Былы палітвязень і міністар зьнешнеэканамічных сувязяў Беларусі памёр на 75-м годзе жыцьця.
Пра гэта Свабодзе паведаміo сын Ігар.
Міхаіл Марыніч працаваў старшынёй Менскага гарвыканкаму, паслом Беларусі ў Чэхіі, Славаччыне і Вугоршчыне, міністрам зьнешніх эканамічных сувязяў, амбасадарам у Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня.
Марыніч прэтэндаваў на ўдзел у выбарах прэзыдэнта Беларусі 2001 году, зарэгістраваў ініцыятыўную групу, аднак ня змог сабраць 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты.
У 2004 годзе Марыніч быў арыштаваны КДБ, а пазьней засуджаны да пяці гадоў пазбаўленьня волі за нібыта крадзеж аргтэхнікі ў амбасады ЗША.
У 2006 годзе міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала Марыніча вязнем сумленьня.
У кастрычніку 2010 года Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што ў дачыненьні да Міхаіла Марыніча ўжываліся катаваньні, а крымінальная справа ў дачыненьні да яго была палітычнай расправай.
Ігар Марыніч паведаміў Свабодзе, што пакуль няма рашэньня, дзе і калі адбудзецца пахаваньне.
Антончык: «Ён не любіў «чего изволите?»
Сяргей Антончык — экс-дэпутат Менскага гарсавету і Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня:
«Міхаіл Марыніч быў вельмі прыстойны чалавек. Ён належаў да той часткі намэнклятуры, якая была прафэсійна падрыхтаваная. І якая была гатовая да перабудовы нават палітычнага жыцьця.
Я магу адказна сказаць: ён сапраўды быў прыстойным чалавекам. Я падтрымліваў зь ім пэўныя стасункі. У яго былі цікавыя палітычныя погляды. Ён не любіў таталітарызм, ён не любіў дыктатуру, ён не любіў „чего изволите?“.
Ён быў прафэсійны будаўнік. Будаваў мэтро, іншыя аб’екты. Нехта ж павінен такое рабіць пры любой уладзе.
Шкада, што такі чалавек памёр».
Чыгір: «Больш бы такіх людзей!»
Былы кіраўнік ураду Міхаіл Чыгір:
«Пра нябожчыкаў звычайна прынята казаць толькі добрае. А вось Міхаіл Марыніч быў адзін з тых людзей, пра якога я заўжды думаў з павагай і гаварыў толькі добрае і пры ягоным жыцьці. Ён такога заслугоўваў.
Марыніч працаваў у сталічным гарвыканкаме, у міністэрстве, быў амбасадарам. І на любой працы ён меў свой погляд на рэчы, на жыцьцё. І не баяўся ня толькі яго агучыць, але і адстойваць. Таму ў нашай краіне яго і недалюблівалі некаторыя.
Больш бы такіх людзей!»
Ганчарык: «Улада яго не разумела»
Уладзімер Ганчарык, былы кіраўнік беларускіх прафсаюзаў і кандыдат ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах у 2001 годзе:
«Гэта быў сьветлы чалавек. Прафэсіянал. Ён шмат зрабіў для разьвіцьця Менску, калі працаваў у гарвыканкаме. І для краіны ў цэлым — на далейшых пасадах.
Ён разумеў, што адбываецца ў краіне. А тое, што зь ім адбылося, было несправядлівым. Улада не разумела чалавека, які набраўся мужнасьці і адкрыта выказаў сваю думку. І падтрымліваў яе сваімі дзеяньнямі.
Вялікі жаль, што ён больш не жыве».