Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяздомнаму мастаку з Гомеля няма дзе паглядзець фільм пра сябе


Бяздомны мастак з Гомеля Валер Ляшкевіч
Бяздомны мастак з Гомеля Валер Ляшкевіч

Незвычайны посьпех атрымаў беларуска-швэдзкі фільм пра бяздомнага мастака з Гомеля. Але на лёс мастака гэта не паўплывала.

65-хвілінная дакумэнтальная стужка «Перакрыжаваньне» беларускай рэжысэркі Настасьсі Мірашнічэнкі апавядае пра бяздомнага мастака Валера Ляшкевіча, які дваццаць гадоў жыве на чыгуначным вакзале ў Гомелі і малюе свае карціны на вуліцах. Фільм паказвае яго як таленавітага мастака і філёзафа, які мае шмат што распавесьці аб праўдзе жыцьця.

На 25-м адкрытым фэстывалі дакумэнтальнага кіно «Расія» фільм атрымаў адразу тры ўзнагароды: «Найлепшы фільм пра чалавека-стваральніка», «Найлепшы дэбют» і «Прыз сымпатый гледачоў».

Фільм пра бяздомнага мастака Валера Ляшкевіча трапіў таксама ў праграму Варшаўскага кінафэстывалю , які праходзіць 10–19 кастрычніка.

Сам бяздомны мастак Валер Ляшкевіч досыць спакойна і нават пэсымістычна адрэагаваў на посьпех дакумэнтальнага фільму пра яго.

Ён па-ранейшаму захоўвае свае карціны, рэпрадукцыі, эскізы ў камэрах захоўваньня чыгуначнага вакзалу, а сам жыве, па-сутнасьці, на вуліцы. Начуе на лаўках у дварах, у пад’ездах і падвалах шматпавярховікаў альбо проста сядзіць ноч на вакзале ў залі чаканьня.

«Мне ўжо паведамілі, што фільм атрымаў тры прызы, і прызы вельмі шаноўныя. Яны сьведчаць пра тое, што справу сваю рэжысэр зрабіла надзвычай высока. А што датычыць мяне, то пакуль няма ўмоваў для паляпшэньня маёй працы. Мяне нічога ня радуе, бо жыцьцё заканчваецца, а я на вуліцы накіды карцінаў раблю, хоць і зьмест у іх укладваю. І бывае, што нават больш зьместу, чым у трохмэтровых палотнах некаторых мастакоў».

Валер Ляшкевіч сказаў Радыё Свабода: ён добра разумее, што жыльлёвыя праблемы вырашаюцца ня проста. Але ён і не патрабуе нейкае памяшканьне ва ўласнасьць. Яму б хоць невялічкая майстэрня для працы — да таго часу, пакуль ён здатны працаваць:

«Сёньняшнія ўлады маюць шмат праблем, і адна з галоўных — менавіта жылплошча. Яна дорага каштуе. А што да культуры і мастацтва, то яны тут ня вельмі рупяцца, асабліва гомельскія ўлады. Адносіны былі ў мяне складаныя зь імі, нягледзячы на тое, што ўсе газэты напісалі пра мяне. І па тэлебачаньні паказвалі. Але я так і не пайшоў абіваць парогі да іх. Адносіны да мяне, безумоўна, сталі мякчэйшымі і больш ўважлівымі. Яны дапускаюць, што я таленавіты. Але яны не дапускаюць разглядаць гэтае пытаньне ў такім рэчышчы, каб ад вобласьці нешта адарваць і мне даць. Я ад іх такога не пачуў. Я яшчэ раз нагадаю, што я не хадзіў і парогі не абіваў.

Я раней абіваў. Дык на мяне надзелі кайданкі, пасадзілі за краты, а потым вывезьлі ў Расею — дэпартавалі.

Думаю так: яны ведаюць маю праблему. Кожны дзень людзям крычу на вуліцы у спадзеве: можа, падыдуць і прапануюць: „Валер, будзеш працаваць, дамо табе памяшканьне. Ва ўласнасьць табе ня можам аддаць, а толькі на час працы. Пакуль ты здольны працаваць, дамо“. Гэта разумна было б, але яны гэтага ня робяць».

Мастак кажа, што страціў ужо надзею займець у Гомелі свой кут:

«Я ўжо перастаў спадзявацца, і нават на іх не абураюся. Што толку, што я буду на іх абурацца? Трэба апошнюю энэргію затраціць на тое, каб яшчэ некалькі кампазыцый скласьці пра складанасьці часу, пра адносіны чалавечыя і міждзяржаўныя».

Працы Валерыя Ляшкевіча захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі, Гомельскага палацава-паркавага ансамблю, Заслаўскага гісторыка-культурнага музэю-запаведніку, а таксама ў прыватных калекцыях у Беларусі, Расеі, краінах Эўропы і ЗША.

Выставы карцін Валерыя Ляшкевіча прайшлі ў Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску і Гомельскім палацы Румянцавых-Паскевічаў.

Здымачная група фільма «Перакрыжаваньне», якая за ўласныя сродкі стварыла стужку, зьбірае грошы на пакупку жыльля для мастака. Адкрыты дабрачынны рахунак у банку:

Ляшкевіч Валерый Віктаравіч, дамова № 884392, рэгіянальная дырэкцыя № 300 ААТ «БПС-Сбербанк», Гомель, Сялянская 29а, код банка 369.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG