаго з арганізатараў Януша Гаўрылюка, прыйшло дастаткова фільмаў, каб падзяліць іх на дзьве катэгорыі — дакумэнтальныя і мастацкія. Але гэта справа наступных фэстываляў. Арганізатары атрымалі 69 працаў, у межах конкурсу пакажуць 20, і гэта далёка ня ўся праграма.

«Блёк на першы дзень стварыўся сам — такія падзеі», — кажа Януш Гаўрылюк і прэзэнтуе першы, пятнічны разьдзел фэстывалю — беларуска-ўкраінска-польскі трохкутнік. Ляўрэаты «Бульбамуві», а таксама палякі і ўкраінцы ўдзельнічалі сёлета ў дакумэнтальным кінапраекце польскіх дакумэнталістаў «Маладыя пра маладых» і разам стварылі 13 дакумэнталак (будзе паказ трэйлераў).

Большасьць працаў прысьвечана Ўкраіне і Майдану. Але ня толькі: ляўрэат «Бульбамуві» 2012 году Алесь Лапо зрабіў дакфільм пра двух маладых беларусаў, якія езьдзяць па вёсках Беларусі і паказваюць мясцовым жыхарам кіно. А другі, Арцём Лобач, — дакумэнталку пра арт-вёскі ў Беларусі і Ўкраіне.

Таксама ў першы дзень пакажуць «Майдан» Сяргея Лазьніцы, у рамках фэстывалю адбудзецца польская прэм’ера новага мастацкага фільму вядомага беларускага дакумэнталіста Віктара Асьлюка «Рускі».

«Яго фільмы паказваюць у беларускіх кінатэатрах. Як ён гэта робіць?»

Другі дзень — «Дзень альтэрнатывы» — прысьвечаны конкурсным паказам (11 фільмаў), да таго ж пакажуць пару поўнамэтражных фільмаў, зробленых людзьмі, не зьвязанымі зь дзяржаўнай кінавытворчасьцю.

Гэта фільм, які зрабіў Крыс Нонг — «Здымаць на паражэньне» (2012). Другі фільм — «Одолень-трава» Андрэя Мычко. Гэта лірычная камэдыя. «І сам Андрэй Мычко цікавы чалавек, — кажа Януш. — Ён прыедзе на „Бульбамуві“, і я хачу зь ім пазнаёміцца. Ён здымае сам, а яго фільмы паказваюць у беларускіх кінатэатрах. Як ён гэта робіць?»

І трэці фільм — «Ваня и Тотошка» Івана Масьлюкова. Гэта ня першая праца чалавека, які прыдумаў гарадзкую гульню «Схватка».

Адзін з арганізатараў фэстывалю Пётар Дудановіч
Адзін з арганізатараў фэстывалю Пётар Дудановіч

Прывітаньне з 1966 году і Noize MC у беларускай вёсцы

Афіша фэстывалю
Афіша фэстывалю

У апошні дзень — «Зь мінулага ў будучыню» — будуць паказваць стары беларускі фільм 1966 году «Ўсходні калідор» Валянціна Вінаградава.

«Аказваецца, калісьці былі вельмі добрыя беларускія фільмы, якія мала хто ведае. Валянцін Вінаградаў — гэта геній проста, які ў 60-я гады спрабаваў стварыць такі ўласны беларускі кінастыль, — распавядае Януш: — Толькі ў савецкія часы яму не да канца гэта ўдалося, і фільм амаль не паказвалі, а цяпер мала хто пра яго памятае. А каб стварыць нейкі сучасны беларускі кінастыль, трэба нешта браць са свайго мінулага таксама».

І скончыцца фэстываль прэм’ерным паказам фільму «Hard Reboot» Андрэя Кудзіненкі (2014). Пасьля 10 гадоў працы ў Маскве рэжысэр вяртаецца да незалежнага кіно. Прэм’ера мелася быць на фэстывалі пад Пецярбургам, але паводле новага расейскага закону аўтары мусілі «запікаць» усе мацюкі, на што Кудзіненка не пагадзіўся. Януш:

— Сам аўтар акрэсьліў жанр фільму як «кінатэрапія». Тэрапія для яго і гурту «Noize MC», які зьняўся ў фільме. На беларуска-літоўскім памежжы, у макавай непрытомнасьці, мы пабачым беларускага Курта Кабэйна...

Людзі, якія выберуць пераможцаў

Вядоўцам фэстывалю будзе Максім Жбанкоў, у журы ўвойдуць Андрэй Кудзіненка, «хросны бацька фэстывалю», а таксама кінакрытык Андрэй Расінскі і Віктар Асьлюк, дакумэнталіст.

З польскага боку — Аляксандра Ружджыньская, супрацоўніца Польскага інстытуту кінамастацтва, адказная за кінапраграму для маладых творцаў у Польшчы, і Яцэк Блавут — дакумэнталіст, легенда ў Польшчы.

Сярод фільмаў, між якіх журы выбера лепшыя, «ёсьць некалькі сапраўды добрых. Адзін з дакфільмаў браў удзел у варшаўскім кінафэстывалі, які толькі што скончыўся, — тлумачыць Януш. — Узьнік новы, сучасны Асьлюк. Узровень фільмаў расьце, і гэта вельмі цешыць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG