Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак у камэры захоўваньня


Гомельскі мастак Валер Ляшкевіч ужо два дзесяцігодзьдзі ня мае ня толькі ўласнай майстэрні, але й даху над галавой.

Радыё Свабода падрабязна апавядала пра тое, як 15 студзеня ён адкрываў пэрсанальную выставу ў арт-кавярні Нацыянальнага мастацкага музэю Беларусі. Гэта, аднак, ніяк не паўплывала на звыклае жыцьцё Ляшкевіча — ён вярнуўся ў Гомель і, як і раней, туляецца то на чыгуначным вакзале, то на лесьвічных пляцоўках у гарадзкіх шматпавярховіках.

Мастака Ляшкевіча ўдалося засьпець на чыгуначным вакзале, ля аўтаматычных камэраў захоўваньня. Валер «арандуе» тут пару ячэек — захоўвае ў іх мастацкія прылады, аркушы, рэпрадукцыі і нават сёе-тое з сухіх прадуктаў хуткага прыгатаваньня. У закутку стаіць і невялічкі столік — працоўнае месца мастака.

Валер кажа, што пасьля выставы ў Менску адразу паехаў у Санкт-Пецярбург, дзе раней доўга рабіў на Балтыйскім заводзе, а таксама дворнічаў у Дзяржаўным акадэмічным інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна:

«Атрымаў пэнсію, растраціў яе на білеты туды й назад і зноў вярнуўся, каб дачакацца канца выставы і што-небудзь парабіць у Гомелі. У Санкт-Пецярбургу мне цяжэй на вуліцы. І на вакзале не дазваляюць. А тут усё ж радзіма. Хоць неяк, але людзі ўсё ж падтрымліваюць. І ўлады ня так жорстка ставяцца да маёй працы. Іншая справа, што яны не зьбіраюцца дапамагчы мне, каб я стварыў вялікія палотны».
Мастак у камэры захоўваньня
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:56 0:00
Наўпроставы лінк

Нарадзіўся Валер Ляшкевіч 7 студзеня 1950 году ў вёсцы Чкалава Гомельскага раёну. У тутэйшым саўгасе ён пачынаў і працоўнае жыцьцё. Загадваў вясковым клюбам. Адсюль пайшоў у войска, а вярнуўшыся — уладкаваўся на электравакуўмны завод.

Неўзабаве лёс закінуў яго ажно ў Яраслаўль — паступіў у тамтэйшую вучэльню, каб стаць афарміцелем нагляднай агітацыі. Вучобу давялося кінуць, бо гэта было ня тое, чаго хацелася. Некаторы час працаваў там жа, у Яраслаўлі, на лякафарбавым заводзе. А пасьля пераехаў у Бранск, дзе стаў вучыцца ў мастацкай вучэльні на аддзяленьні станковага жывапісу — адзінай на той час сярэдняй прафэсійнай вучэльні з падобнай спэцыялізацыяй ва ўсім Саюзе.

Адвучыўшыся чатыры гады, Валер атрымаў запаветны дыплём — мог цяпер выкладаць маляваньне хоць у школе, хоць у якой іншай вучэльні. Але няўрымсьлівая душа рвалася ў вялікае мастацтва — і Ляшкевіч падаўся ў Санкт-Пецярбург (тады Ленінград), у тамтэйшую Акадэмію мастацтваў — Дзяржаўны акадэмічны інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна.

З ходу адолець прыступкі акадэміі не ўдалося, як, зрэшты, і васьмі іншым аднагрупнікам. Усе яны ўрэшце ўладкаваліся ў вечаровыя клясы пры акадэміі. Трое пазьней сталі нават выкладчыкамі ў сваёй жа альма-матэр. Ляшкевічу было горай за ўсіх. Паводле ўзросту ён ужо ня мог паступаць на вочнае аддзяленьне. Таму пайшоў спачатку на Балтыйскі завод, а пасьля — уладкаваўся дворнікам у інстытуце жывапісу. Але гэта ўсё-ткі была праца для фізычнага існаваньня. Духоўная — яна на Неўскім праспэкце, дзе мастакі наперабой малявалі і мінакоў, і навакольныя краявіды.

У дворніка Ляшкевіча пры акадэміі быў у паўпадвале свой пакойчык і майстэрня, дзе ён напісаў дзясяткі карцін. Ягоныя здольнасьці заўважыў мастацтвазнавец, крытык і галерыст, цяперашні дырэктар гісторыка-культурнага музэю «Заслаўе» Мікола Паграноўскі. У 1992 годзе, будучы ў Санкт-Пецярбургу, Паграноўскі пазнаёміўся з Валерам Ляшкевічам, а пазьней у часопісе «Мастацтва» надрукаваў вялікі артыкул пра незвычайную творчасьць гомельскага мастака.

Згадка на радзіме ці што іншае падштурхнула Ляшкевіча, але акурат у тыя гады Валер і вярнуўся ў Гомель. Бацькоўскую хату ў Чкалаве шматдзетны брат-інвалід да таго часу перабудаваў, і Валер ня стаў замінаць ягонай сям’і. Жыў, дзе выпадзе. Узімку — на тым жа вакзале, улетку — у любым ціхім дворыку. Здабыў сабе славу гэткага гарадзкога багемнага дзівака.

Яго часьцяком бачылі, асабліва ў цёплую пару году, з выстаўленымі акварэльнымі малюнкамі ў цэнтры гораду — ля старога ўнівэрмагу, на Кіеўскім спуску, у некаторых іншых людным месцах.

Валер уголас расказваў мінакам, прычым пераважна па-беларуску, пра свае карціны, пра задумы. Іншым разам прасіў міласьціны. І маляваў.

Управа культуры аблвыканкаму, калі была яшчэ асобнай ад управы ідэалёгіі, дапамагла з выставаю. Некаторыя карціны Ляшкевіча набылі краязнаўчы музэй Гомеля, а таксама мастацкія галерэі Акцябрскага і Сьветлагорску.

Аднак у побыце самога мастака нічога не зьмянілася. Ён дагэтуль застаецца гарадзкім бадзягам. Мае расейскі пашпарт і расейскую пэнсію паводле ўзросту, якая крыху перавышае 5 тысяч рублёў.

Ляшкевіч: «Рэгістравацца па беларускіх законах мне дазволена адзін раз на год — на два месяцы. Гэта я вычарпаў. А каб атрымаць від на жыхарства, трэба мець адрас, дзе мяне прытуляць. Трэба заключыць дамову і прадставіць шмат іншых дакумэнтаў — недзе каля двух дзясяткаў сабраць. А паколькі мне няма дзе жыць — я сёньня тут, заўтра там, — то іх няма куды й прыслаць. І цяжка сабраць. Таму я палічыў за лепшае выкарыстаць іншыя законныя ўмовы — прыежджаму можна 30 дзён жыць у Беларусі без рэгістрацыі. А пасьля трыццаці дзён — гэта ўжо парушэньне закону. Дык мне й даводзіцца амаль усю пэнсію аддаваць на білет у Пецярбург і назад, каб мяне ізноў не арыштавалі і не дэпартавалі».

Ва ўправе ідэалёгіі, культуры і спраў моладзі гарвыканкаму, што называецца, краем вуха чулі пра мастака Ляшкевіча. Сёй-той нават бачыў яго на вуліцы. Але лёсам яго апошнім часам не займаліся — рабілі гэта раней супрацоўнікі гарадзкога аддзелу культуры.

Супрацоўніца ўправы: «Яму неаднаразова прапаноўвалася дапамога з боку органаў дзяржаўнай улады. І нашая ўправа працы, занятасьці і сацыяльнай абароны зь ім сустракалася. Але пакуль яны ня могуць знайсьці агульную мову. Відаць, усё-ткі ён адмаўляецца ад прапанаванай дапамогі. Ад тых варыянтаў, якія ў дадзенай сытуацыі могуць быць для яго прымальныя, улічваючы, што ён — не грамадзянін Рэспублікі Беларусь».
Валеры Ляшкевіч на Кіеўскім спуску ў Гомелі
Валеры Ляшкевіч на Кіеўскім спуску ў Гомелі

Сам Валер Ляшкевіч кажа, што пасьля трох лістоў у адміністрацыю прэзыдэнта яму гарадзкія ўлады ў сярэдзіне дзьвюхтысячных гадоў прапаноўвалі ложак у агульным пакоі інтэрнату для сацыяльнай адаптацыі былых асуджаных крымінальнікаў. Раілі таксама зьвяртацца ў прытулак сясьцёр ордэна Маці Тэрэзы пры каталіцкім касьцёле.

Ляшкевіч: «Гэта было некалькі гадоў таму. Я тройчы пісьмова зьвяртаўся ў прыёмную Лукашэнкі. Прыёмная перасылала звароты ў Гомель з рэзалюцыяй „разгледзець“. І ня толькі ў гарвыканкам, але і ў аблвыканкам — тады старшынём быў Якабсон. А ў гарвыканкаме старшыняваў Бяляеў. Яны гэтыя варыянты й прапаноўвалі. Але гэта — сьмерць мастаку! Я на гэтых бабулек-трасулек пагляджу — і сам затрасуся. Так, як і з крымінальнікамі — тыя ўжо без наркотыкаў ня могуць. А мне карціны трэба ствараць».

Мастак лічыць, што больш-менш прыдатны для яго варыянт — гэта маласямейка. Але грошай на яе ў Валера няма. Ніякі мільянэр за ягоныя аркушы столькі не заплаціць:

«Я распрацоўваю тэмы хоць і агульначалавечыя, але ўсё ж такі болей дзяржаўнага гучаньня. І асобныя мільянэры ня вельмі зацікаўленыя купіць у мяне за такую суму аркушы, хоць вельмі шмат іх у мяне куплена. Але ж куплены за такія грошы, што мне хапае толькі во тут за камэры захоўваньня заплаціць, дзе я на ноч хаваю свае малюнкі, фарбы, вопратку, ды на побытавыя паслугі, якія неабходна ўсё ж рабіць — гэта і тралейбус, і харчы, і лазьня. Тут і без таго калі-нікалі даводзіцца са скрыначкай сядзець і, як музыкантам у Бэрліне, прасіць капейчыну».

А яшчэ мастак кажа, што яму ледзь ня кожны дзень даводзіцца змагацца з рознымі перашкодамі, каб выкраіць час для занятку ўлюбёнай справай:

«Дзень мой праходзіць у працы, а калі ня ў працы, то ў мары пра яе. Але перашкоды не заўсёды даюць мне працаваць. Неспакойна заўсёды. Турбота вялікая ад таго, што ў мяне варыкоз венаў на назе. Мне даводзіцца седзячы спаць, а седзячы нельга, бо патрэбны раўнамерны кровазварот. А я на вакзале ў залі чаканьня ў крэсьле седзячы сплю. Дый праз рэпрадуктар аб’явы. І пасажыры ходзяць. Усё гэта — перашкоды. Практычна я не высыпаюся. Днём магу ў тралейбусе стоячы задрамаць. Ці вось тут ля камэраў захоўваньня, прысланіўшыся да сьцяны, задрамаць — ад таго, што хранічна не высыпаюся. Але я магу, перахрысьціўшыся перад Богам, сказаць, што прачынаюся з адной думкаю: над чым я ўчора працаваў, што атрымалася, а што — не. І што я павінен сёньня зрабіць».

Валер Ляшкевіч апавёў, што працуе цяпер над замовай — малюнкам пра супрацьстаяньне белага й чырвонага Дон-Кіхотаў, за якімі бачыцца раскол нацый. Стварае паралельна аркуш пра пагрозьлівую дэмаграфічную сытуацыю ў Расеі. І вельмі хацеў бы ўславіць у сваіх малюнках беларускага працаўніка. Узвысіць ягоны вобраз як працалюбца на такую вышыню, на якую праца й асабістая творчая ініцыятыва чалавека пастаўлены ў Злучаных Штатах Амэрыкі: гэтай тэме мастак прысьвяціў адну са сваіх карцінаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG