Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пётар Паўленскі: «Нельга сысьці зь лініі фронту»


Акцыя ў падтрымку зьняволеных удзельніц Pussy Riot, 23 ліпеня 2012, Санкт-Пецярбург
Акцыя ў падтрымку зьняволеных удзельніц Pussy Riot, 23 ліпеня 2012, Санкт-Пецярбург

Расейскі мастак, знакаміты сваімі вострапалітычнымі акцыямі, апавёў Радыё Свабода, як ён пераносіць боль і што такое карная псыхіятрыя.

20 лістапада Паўленскі голым забраўся на дах інстытуту імя Сэрбскага і вялікім нажом адрэзаў сабе мочку вуха. З даху яго здымалі чацьвёра міліцыянтаў.

Інстытут Сэрбскага, які мастак выбраў месцам сваёй акцыі, мае неадназначную рэпутацыю яшчэ з савецкіх часоў. Менавіта тут ставілі псыхіятрычныя дыягназы дысыдэнтам. Цяпер там, сярод іншых, знаходзіцца і ўкраінская лётчыца Надзея Саўчанка.

Як і пасьля іншых пэрформансаў, Пятра Паўленскага зноў адправілі на псыхіятрычную экспэртызу. І, як заўжды, прызналі здаровым.

— Як вы пачуваецеся? Былі паведамленьні, што ў вас запаленьне лёгкіх?

— Я насамрэч пачуваюся добра і пачуваўся добра. Уся гэтая гісторыя з больніцамі, псыхіятрычным аддзяленьнем і рэанімацыяй — гэта ўсё бальнічная фальсыфікацыя. Па вялікім рахунку, мне можна было заклеіць вуха плястырам. Гэта ж не кулявое раненьне, каб чалавеку ратаваць жыцьцё, трымаць у рэанімацыі ці «рабіць вязку» на псыхіятрычным аддзяленьні, ці трымаць мяне на лор-аддзяленьні пад пастаянным наглядам аховы. Гэта таксама трохі дзіўна. Ад самога пачатку я ня бачыў у сябе ніякіх праблемаў.

Пётар Паўленскі на плоце інстытуту Сербскага
Пётар Паўленскі на плоце інстытуту Сербскага

— Вось гэтая рэакцыя ўладаў на вашы дзеяньні — ці ў больніцу, ці ў паліцыю — яна прадказальная? Як да вас ставяцца: як да мастака ці як да хворага?

— Па-рознаму. Улада ператварае чалавека ў аб’ект, у функцыю. Па-чалавечы, як ні дзіўна, з усімі можна гаварыць і «ўсе ўсё разумеюць». Але калі размова ідзе пра функцыянаваньне, калі чалавек пачынае выконваць сваю функцыю, там па-іншаму стаіць пытаньне — санітары накідваюцца, мяняюць вязку, праз паўгадзіны доктар палохаецца, што гэта кепскі прэцэдэнт, а пасьля санітары мяняюцца і ўжо пачынаюць па-чалавечы са мною размаўляць.

Размова пра тое, што ў межах функцыі яны (прадстаўнікі ўлады. — РС) ставяцца так, як ім дыктуюць рабіць. Яны перастаюць быць людзьмі, становяцца рычагамі ўлады, трансьлятарамі яе волі.

— Чаму месцам акцыі быў абраны менавіта Інстытут Сэрбскага? Ці гэта мае дачыненьне да таго, што там цяпер Надзея Саўчанка?

— Я не кажу канкрэтна пра выпадак Саўчанкі. Была прывязка да інстытуту Сэрбскага. Інстытут Сэрбскага ў бальшавісцкую эпоху быў цэнтрам выкарыстаньня псыхіятрыі ў палітычных мэтах, цэнтрам карнай псыхіятрыі. Менавіта там рабілі зь людзей паталягічных элемэнтаў.

Цяпер ідзе вяртаньне да выкарыстаньня псыхіятрыі ў палітычных мэтах, агулам да таго, што было ў гэтыя семдзесят год, ад якіх спрабавалі сысьці. Але не знайшлі нічога іншага, і ў выніку адбыўся дзіўны сынтэз паміж гэтай бюракратычнай сыстэмай, жудасным клерыкалізмам і саўковай настальгіяй. Усё гэта досыць страшным чынам аб’ядналася. І цяпер мы бачым, як патрыярх уручае ордэн Зюганаву.

Гэта бачна і па тым, што адбываецца са мной. Сьледчым камітэтам авалодала апантанасьць у спробе назваць мяне вар’ятам.

Трэба ўвогуле ставіць пытаньне пра тое, што такое псыхіятрыя. Ван Гог аддзяліў сабе мочку вуха і пасьля гэтага стаў аб’ектам цкаваньня, і яго абвясьцілі вар’ятам. Гэта ў тым ліку прывяло яго да суіцыду.

Уся гісторыя псыхіятрыі — гэта гісторыя выкарыстаньня яе на карысьць таго ці іншага рэжыму

Я цяпер зрабіў тое самае, але псыхіятры мяне не абвясьцілі вар’ятам. Дык чаму аднаго чалавека абвясьцілі, а другога не абвясьцілі? Дзе ў нас увогуле псыхіятрыя?

Калі мы паглядзім на гісторыю, то, напрыклад, падчас рабаўладаньня ў Амэрыцы рабоў, якія спрабавалі ўцякаць ці псавалі вынікі сваёй працы, таксама лічылі псыхічна хворымі. Да гэтых людзей прымянялі вельмі жорсткія мэтады лячэньня з ампутацыяй канечнасьцяў. Пісалі навуковыя працы пра тое, чаму ў чарнаскурых людзей такія хваробы і чаму яны хочуць уцякаць з рабства. Уся гісторыя псыхіятрыі — гэта гісторыя выкарыстаньня яе на карысьць таго ці іншага рэжыму. І цяпер гэта безумоўна вяртаецца.

— Няўдзячная справа — задаваць мастаку пытаньне «навошта», але вашы акцыі зьвязаныя, апроч іншага, і зь вялікай рызыкай. Вас перасьледуе паліцыя, могуць прызнаць псыхічна хворым, вам пагражае крымінальны перасьлед. Урэшце, тое, што вы голым лежыце на камені, пагражае вашаму здароўю. Вам ня страшна?

— Я знаходжуся ў працэсе працы ў палітычным мастацтве. Гэта тое, чым я жыву, чым я займаюся. Гэта мая барацьба з выкарыстаньнем інструмэнтаў улады. Іх шмат — СМІ, прапаганда, ідэалёгія, псыхіятрыя, праваахоўная сыстэма, бюракратычны апарат. Калі ты абіраеш для сябе нейкі шлях, то мусіш так ці інакш прытрымлівацца пэўных пазыцыяў, інакш дзеля чаго гэта ўсё пачынаць? Ты ня можаш сысьці зь лініі фронту, калі ты на яе выйшаў.

Адказаць няпроста. Я хачу, каб адбыліся перамены ня толькі ў сфэры культуры, але ў наборы кодаў. Гэта не адбываецца настолькі хутка, як гэта робіць нейкі закон ці разьвязваньне нейкай вайны. Усё гэта нашмат больш павольна, але прэцэдэнты застаюцца.

Гэта пытаньне і адказнасьці, безумоўна.

Я раблю гэта, таму што я ўзяў на сябе адказнасьць.

Пётар Паўленскі, акцыя пратэсту ў Санкт-Пецярбургу
Пётар Паўленскі, акцыя пратэсту ў Санкт-Пецярбургу

— Вы часта выкарыстоўваеце сваё цела як мастацкі сродак, шкодзіце самі сабе. Як вы пераносіце той фізычны боль, які церпіце падчас акцыяў?

—Усе заўжды кажуць пра боль фізычны. Але пытаньне падрыхтоўкі і правядзеньня самой акцыі найбольш зьвязаныя з псыхалягічным напружаньнем. Пачынаючы ад таго, як выбудаваць кансьпірацыю, бо ідзе і вонкавае назіраньне, і праслухоўваньне. Калі сама акцыя адбываецца, то ў гэтым аб’ядноўваецца столькі фактараў, што гэтыя адчуваньні — нешта сабе пракалоць, адрэзаць сабе невялікую частку мяккай тканкі, як мочка вуха, — амаль не заўважныя.

Вось, напрыклад, апошняя акцыя. Там чатырохмэтровая сьцяна, трэба было неяк там апынуцца, пераадолець усе тэхнічныя цяжкасьці, каб акцыю ніхто не сарваў. Кал ты гэта робіш, целу не зусім да таго, каб моцна канцэнтравацца на тым, што адбываецца нейкая траўма. Да таго ж холад уплывае. Колькасьць стрэсавых фактараў не дае нейкаму аднаму зь іх стаць залішне трывожным і непрыемным.

І ўсе гэтыя непрыемныя адчуваньні пераважвае тое, што калі акцыя пачынаецца, гэта ўжо перамога над гэтай сыстэмай, якая ўся працуе, каб яе спыніць. Значыць, ты ўжо пераадолеў, ужо перамог гэтую сыстэму. І гэта надае значную ўпэўненасьць і дае сілы.

— Вашы акцыі прыцягваюць увагу, пра іх пішуць The Guardian, Huffington Post. Іх называюць скандальнымі. Як вы самі ацэньваеце, ці ёсьць ужо нейкі вынік ад іх?

У межах аднаго з апошніх працэсаў нават звольніўся сьледчы, які вёў справу

— Пакуль рана казаць. Можна было б сказаць — час пакажа. Нейкія рэчы я бачу. Я бачу нават узьдзеяньне на людзей сыстэмы. У межах аднаго з апошніх працэсаў нават звольніўся сьледчы, які вёў справу. Звольніўся з-за канфліктнай сытуацыі, бо ў прынцыпе захацеў перастаць быць функцыяй. Гэта было зьвязана з акцыяй «Свабода», з абвінавачаньнем у вандалізьме.

Гэта праца ў полі культуры, з наборам кодаў, з гэтымі рамкамі, якія праз СМІ, праз тую ж клерыкальную прапаганду ўсталёўваюцца. І чалавек заганяецца ў загон.

А твая задача — бярэш на сябе адказнасьць за працу над гэтымі рамкамі. Твая задача — іх увесь час разбураць, вызваляць ад іх чалавека.

І кожны прэцэдэнт застаецца. Ён усё адно ёсьць, і зь ім ужо нічога ня зробіш. Калі чалавек прымае нейкае рашэньне, ён абапіраецца на тое, што ён ведае. Гэта і ёсьць тыя наборы кодаў. Якія аказваюць вялікі ўплыў і на тое, як людзі разумеюць рэчаіснасьць, і на іхныя дзеяньні.

Пётар Паўленскі на Краснай плошчы Масквы, дзе працяў сабе машонку цьвіком у Дзень расейскай паліцыі
Пётар Паўленскі на Краснай плошчы Масквы, дзе працяў сабе машонку цьвіком у Дзень расейскай паліцыі

— Колькі часу, па-вашаму, зойме перамена тых культурных кодаў, супраць якіх вы выступаеце?

— Я ня ведаю. Я раблю тое, што я раблю. Магчыма, іншыя людзі будуць рабіць нешта іншае.

— Вы адзін такі? Што такое сучаснае палітычнае мастацтва ў Расеі?

— Вядома, я не адзін. Ёсьць палітычнае мастацтва. Безумоўна, гэта і акцыянізм, які зьвязаны зь вядомымі фігурамі. Можна казаць нават пра такія формы, калі людзі сябе не заяўляюць як мастакі, але ствараюць пэўныя прэцэдэнты, ставяць тыя ж пытаньні, як і палітычнае мастацтва. Той самы Анатоль Масквін, які знаходзіцца ў псыхіятрычнай больніцы турэмнага тыпу. Масквіна жорстка рэпрэсуюць, але ён не ўяўляе ніякай небясьпекі, і гэта таксама выкарыстаньне псыхіятрыі ў палітычных мэтах. Ён паставіў шмат пытаньняў і перад клерыкальнай сыстэмай, і перад сыстэмай дысцыплінарных інстытуцыяў. Масквін паставіў пад сумнеў манаполію рэлігіі, і, у прыватнасьці, праваслаўнай царквы, на сьмерць, на яе права гаварыць ад асобы памерлых. Яго проста растапталі. Гэты чалавек не заяўляў пра сябе як пра мастака, ён разумеў сябе як навукоўца, як пісьменьніка. Пра яго можна казаць як пра чалавека, які ня мае прызнанага мастацкага статусу. Але тое, што ён зрабіў, магло б быць цалкам палітычным мастацтвам. Хоць гэта нават ня быў акцыянізм.

Таму тут ня так шмат людзей. Трэба браць большыя часавыя адрэзкі ці большы інтэгральны ахоп. Калі ўзяць адно месца, адну краіну, — напэўна, ня так шмат людзей займаецца гэтым адначасова.

І да таго ж палітычнае мастацтва наўпрост залежыць ад палітычнага кантэксту, і розныя пэрыяды нараджаюць большую колькасьць прэцэдэнтаў і дзейных адзінак. Або, у іншым кантэксьце, яны некуды сыходзяць і хаваюцца пад паверхню.

— Уся гэтая сыстэма, супраць якой вы выступаеце, лічыць вас ворагам? Мастаком? Ці вар’ятам?

— Сыстэма працуе на тое, каб мяне неяк назваць. Хутчэй злачынцам ці вар’ятам. Ужо ня ведаю, як яны назавуць мяне вар’ятам, бо ўжо шмат разоў не ўдавалася. Магчыма, яны знойдуць нейкія спосабы, але хто ім паверыць?

Але барацьба за найменьне ўвесь час ідзе.

Трыццацігадовы Паўленскі — адзін з самых вядомых расейскіх акцыяністаў. У 2012 годзе Пётар зашыў сабе рот і паўтары гадзіны прастаяў каля Казанскага сабору ў Пецярбургу. Сваім мастацкім жэстам ён выказваў падтрымку Pussy Riot і пратэставаў супраць забароны мастака на выказваньне.

Праз год Паўленскі голым заматаўся ў калючы дрот, пратэстуючы супраць рэпрэсіяў у Расеі.

10 лістапада 2013 году мастак правёў на Краснай плошчы акцыю «Фіксацыя», прыбіўшы да брусчаткі сваю машонку. Акцыя была прымеркаваная да Дня паліцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG