Сьвятлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у акцыі салідарнасьці ў Вільні, прысьвечанай ушанаваньню памяці Рамана Бандарэнкі і ўсіх людзей, якіх закатаваў рэжым Лукашэнкі.
Ціханоўская выступіла з прамовай, падчас якой нагадала пра ахвяраў рэжыму і падзякавала ўсім беларусам, якія працягваюць змагацца:
«„Я выходжу“, — такімі былі апошнія словы Рамана Бандарэнкі. Ён выйшаў, каб абараніць нашыя сымбалі. Каб спыніць гвалт дыктатуры. Каб мы з вамі маглі жыць у свабоднай краіне.
Раману быў толькі 31 год. Ён ахвяраваў сваё маладое жыцьцё для нас з вамі. Ён стаў беларускім героем — як і многія іншыя беларусы. Іх ахвяры былі недарэмныя.
Пакуль гвалт дыктатуры ня спынены, мы з вамі будзем працягваць выходзіць!»
Яна падзякавала ўсім удзельнікам, у тым ліку арганізацыі «Дапамога», якая ладзіць гэтыя акцыі штонядзелю.
«Пакуль у сьвеце ёсьць неабыякавыя беларусы, барацьба працягваецца», — дадала Ціханоўская.
Акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі і пацярпелымі ад гвалту рэжыму Лукашэнкі праводзяцца ў Вільні штонядзелі на плошчы Кудзіркі апоўдні.
12 лістапада 2020 году памёр Раман Бандарэнка. Маладога чалавека напярэдадні выкралі на «плошчы Перамен» і пабілі невядомыя людзі, якія зразалі там бел-чырвона-белыя стужкі. У шпіталь Рамана завезьлі з РУУС Цэнтральнага раёну Менску з ацёкам галаўнога мозгу і шматлікімі траўмамі. Назаўтра ён памёр.
Да гэтай даты прымеркаваны Міжнародны дзень салідарнасьці зь Беларусьсю. Сьвятлана Ціханоўская заклікала ў гэты дзень публікаваць заявы, ладзіць імпрэзы салідарнасьці, дзяліцца навінамі зь Беларусі ў сацсетках, ахвяраваць грошы ў фонды падтрымкі палітвязьняў, а таксама палку Каліноўскага.
Хто менавіта забіў Рамана Бандарэнку, невядома. Аднак сярод прысутных падчас нападу 12 лістапада 2020 году на запісах з камэраў назіраньня пазналі экс-кіраўніка Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава, неаднаразовага чэмпіёна сьвету ў тайскім боксе і кікбоксінгу Дзьмітрыя Шакуту і прэс-сакратарку Лукашэнкі Натальлю Эйсмант.
Форум