Нават найбліжэйшы хаўрусьнік Расеі занепакоены дзеяньнямі Крамля ва Ўкраіне, адзначае Wall Street Journal.
Аляксандр Лукашэнка, аўтарытарны беларускі прэзыдэнт, які цягам многіх гадоў быў верным хаўрусьнікам Расеі, заявіў у пятніцу, што самаабвешчаныя сэпаратысцкія ўрады на ўсходзе Ўкраіны не пратрымаліся б без падтрымкі з боку Расеі, а таксама паставіў пад сумнеў анэксію Крыму Масквой.
«Скажам шчыра: без Расеі дні ДНР і ЛНР ужо даўно былі б палічаныя», — цытуе Wall Street Journal словы Лукашэнкі падчас прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх рэгіянальных журналістаў у пятніцу 17 кастрычніка.
Гэтак, Wall Street Journal апісвае пятнічную прэсавую канферэнцыю Лукашэнкі:
«Спадар Лукашэнка ў характэрнай для сябе просталінейнай манэры выступу, які цягнуўся больш за пяць гадзінаў, заявіў, што ён больш украінец, чым беларус. Ён сказаў, што не прызнае акупацыі Крыму Расеяй і рэзка зьвярнуўся да расейскіх журналістаў: „Беларусь пакуль ня ў складзе Расеі, таму вы акуратна“».
Паводле амэрыканскай газэты, Лукашэнка, які кіруе Беларуссю цягам двух дзесяцігоддзяў, старанна балянсуе падчас крызісу, у якім замяшаныя дзьве суседнія краіны.
Адначасова моцна не крытыкуючы Расею, Лукашэнка ставіць пад сумнеў законнасьць крамлёўскіх дзеяньняў і грае ролю міратворца, узычаючы пляцоўку для перамоваў пра спыненьне агню ў беларускай сталіцы — Менску.
«У нас ёсць свая пазыцыя, якая можа адрозьнівацца ад расейскай. Але мы стратэгічныя партнэры і хаўрусьнікі», — цытуе словы Лукашэнкі амэрыканскі штодзёньнік з спасылкаю на БЕЛТА.
Апроч таго, Wall Street Journal піша, што кіраўнік Беларусі паставіў пад сумнеў сьцьвярджэньні расейскіх прапагандысцкіх каналаў, якія прадстаўляюць украінскае войска як «фашыстаў». Газэта цытуе словы Лукашэнкі, які назваў украінцаў на ўсходзе і захадзе «нашымі людзьмі».
«Называны на Захадзе „апошнім дыктатарам Эўропы“ праз рэпрэсіі, якія ён прымяняе ва ўласнай краіне, спадар Лукашэнка цягам многіх гадоў атрымлівае жыцьцёва важныя фінансавыя субсыдыі ад Расеі ў абмен на сваю ляяльнасьць. Адначасова Лукашэнка фліртуе з Эўразьвязам, які ня раз абяцаў фінансавыя выгады ў абмен на паслабленьне хваткі», — піша Wall Street Journal.
Амэрыканская газэта зьвяртае таксама ўвагу, што рэйтынг Лукашэнкі ў апошнія месяцы вырас, нягледзячы на высокі ўзровень інфляцыі і дэвальвацыю нацыянальнай валюты, а беларусы глядзяць на яго як на абаронцу, які прадухіліць краіну ад беспарадкаў, якія яны бачылі ва Ўкраіне.